1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Прамоў да Аарона і скажы яму: “Калі будзеш запальваць лямпы, на пярэднім баку сьвечніка павінны гарэць сем лямпаў”».
3 Аарон зрабіў гэтак і на пярэднім баку сьвечніка запаліў лямпы, як загадаў ГОСПАД Майсею.
4 Такі вось быў выраб сьвечніка: куты ён быў з золата, ад падставы аж да кветак быў куты паводле ўзору, які паказаў ГОСПАД Майсею, і так ён зрабіў сьвечнік.
5 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
6 «Вазьмі лявітаў спаміж сыноў Ізраіля і ачысьці іх.
7 Ачысьці іх так: пакрапі іх вадой ахвяры за грэх, і няхай паголяць яны ўсё цела сваё, і няхай вымыюць адзеньне сваё, і будуць чыстымі.
8 І возьмуць цяля са статку і ахвяру хлебную з мукі, запраўленай алеем, а другое цяля са статку ты возьмеш у ахвяру за грэх.
9 І прывядзеш лявітаў перад Намёт Спатканьня, і зьбярэш ўсю грамаду сыноў Ізраіля.
10 І прывядзеш лявітаў перад аблічча ГОСПАДА, і сыны Ізраіля пакладуць на лявітаў рукі свае.
11 І Аарон як патрэсванае перад абліччам ГОСПАДА ахвяруе лявітаў ад сыноў Ізраіля, і будуць яны служыць ГОСПАДУ.
12 А лявіты ўскладуць рукі свае на галовы цялят, і ты аднаго з іх складзеш у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня для ГОСПАДА, каб перапрасіць за лявітаў.
13 І паставіш лявітаў перад абліччам Аарона і сыноў ягоных, і ахвяруеш іх як патрасанае ГОСПАДУ.
14 І аддзеліш лявітаў спаміж сыноў Ізраіля, і лявіты будуць Маімі.
15 А потым няхай прыходзяць лявіты, каб служыць у Намёце Спатканьня, і ты ачысьціш іх, і ахвяруеш іх як ахвяру патрэсваньня.
16 Бо яны Мне аддадзены спасярод сыноў Ізраіля. Узяў Я іх у сыноў Ізраіля замест усіх першародных, якія адкрываюць улоньне.
17 Бо Мае ўсе першародныя з сыноў Ізраіля, як з людзей, так і з жывёлы. Ад таго дня, у які Я выгубіў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, Я іх пасьвяціў для Сябе.
18 І ўзяў Я лявітаў замест усіх першародных спаміж сыноў Ізраіля.
19 І Я даю лявітаў Аарону і сынам ягоным спаміж сыноў Ізраіля, каб яны служылі Мне за сыноў Ізраіля ў Намёце Спатканьня, каб перамольваць ГОСПАДА за сыноў Ізраіля, і ня будзе кары на сыноў Ізраіля, калі наблізяцца сыны Ізраіля да Сялібы».
20 Дык Майсей і Аарон і ўся грамада сыноў Ізраіля зрабілі з лявітамі гэтак; усё, што загадаў ГОСПАД Майсею адносна лявітаў, так і зрабілі з імі сыны Ізраіля.
21 І ачысьціліся лявіты, і памылі адзеньне сваё, а Аарон, патрэсваючы, ахвяраваў іх ГОСПАДУ і перамольваў за іх Аарон, каб былі ачышчаныя.
22 Пасьля ўвайшлі лявіты, каб спаўняць службу сваю ў Намёце Спатканьня перад абліччам Аарона і сыноў ягоных. Як загадаў ГОСПАД Майсею адносна лявітаў, так і зрабілі з імі.
23 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
24 «Гэта [закон] адносна лявітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй няхай прыходзяць яны і служаць у Намёце Спатканьня;
25 а калі будуць мець пяцьдзясят гадоў, няхай не спаўняюць службы і больш не працуюць,
26 а будуць дапамагаць братам сваім у Намёце Спатканьня ў спаўненьні службы, і служэньня ня будуць выконваць. Так зробіш з лявітамі адносна службы іхняй».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 8 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.