1 Калі Майсей пабудаваў скінію, і ўзняў яе, і памазаў яе, і асвяціў яе з усімі яе прыналежнасцямі, таксама ахвярнік і ўсе яго прыналежнасці,
2 тады князі Ізраэля і галовы родаў, якія былі пастаўлены на чале кожнага пакалення, якія былі пералічаны,
3 прынеслі дары перад аблічча Госпада: шэсць крытых вазоў і дванаццаць валоў. Прынеслі па адным возе ад двух кіраўнікоў і па адным воле ад кожнага; і паставілі гэта перад скініяй.
4 І сказаў Госпад Майсею:
5 «Вазьмі гэта ад іх, каб яны спраўлялі службу ў палатцы сустрэчы, і перадай гэта левітам адпаведна парадку іх паслугі».
6 Дык узяў Майсей вазы і валоў і аддаў іх левітам.
7 Адпаведна іх патрэбам сынам Гэрсона даў два вазы і чатыры валы.
8 Восем валоў і чатыры другія вазы даў сынам Мэрары, адпаведна іх абавязкам пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара.
9 А сынам Кагата не даў валоў і вазоў, бо яны служылі ў свяцілішчы і насілі грузы на сваіх плячах.
10 Такім чынам на пасвячэнне ахвярніка ў дзень намашчэння прынеслі кіраўнікі сваю ахвяру перад ахвярнікам.
11 І сказаў Госпад Майсею: «Хай кіраўнікі па адным штодзень прыносяць свае дары на пасвячэнне ахвярніка».
12 У першы дзень прынёс сваю ахвяру Наасон, сын Амінадаба, з пакалення Юды.
13 І ў ёй былі срэбраная міса ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраная чара ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўнены былі пшанічнаю мукой, запраўленай алеем, на ахвяру з ежы,
14 залатая чара ў дзесяць сікляў золата, напоўненая кадзілам,
15 адзін бычок ад статка, баран і гадавалае ягня ў ахвяру цэласпалення,
16 і казёл у ахвяру за грэх;
17 і ў ахвяру прымірэння два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят: гэта — ахвяра Наасона, сына Амінадаба.
18 У другі дзень прынёс Натанаэль, сын Суара, князь з пакалення Ісахара,
19 місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
20 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам;
21 аднаго бычка ад статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення,
22 і казла ў ахвяру за грэх;
23 і ў ахвяру прымірэння двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят: гэта была ахвяра Натанаэля, сына Суара.
24 У трэці дзень князь сыноў Забулона, Эліяб, сын Гэлона,
25 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, чару срэбраную ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
26 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам,
27 бычка ад статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення
28 і казла ў ахвяру за грэх;
29 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта — ахвяра Эліяба, сына Гэлона.
30 У чацвёрты дзень князь сыноў Рубэна, Элісур, сын Сэдэура,
31 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
32 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам,
33 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення,
34 і казла ў ахвяру за грэх;
35 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Элісура, сына Сэдэура.
36 У пяты дзень князь сыноў Сімяона Саламіэль, сын Сурысадая,
37 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
38 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам,
39 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення,
40 і казла ў ахвяру за грэх;
41 двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Саламіэля, сына Сурысадая.
42 У шосты дзень князь сыноў Гада Эліясаф, сын Дэуэля,
43 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
44 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам,
45 і аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення,
46 і казла ў ахвяру за грэх;
47 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Эліясафа, сына Дэуэля.
48 У сёмы дзень князь сыноў Эфраіма Элісама, сын Аміюда,
49 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
50 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам,
51 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення,
52 і казла ў ахвяру за грэх;
53 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Элісамы, сына Аміюда.
54 У восьмы дзень князь сыноў Манасы Гамаліэль, сын Падасура,
55 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
56 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам,
57 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення,
58 і казла ў ахвяру за грэх;
59 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Гамаліэля, сына Падасура.
60 У дзевяты дзень князь сыноў Бэньяміна, Абідан, сын Гедэона,
61 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
62 і залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам,
63 і аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення,
64 і казла ў ахвяру за грэх;
65 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Абідана, сына Гедэона.
66 У дзесяты дзень князь сыноў Дана Ахіязэр, сын Амісадая,
67 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
68 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам,
69 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення,
70 і казла ў ахвяру за грэх;
71 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Ахіязэра, сына Амісадая.
72 У адзінаццаты дзень князь сыноў Асэра Пэгіэль, сын Акрана,
73 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
74 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам,
75 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення,
76 і казла ў ахвяру за грэх;
77 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Пэгіэля, сына Акрана.
78 У дванаццаты дзень князь сыноў Нэфталі Ахіра, сын Энана,
79 прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы,
80 залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам,
81 аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення,
82 і казла ў ахвяру за грэх;
83 і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Ахіра, сына Энана;
84 а было прынесена ад князёў Ізраэля на пасвячэнне ахвярніка, у дзень яго намашчэння: дванаццаць срэбраных міс, дванаццаць срэбраных чар, дванаццаць залатых чар,
85 так што кожная міса важыла сто трыццаць сікляў срэбра, а кожная чара — семдзясят, гэта значыць увогуле ўсіх пасудзінаў са срэбра было дзве тысячы чатырыста па вазе святыні;
86 чар залатых, напоўненых кадзілам, было дванаццаць; кожная чара важыла дзесяць сікляў, па вазе святыні, гэта значыць было ўсяго сто дваццаць сікляў золата;
87 усіх бычкоў са статка для цэласпалення было дванаццаць, дванаццаць бараноў, дванаццаць аднагадовых ягнят і ўзліванняў да іх і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх.
88 Усіх валоў у ахвяру прымірэння было дваццаць чатыры, шэсцьдзесят бараноў, шэсцьдзесят казлоў і шэсцьдзесят аднагадовых ягнят: яны былі прынесены на пасвячэнне ахвярніка, калі ён быў намашчоны.
89 І калі Майсей уваходзіў у палатку сустрэчы, каб гаварыць з Госпадам, чуў ён голас, што гаварыў з ім з па-над перамольні, што была над каўчэгам сведчання паміж двума херубінамі, адтуль казаў Ён яму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.