Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Хронікаў 21 1-я Хронікаў 21 раздзел

1 Ды паўстаў шатан супраць Ізраэля і заахвоціў Давіда палічыць Ізраэль.
2 І загадаў Давід Ёабу і князям народа: «Ідзіце і палічыце Ізраэль ад Бээр-Сэбы аж па Дан ды прадстаўце мне лік, каб я ведаў».
3 І Ёаб адказаў: «Хай павялічыць Госпад народ свой у сто разоў, чым цяпер. Ці ж, гаспадару мой, цар, не ўсе паслугачы твае? Чаму гаспадар мой дамагаецца таго, што будзе прызнана як грэх для Ізраэля?»
4 Але загад цара больш значыў; дык пайшоў Ёаб, і абышоў увесь Ізраэль, ды вярнуўся ў Ерузалім.
5 Затым падаў Давіду лічбу перапісанага насельніцтва, і ўвесь Ізраэль налічыў мільён і сто тысяч мужчын, што могуць трымаць меч; а ў Юдзе — чатырыста семдзесят тысяч мужчын ваяроў;
6 бо пакалення Леві і Бэньяміна Ёаб не палічыў разам з імі, таму што загад цара ён выконваў пад прымусам.
7 Не падабаўся Богу гэты загад, і Ён пакараў Ізраэль.
8 І прызнаўся Давід Богу: «Надта я зграшыў тым, што я зрабіў; малю, адпусці правіннасць паслугача Свайго, бо надта неразумна паступіў».
9 І загадаў Госпад Гаду Празарліўцу сказаць Давіду:
10 «Ідзі і скажы Давіду вось што: “Гэта кажа Госпад: “Тры пакаранні Я кладу табе; выберы адно, што пажадаеш, каб гэта Я зрабіў табе”».
11 І калі Гад прыбыў да Давіда, сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Выберы, што хочаш:
12 або тры гады голаду, або тры месяцы будзеш бегчы ты ад непрыяцеляў тваіх і не зможаш выратавацца ад меча іх, або тры дні меч Госпадаў і пошасць будзе панаваць на зямлі ды анёл Госпадаў будзе забіваць ва ўсіх граніцах Ізраэля. Дык цяпер глядзі, што маю адказаць Таму, Хто паслаў мяне”».
13 Ды сказаў Давід Гаду: «Адусюль сціскаюць мяне беды, але лепш мне трапіць у рукі Госпада, бо Ён вельмі міласэрны, чым трапіць у рукі людзей».
14 Дык паслаў Госпад пошасць на Ізраэль, і пала ў Ізраэлі семдзесят тысяч людзей.
15 Паслаў таксама Бог анёла ў Ерузалім, каб знішчыць яго. І калі ён нішчыў, глянуў Госпад і злітаваўся дзеля вялікага няшчасця, ды загадаў анёлу нішчыцелю: «Хопіць, спыні ўжо руку сваю». Затым анёл Госпадаў стаў каля току Арнана Евусея.
16 І Давід, падняўшы вочы свае, убачыў анёла Госпадава, які стаяў між зямлёй і небам, і ў руцэ яго быў меч, выцягнуты над Ерузалімам; Давід тады, і старэйшыны, апранутыя ў зрэбніцы, упалі ніц на зямлю.
17 І сказаў Давід Богу: «Ці ж не я той, хто загадаў палічыць народ? Гэта я зграшыў, гэта я дапусціўся ліха, а што зрабіў гэты статак? Госпадзе, Божа мой, малю, хай Твая рука абернецца на мяне і на дом бацькі майго; а хай народ Твой не будзе пакараны».
18 Анёл жа Госпадаў загадаў Гаду сказаць Давіду, каб пайшоў і пабудаваў ахвярнік Госпаду на таку Арнана Евусея.
19 Дык пайшоў Давід па слове Гада, які гаварыў у імя Госпада.
20 Затым Арнан, азірнуўшыся, убачыў анёла, і чатыры сыны яго схаваліся з ім; бо ён у гэты час малаціў на таку пшаніцу.
21 Такім чынам, калі Давід прыйшоў да Арнана, убачыў яго Арнан, і выйшаў яму насустрач ад тока, і пакланіўся яму, упаўшы ніц на зямлю.
22 І сказаў яму Давід: «Адпусці мне месца тока твайго, каб я пабудаваў на ім ахвярнік Госпаду, так што, колькі будзе каштаваць, атрымаеш срэбра, і хай спыніцца кара народа».
23 Сказаў затым Арнан Давіду: «Вазьмі ды хай робіць гаспадар мой, цар, што яму падабаецца; але і валоў даю на цэласпаленні, і матавілы на дровы, дый пшаніцу на ахвяру з ежы; усё гэта ахвотна даю».
24 І сказаў яму цар Давід: «Ніякім чынам, але я дам, колькі каштуе, срэбрам; мне нельга браць ад цябе ды так ускладаць Госпаду ахвяры цэласпалення, узятыя задарма».
25 Дык даў Давід Арнану за поле шэсцьсот сікляў найчысцейшага золата,
26 і пабудаваў там ахвярнік Госпаду, і ўсклаў ахвяры цэласпалення і мірныя ахвяры, і прызваў Госпада. І выслухаў яго, спаслаўшы агонь з неба на ахвярнік цэласпалення,
27 і загадаў Госпад анёлу схаваць меч свой у ножны.
28 Такім чынам, у той час Давід, бачачы, што Госпад выслухаў яго на таку Арнана Евусея, усклаў там ахвяры.
29 Палатка ж Госпадава, якую Майсей пабудаваў у пустыні, і ахвярнік цэласпалення, былі тады на ўзвышшы ў Габаоне;
30 і Давід не адважыўся туды ісці, каб там памаліцца Богу; бо быў надта напалоханы, бачачы меч анёла Госпадава.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Хронікаў, 21 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.