Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Хронікаў 29 1-я Хронікаў 29 раздзел

1 І прамовіў цар Давід да ўсяго сходу: «Саламона, сына майго, адзінага выбраў Госпад — яшчэ маладога і кволага, — а справа важная: бо не для чалавека рыхтуецца жытло, але для Госпада Бога.
2 Я ж па магчымасцях усіх сваіх прыгатаваў матэрыял для дома Бога майго: золата на пасудзіны залатыя, і срэбра на срэбраныя, медзь — на медныя, жалеза — на жалезныя, дрэва — на драўляныя, камяні оніксавыя і камяні ўкладныя, цвёрды цэмент ды камяні розных колераў, і ўсякі каштоўны камень, і вельмі шмат мармуру пароскага.
3 І звыш таго, з любові да дома Бога майго, аддаю з маёмасці маёй на дом Бога майго золата і срэбра, за выключэннем таго, што ўжо прыгатаваў на дом святы:
4 тры тысячы талентаў золата з золата Афіра, сем тысяч талентаў срэбра найлепшага на пакрыццё сцен святыні;
5 і дзе будзе патрэба: золата на прадметы залатыя, і дзе будзе патрэба: срэбра на прадметы срэбраныя і на ўсялякія ручныя вырабы мастакоў; і калі хто з вас мае ахвоту ўскласці ахвяру, хай напоўніць руку сваю сёння ды ахвяруе, што жадае, Госпаду».
6 Так добраахвотна ўсклалі ахвяру кіраўнікі родаў, і кіраўнікі пакаленняў Ізраэля, таксама тысячнікі і сотнікі, і загадчыкі работ царскіх;
7 і далі яны на пабудову дома Божага: золата — пяць тысяч талентаў і дзесяць тысяч салідаў золата; срэбра дзесяць тысяч талентаў; і медзі — васемнаццаць тысяч талентаў; таксама жалеза — сто тысяч талентаў.
8 І ў каго знайшліся дарагія камяні, то аддалі іх у скарбоўню дома Госпадава на рукі Ягіэля Гэрсаніта.
9 Дык цешыўся народ дзеля ахвотнага сэрца тых, што ўсім сэрцам ускладалі ахвяру Госпаду; але і Давід цар быў перапоўнены вялікаю радасцю.
10 І дабраславіў Госпада перад усёй супольнасцю, кажучы: «Дабраславёны Ты, Госпадзе, Божа Ізраэля, бацькі нашага, спакон вякоў.
11 Твая, Госпадзе, веліч і магутнасць, слава, хвала і хараство. Усё бо, што ў небе і што на зямлі, — Тваё ёсць. Тваё, Госпадзе, валадарства, і Ты, як Галава, узносішся над усім.
12 Ад Цябе багацце і слава, Ты валадарыш над усім. У руцэ Тваёй моц і магутнасць, Рукою Сваёю ўзвышаеш і ўмацоўваеш усё.
13 Дык цяпер, Божа наш, дзякуем Табе і славім праслаўленае імя Тваё.
14 Хто я, хто народ мой, каб маглі мы Табе ўсё гэта скласці ў ахвяру? Тваё ўсё гэта і тое, што з рукі Тваёй мы атрымалі, аддалі Табе.
15 Пілігрымы мы перад Табою і чужынцы, як былі ўсе бацькі нашыя; дні нашыя, як цень над зямлёю, і няма надзеі.
16 Госпадзе, Божа наш, усё гэта багацце, якое мы прыгатавалі, каб пабудаваць дом святому імю Твайму, — з рукі Тваёй і Тваё ёсць усё.
17 Ведаю, Божа мой, што Ты выпрабоўваеш сэрцы і любіш шчырасць; таму і я ў шчырасці сэрца свайго радасна ахвяраваў усё гэта, і народ Твой, які тут прысутнічае, як я бачыў, з вялікаю радасцю, ахвотна, ускладаў Табе дары.
18 О Госпадзе, Божа Абрагама, і Ізаака, і Ізраэля, бацькоў нашых, захавай навек гэтую волю сэрца іх; і хай заўсёды сэрца іх ставіцца да Цябе з пашанаю.
19 Саламону ж, сыну майму, дай таксама сэрца дасканалае, каб захоўваў прыказанні Твае, сведчанні Твае і законнасць Тваю, і хай зробіць усё і пабудуе святыню, на якую я ўсё прыгатаваў».
20 І Давід загадаў усёй супольнасці: «Дабраславіце Госпада, Бога вашага!» І дабраславіла ўся супольнасць Госпада, Бога бацькоў сваіх; і пакланіліся, і аддалі паклон Госпаду і пасля цару.
21 І ў наступны дзень склалі ахвяры Госпаду і ахвяравалі цэласпаленні: тысячу быкоў, тысячу бараноў ды тысячу ягнят разам з іх ахвярамі вадкімі ды найбагацейшымі ахвярамі за ўвесь Ізраэль.
22 Ды елі і пілі перад Госпадам у той дзень з вялікаю радасцю; і ў другі раз абвясцілі царом Саламона, сына Давіда, дый намасцілі яго ў імя Госпада валадаром, і Садока — першасвятаром.
23 І Саламон сеў на пасадзе Госпада, каб быць царом замест Давіда, бацькі свайго, і шчаслівілася яму, і ўвесь Ізраэль быў яму паслухмяны.
24 Ды ўсе князі, і асілкі, і сыны цара Давіда падпарадкаваліся цару Саламону.
25 Так Госпад узвялічыў Саламона ў вачах усяго Ізраэля і даў яму славу царскую, якой не меў перад ім ніводзін цар Ізраэля.
26 Гэтак Давід, сын Ясэя, быў царом усяго Ізраэля.
27 І час царавання над Ізраэлем — сорак гадоў: у Геброне цараваў сем гадоў, і ў Ерузаліме — трыццаць тры.
28 І памёр у добрай старасці, у поўні дзён, і ў багацці, і ў славе, і па ім цараваў сын яго — Саламон.
29 Дзеянні ж цара Давіда, першыя і апошнія, былі апісаны ў Кнізе Самуэля Прадракальніка ды ў Кнізе Натана Прарока і ў Кнізе Гада Прадракальніка,
30 і ўсё цараванне яго, і магутнасць, і час, што прайшоў пад яго ўладаю, і ва ўсіх царствах зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Хронікаў, 29 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.