Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Юдыт 6 Кніга Юдыт 6 раздзел

1 І калі спынілася абурэнне мужоў, што былі вакол рады, тады кіраўнік войска асірыйскага Галафэрн — у прысутнасці ўсяго народа чужынцаў і ўсіх сыноў Мааба — сказаў Ахіёру:
2 «І хто ты, Ахіёр, і вы, наёмнікі Эфраіма, што праракуеш нам, як сёння, і раіш не ваяваць з народам Ізраэля, бо іх Бог будзе дапамагаць ім? І хто бог, калі не Набукаданосар, цар усёй зямлі? Ён пашле сваю сілу і сатрэ іх з паверхні зямлі, і не вызваліць іх Бог іх.
3 Але мы, паслугачы яго, ударым іх, як аднаго чалавека, і не стрымаюць яны напору нашых коней.
4 Мы бо ўтопім іх у іх саміх, і горы іх пасочацца іх крывёй, і раўніны іх запоўняцца іх трупамі, і не застанецца следу ступняў іх перад намі, але прападуць яны пропадам. Гэта кажа цар Набукаданосар, валадар усёй зямлі; бо сказаў ён, і словы вуснаў яго не будуць пустымі.
5 Ты ж, Ахіёр, найміт Амона, ты, што сказаў гэтыя словы ў дзень сваёй злачыннасці, не ўбачыш з гэтага дня ўжо болей аблічча майго, аж пакуль спаганю помсту на гэтым народзе, што прыбыў з Егіпта.
6 І тады меч майго войска і народ паслугачоў маіх праколюць твае бакі, і, калі прыйду, падзеш разам з іх параненымі.
7 І паслугачы мае завядуць цябе ў горы і пакінуць цябе ў адным з гарадоў на перавале,
8 і ты не прападзеш, аж пакуль разам з імі не будзеш знішчаны.
9 І калі ў сэрцы сваім спадзяешся, што яны не будуць пераможаны, хай твар твой не сумуе. Гэта я сказаў, і не прападзе ніводнае са слоў маіх».
10 І Галафэрн загадаў сваім паслугачам, якія стаялі побач з яго палаткай, злавіць Ахіёра ды завесці яго ў Бэтулію і аддаць у рукі сыноў Ізраэля.
11 Ды злавілі яго паслугачы яго, і завялі яго за лагер на раўніну, і з сярэдзіны раўніны вырушылі на ўзгорышча, і дайшлі да крыніц, што былі каля Бэтуліі.
12 І, калі людзі з горада на вяршыні гары ўбачылі іх, схапілі яны зброю сваю ды выйшлі з горада на вяршыню гары, і ўсе каменямёты загарадзілі ім праход і кідалі на іх камяні.
13 І яны, праходзячы пад гарою, звязалі Ахіёра ды кінулі яго ля падножжа гары і вярнуліся да свайго гаспадара.
14 Сыны ж Ізраэля, спусціўшыся са свайго горада, дапамаглі яму і, развязаўшы яго, завялі яго ў Бэтулію, і прывялі яго да кіраўнікоў свайго горада,
15 якімі ў той час былі: Осія, сын Міхі з пакалення Сімона, і Хабрыс, сын Гатаніэля, і Харміс, сын Мэльхіэля.
16 І яны склікалі ўсіх старэйшын горада, і збеглася ўся моладзь іх, і жанчыны і дзеці іх на сход, і паставілі Ахіёра пасярод усяго іх народа, і Осія выпытваў у яго, што здарылася.
17 І ён у адказ прывёў ім словы дарадчыкаў Галафэрна, і ўсе тыя словы, якія ён сам прамовіў між князямі Асірыі, і тое, што сказаў думна Галафэрн супраць дому Ізраэля.
18 І ўвесь народ кінуўся на зямлю, і пакланіўся Богу, і ўголас маліўся:
19 «Госпадзе, Божа нябесны, зірні на пыхлівасць іх і злітуйся над пакорлівасцю нашага народа, і глянь на аблічча тых, якія пасвяцілі сябе Табе ў гэты дзень».
20 І суцяшалі Ахіёра, і надта хвалілі яго.
21 І Осія са сходу забраў яго ў свой дом ды справіў застолле старэйшынам, і ўсю гэтую ноч прызывалі Бога Ізраэля на дапамогу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Юдыт, 6 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.