1 Летапісу 22 глава

Першая кніга Летапісу
Пераклад Яна Станкевіча → Аверинцев: отдельные книги

 
 

І сказаў Давід: «Во дом СПАДАРА Бога і во аброчнік да ўсепаленьняў Ізраеля».
 

І расказаў Давід зьберці чужаземцаў, што былі ў зямлі Ізраельскай, і пастанавіў камачосаў рэзаць часаныя камяні на будоўлю дому Божага.
 

І множасьць зялеза на гвазды да брамных варотаў а да вязяў прыгатаваў Давід, і медзі множасьць без вагі,
 

І кедравага дзерва бязь ліку, бо Сыдоняне а Тыране даставілі шмат кедравых дзерваў Давіду.
 

І сказаў Давід: «Салямон, сын мой, малады а кунежны, дом жа, што будзе пастаноўлены СПАДАРУ, мае быць найвялікшы, славутны а пазорны на ўсі землі: дык прыгатую гэта яму». І прыгатаваў Давід множасьнь перад сваёй сьмерцяй.
 

І гукнуў Салямона, сына свайго, і расказаў яму пастанавіць дом СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму.
 

І сказаў Давід Салямону: «Сыну мой, было ў сэрцу маім пастанавіць дом імені СПАДАРА, Бога свайго;
 

Але слова СПАДАРОВА было да мяне, кажучы: "Ты разьліў шмат крыві і вёў вялікія войны: ты ня маеш пастанавіць дому імені Майму, бо разьліў шмат крыві на зямлі перад відам Маім.
 

Вось, у цябе народзіцца сын: ён будзе чалавек супакою; Я дам яму супакой ад усіх варагоў ягоных навокал; затым імя ягонае будзе Салямон. І мір а супакой дам Ізраелю за дзён ягоных.
 

Ён пастанове дом імені Майму, і ён будзе Імне сынам, а Я яму айцом, і ўмацую пасад каралеўства ягонага над Ізраелям на векі".
 

Цяпер, сыну мой! хай буддзе СПАДАР із табою, і пашчасьце, і пастановіш дом СПАДАРУ, Богу свайму, як Ён казаў празь цябе;
 

Адно хай дасьць табе СПАДАР розум а кемнасьць і пастанове цябе над Ізраелям; і дзяржы права СПАДАРА, Бога свайго.
 

Тады табе будзе шчасьціць, калі будзеш старацца паўніць уставы а суды, катоторыя расказаў СПАДАР Масеям Ізраелю. Будзь дужы а адважны, ня бойся а не палохайся.
 

І гля, я ў нястачы сваёй прыгатаваў да дому СПАДАРОВАГА сто тысячаў таланяў золата і тысяча тысячаў таланяў срэбра, а медзі а зялезу няма вагі, бо іх множасьць; дзерва й каменьня я прыгатаваў; а ты яшчэ дадай да гэтага.
 

У цябе множасьць работнікаў: камаломаў, камачосаў а цесьляў а ўсялякага мудрыца ў вусіх работах;
 

Золату, срэбру а медзі а зялезу няма лічбы: устань і рабі; СПАДАР будзь із табою».
 

І расказаў Давід усім князём Ізраельскім памагаць Салямону, сыну ягонаму:
 

«Ці ня з вамі СПАДАР, Бог ваш, што даў вам супакой навокал? бо Ён аддаў у рукі мае жыхараў зямлі, і паддана зямля СПАДАРУ а люду Ягонаму.
 

Дык цяпер дайце сэрцы свае а душы свае на шуканьне СПАДАРА, Бога свайго. Устаньце й пастаноўце сьвятыню СПАДАРУ Богу, каб прынесьці скрыню змовы СПАДАРОВАЕ і сьвятое судзьдзе Божае да дому, што будзе стаўлены імені СПАДАРОВАМУ».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.