1 да Карынцянаў 11 глава

Першы ліст да Карынцянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Комментарии Скоуфилда

Пераклад Чарняўскага 2017

1 Будзьце пераймальнікамі маімі, як я — Хрыста.
2 Хвалю вас, браты, што ва ўсім памятаеце пра мяне, ды трымаецеся маіх наказаў, як я наказаў вам.
3 Хачу, каб вы ведалі, што галава кожнага мужчыны — Хрыстос, а кожнае жонкі галава — муж, а галава Хрыста — Бог.
4 Кожны мужчына, калі моліцца або праракуе з накрытай галавой, ганьбіць сваю галаву.
5 Кожная ж жанчына, калі моліцца або праракуе з ненакрытай галавой, ганьбіць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголена.
6 Дык калі якая жанчына не накрывае галавы, хай абстрыжэ свае валасы. А калі ганебна для жанчыны быць пастрыжанай або паголенай, дык хай накрывае галаву.
7 Мужчыне не належыць накрываць галавы, бо ён — вобраз і слава Бога, а жанчына — слава мужчыны.
8 Бо не мужчына ад жанчыны, але жанчына ад мужчыны;
9 і не мужчына створаны для жанчыны, але жанчына для мужчыны.
10 Таму жанчына мусіць мець на галаве знак падданасці дзеля анёлаў.
11 Зрэшты, ані мужчына без жанчыны, ані жанчына без мужчыны ў Госпада.
12 Бо як жанчына з мужчыны, так і мужчына праз жанчыну, а ўсе — ад Бога!
13 Рассудзіце самі з сабой: ці належыцца жанчыне маліцца да Бога з ненакрытай галавой?
14 Ці не сама прырода вучыць нас, што ганьба для мужчыны, калі ён гадуе валасы,
15 а калі жанчына гадуе валасы, то ёй слава? Бо валасы дадзены ёй на пакрыццё.
16 А калі хто аб гэтым хоча спрачацца, дык ані мы не маем такога звычаю, ані цэрквы Божыя.
17 Робячы вам гэтыя заўвагі, не хвалю за тое, што збіраецеся не на лепшае, але на горшае.
18 Перад усім чую, што, калі сходзіцеся разам у царкве, бываюць у вас спрэчкі, і я крыху веру.
19 Бо мусяць быць сярод вас і герэзіі, каб выявіліся сярод вас тыя, што выпрабаваны.
20 Ды калі вы збіраецеся разам, няма ў вас спажывання Вячэры Госпадавай.
21 Кожны бо з вас спяшаецца першым з’есці сваю вячэру, і таму адзін галодны, а ў той час іншы ўпіваецца.
22 Ці не маеце дамоў, каб там есці і піць? Ці мо ганьбіце Царкву Божую ды сароміце тых, што нічога не маюць? Што ж вам скажу? Можа, буду вас хваліць? За гэта не пахвалю!
23 Бо я гэта атрымаў ад Госпада і перадаў гэта вам, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб,
24 і, склаўшы падзяку, паламаў, і сказаў: «Бярыце, ежце. Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас ламанае. Рабіце гэта ў Маю памяць!»
25 Падобным спосабам па вячэры Ён узяў келіх і сказаў: «Гэты келіх ёсць новы запавет у Крыві Маёй. Рабіце гэта, калі толькі будзеце піць, у Маю памяць».
26 Бо колькі разоў будзеце есці гэты хлеб і піць гэты келіх, будзеце абвяшчаць смерць Госпада, пакуль не прыйдзе.
27 Значыць, той, хто нягодна будзе есці хлеб ды піць келіх Госпада, той будзе вінаваты супраць Цела і Крыві Госпадавай.
28 Дык хай выпрабуе чалавек сябе самога, і тады хай есць ад таго хлеба ды п’е з келіха таго.
29 Бо хто есць і п’е нягодна, той есць і п’е прысуд сабе, не разважаючы пра Цела Госпада.
30 Таму шмат у вас кволых і хворых, ды многа памірае.
31 Бо калі мы самі сябе асудзім, дык не будзем асуджаны.
32 А пакуль Госпад нас судзіць і карае, каб не былі мы асуджаны разам з усім светам.
33 Таму, браты мае, калі збіраецеся есці Вячэру, пачакайце адзін аднаго.
34 Калі хто галодны, хай есць дома, каб вам не збірацца на асуджэнне. Іншыя справы наладжу, як прыйду.

Комментарии Скоуфилда

31 Самоосуждение-это не столько осуждение верующим с нравственных позиций своих поступков и привычек, сколько осуждение им самого себя за то, что допускает их. Если же не «казниться» этим, относиться к этому легко, то судить будет Господь, Который накажет верующего, однако, ни в коем случае не осудит его вместе с неверующими (ст. 32; 2Цар 7:14−15; 12:13−14; 1Кор 5:5; 1Тим 1:20; Евр 12:7). См. о других судах: Ин 12:31, примеч.; 2Кор 5:10, примеч.; Мф 25:32, примеч.; Иез 20:37, примеч.; Иуд 6, примеч.; Откр 20:12, примеч.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.