Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Летапісаў 22 1-я Летапісаў 22 раздзел

1 І сказаў Давід: «Тут [будзе] Дом ГОСПАДА Бога, і тут [будзе] ахвярнік цэласпаленьня для Ізраіля».
2 І сказаў Давід, каб сабралі прыхадняў, якія былі ў зямлі Ізраіля, і паставіў каменяроў рабіць чэсаныя камяні на будоўлю Дому Божага.
3 І мноства жалеза на цьвікі для брамных варотаў і на клямкі падрыхтаваў Давід, і мноства медзі, [што] не было вагі,
4 і дрэва кедровага бяз ліку, бо Сідонцы і Тырыяне прывезьлі для Давіда шмат дрэва кедровага.
5 І сказаў Давід: «Салямон, сын мой, — малады і кволы, а Дом, які будзе пабудаваны для ГОСПАДА, мае быць вялікі і ўзьнесены, для славы і велічы на ўсёй зямлі. Я падрыхтую гэта для яго». І падрыхтаваў Давід мноства [ўсяго] перад сьмерцю сваёй.
6 І паклікаў Салямона, сына свайго, і загадаў яму пабудаваць Дом ГОСПАДУ, Богу Ізраіля.
7 І сказаў Давід Салямону: «Сыне мой, я меў у сэрцы маім пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго.
8 І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы: “Ты разьліў шмат крыві і вёў войны вялікія. Ты не пабудуеш Дом для імя Майго, бо ты разьліў шмат крыві на зямлі перада абліччам Маім.
9 Вось, сын народзіцца ў цябе, ён будзе чалавек супакою, і Я дам яму супакой ад усіх ворагаў ягоных навокал, бо імя ягонае будзе Салямон. Мір і цішыню Я дам Ізраілю ў дні ягоныя.
10 Ён пабудуе Дом для імя Майго, і ён будзе Мне сынам, а Я яму — Бацькам, і Я ўмацую пасад валадарства ягонага над Ізраілем на вякі”.
11 Цяпер, сыне мой, няхай будзе ГОСПАД з табою, і будзеш мець посьпех, і пабудуеш Дом ГОСПАДУ, Богу твайму, як Ён прамовіў пра цябе.
12 Толькі няхай дасьць табе ГОСПАД розум і разуменьне, і няхай паставіць цябе над Ізраілем, а ты захоўвай Закон ГОСПАДА, Бога твайго.
13 Тады ты будзеш мець посьпех, калі будзеш захоўваць і выконваць пастановы і прысуды, якія загадаў ГОСПАД праз Майсея для Ізраіля. Будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не палохайся.
14 І вось, я ў нястачы сваёй падрыхтаваў для Дому ГОСПАДА золата сто тысячаў талентаў і срэбра тысяча тысячаў талентаў, а медзі і жалезу няма вагі, бо іх мноства. І дрэва, і камяні я падрыхтаваў, а ты яшчэ дадай да гэтага.
15 У цябе мноства работнікаў для працы; каменяроў і разьбяроў, і цесьляроў, і ўсіх, здольных да ўсякай работы.
16 Золата, срэбра, медзі і жалезу няма лічбы. Устань і рабі; і ГОСПАД будзе з табою».
17 І загадаў Давід усім князям Ізраіля, каб дапамагалі Салямону, сыну ягонаму:
18 «Ці ГОСПАД, Бог ваш, ня з вамі? І Ён даў супакой навокал, бо Ён аддаў у рукі мае жыхароў зямлі гэтай, і здабытая зямля гэтая перад абліччам ГОСПАДА і перад абліччам народу Ягонага.
19 Цяпер скіруйце сэрцы вашыя і душы вашыя, каб шукаць ГОСПАДА, Бога вашага. Устаньце і пабудуйце сьвятыню ГОСПАДУ Богу, каб прынесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА і сьвятое начыньне Божае ў Дом, які пабудаваны для імя ГОСПАДА».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Летапісаў, 22 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.