Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Ярэміі 19 Ярэміі 19 раздзел

1 Гэта сказаў ГОСПАД: «Ідзі і купі ў ганчара збан гліняны, і [вазьмі] старшыняў народу і старшыняў сьвятароў.
2 І выйдзі ў даліну Бэн-Гінном, якая пры ўваходзе ў браму Харсіт, і там будзеш абвяшчаць слова, якое Я прамоўлю табе.
3 І скажаш: “Слухайце слова ГОСПАДА, валадары Юды і жыхары Ерусаліму! Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду няшчасьце на месца гэтае, так што ў кожнага, хто гэта чуе, зашуміць у вушах ягоных,
4 за тое, што вы пакінулі мяне і апаганілі месца гэтае, і кадзілі іншым багам, якіх ня ведалі ані вы, ані бацькі вашыя, ані валадары Юды, і вы напоўнілі месца гэтае крывёю нявінных,
5 і пабудавалі вышыні Баалу, каб паліць там сыноў сваіх у агні цэласпаленьняў для Баала, чаго Я не загадваў і не гаварыў, і гэта не прыходзіла ў сэрца Маё.
6 Дзеля гэтага, вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і больш ня будзе называцца месца гэтае Тафэт і даліна Бэн-Гінном, але [назавецца] Даліна забойства.
7 І Я зьнішчу раду Юды і Ерусаліму на месцы гэтым, і яны ўпадуць ад мяча перад абліччам ворагаў іхніх і ад рукі тых, якія шукаюць душы іхняй. І Я дам целы іхнія на жыраваньне птушкам нябесным і зьвярам зямным,
8 і зраблю народ гэты пустэчаю і насьмешкаю. Кожны, хто будзе паўз яго праходзіць, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.
9 І Я зраблю, што яны будуць есьці целы сыноў сваіх і целы дочак сваіх, і кожны будзе есьці цела бліжняга свайго ў аблозе і прыгнёце, якім будуць прыгнятаць іх ворагі іхнія, і тыя, якія шукаюць душу іхнюю”.
10 І ты разьбі збан перад вачыма мужчынаў, якія пойдуць з табой,
11 і скажы ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я гэтак разаб’ю народ гэты і горад гэты, як разьбіваецца посуд ганчара, які ня можа ўжо быць напраўлены. Будуць хаваць у Тафэце, таму што ня будзе месца на пахаваньне.
12 Я так зраблю месцу гэтаму, кажа ГОСПАД, і жыхарам ягоным, што горад гэты будзе такім, як Тафэт.
13 І стануцца дамы Ерусаліму і дамы валадароў Юды нячыстымі, як месца Тафэт, усе дамы, на дахах якіх палілі кадзіла для моцаў нябесных і складалі ахвяры вадкія для іншых багоў”».
14 І прыйшоў Ярэмія з Тафэту, куды яго паслаў ГОСПАД прарочыць, і стаў на панадворку Дома ГОСПАДА, кажучы ўсяму народу:
15 «Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду на горад гэты і на ўсе паселішчы ўсялякія беды, якія прамаўляў супраць іх, бо яны зрабілі цьвёрдым карак свой, каб ня слухаць словаў Маіх».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ярэміі, 19 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.