1 Таксама і вы, жонкі, падчыняйцеся мужам сваім, каб нават тады, калі некаторыя з іх ня слухаюць Слова, праз самыя паводзіны жонак прыхіліліся да веры бяз слова,
2 аглядаючы вашае чыстае, поўнае страху жыцьцё.
3 Хай вас упрыгожвае ня вонкавае заплятаньне валасоў, ані залатыя пярсьцёнкі, ані стройныя сукні,
4 але схаваны ў сэрцы чалавек у непахіснай спакойнасьці і спагадлівасьці духа, што вельмі цэнна ў вачах Божых.
5 Так калісьці сьвятыя жоны, паклаўшы надзею ў Богу, аздаблялі сябе і былі падданым сваім мужам,
6 як Сара была паслухмянай Абрагаму, завучы яго сваім гаспадаром. І вы — яе дочкі, калі робіце дабро і не баіцеся ніякага страху.
7 Такжа і вы, мужы, у супольным жыцьці лічыцеся разумна са слабейшай жаночай прыродай, паважаючы жоны, бо вы супольна спадкаемцы ласкі жыцьця, каб не стаўляць перашкодаў малітвам вашым.
8 Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадныя, поўныя братняе любові, міласэрныя, пакорныя,
9 не адгаджайце злом за зло, ані праклёнам за праклён, але, наадварот, багаслаўляйце, бо на тое вы пакліканы, каб успадкаемілі багаславеньне.
10 "Бо хто хоча любіць жыцьцё ды аглядаць шчасьлівыя дні, хай стрымлівае язык ад зла, і вусны, каб не гаварылі падступна.
11 Няхай адступіцца ад зла, і робіць дабро, хай спаганяе супакой, ды ідзе за ім.
12 Бо вочы Госпадавы на справядлівых, і вушы Ягоныя на просьбы іх; але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць зло".
13 Хто вам пашкодзіць, калі будзеце рупіцца пра дабро?
14 А калі б вы нават пацярпелі дзеля справядлівасьці, вы шчасьлівыя. Не палохайцеся іхніх пагрозаў ды не трывожцеся,
15 Госпада Хрыста мейце ў сэрцах (як Сьвятога) і будзьце заўсёды гатовыя да абароны адносна кожнага, хто патрабуе ад вас адказу аб прабываючай у вас надзеі.
16 У спагаднасьці і страху (Божым) беражыце чыстае сумленьне, каб тыя, што ачарняюць вашыя добрыя паводзіны ў Хрысьце, былі асаромленыя, што вас несправядліва ачарнялі.
17 Бо такая воля Божая, што лепш цярпець, дабро робячы, чым чынячы зло.
18 Хрыстос таксама раз памёр за грахі, Справядлівы за несправядлівых, каб вас давесьці да Бога, забіты целам, але пакліканы Духам да жыцьця.
19 У Ім пайшоў вясьціць (збаўленьне) нават духам, замкнутым у вязьніцы,
20 якія калісьці пры будове каўчэга, у якім ледзь восем асоб уратаваліся ад вады, былі непаслухмяныя, злоўжываючы Божаю цярплівасьцю за дзён Ноя.
21 Цяпер таксама па гэтым узоры збаўляе вас вада праз хрост, не праз абмыцьцё бруду цела, але праз просьбу да Бога аб чыстае сумленьне, праз ўваскрасеньне Езуса Хрыста,
22 які узыйшоў у неба і сядзіць па правіцы Бога, падчыніўшы сабе анёлаў, і ўлады, і магуцьці.