1 царстваў 29 глава

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Подстрочник Винокурова

 
 

І сабралі Філістымляне ўсе рушэньні свае ў Афэку, а Ізраільцяне атабарыліся каля крыніцы, што ў Ізрэелі.
 

Князі Філістымскія ішлі з сотнямі і тысячамі, а Давід і людзі ягоныя ішлі ззаду з Анхусам.
 

І казалі князі Філістымскія: што гэта за Габрэі? Анхус адказваў князям Філістымскім: хіба ня ведаеце, што гэта Давід, раб Саўла, цара Ізраільскага? ён пры мне ўжо болей году, і я не знайшоў у ім нічога благога з часу яго прыходу да гэтага дня.
 

І абурыліся на яго князі Філістымскія, і сказалі яму князі Філістымскія: адпусьці ты гэтага чалавека, няхай ён сядзіць у сваім месцы, якое ты яму вызначыў, каб ён ня йшоў з намі на вайну і не зрабіўся праціўнікам нашым на вайне. Чым ён можа ўмілажаліць гаспадара свайго, як не галовамі гэтых мужчын?
 

Ці ня той гэта Давід, якому сьпявалі ў карагодах, кажучы: Саўл пабіў тысячы, а Давід — дзясяткі тысяч?
 

І паклікаў Анхус Давіда і сказаў яму: жывы Гасподзь! ты сумленны і вачам маім прыемна было б, каб ты выходзіў і ўваходзіў са мною ў рушэньні; бо я не заўважыў у табе благога з часу прыходу твайго да мяне да сёньня; але ў вачах князёў ты ня добры.
 

Дык вось, вярніся цяпер і йдзі зь мірам і не дражні князёў Філістымскіх.
 

Але Давід сказаў Анхусу: што я зрабіў, і што ты знайшоў у рабе тваім з таго часу, як я перад тварам тваім, і да сёньня, чаму бо мне ня ісьці і не ваяваць з ворагамі гаспадара майго, цара?
 

І адказваў Анхус Давіду: будзь пэўны, што ў вачах маіх ты добры, як анёл Божы; але князі Філістымскія сказалі: хай ён ня йдзе з намі на вайну.
 

Дык вось, устань раніцай ты і рабы гаспадара твайго, якія прыйшлі з табою; і ўстаньце раніцай, і калі разьвіднее, ідзеце.
 

І ўстаў Давід, сам і людзі ягоныя, каб ісьці раніцай і вярнуцца ў зямлю Філістымскую. А Філістымляне пайшлі ў Ізрэель.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.