1 царстваў 3 глава

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Подстрочник Винокурова

 
 

Хлопчык Самуіл служыў Госпаду пры Іліі; слова Гасподняе было рэдкае ў тыя дні, відзежы былі ня частыя.
 

І было ў той час, калі Ілій ляжаў на сваім месцы, — і ў вачах ягоных пачало цямнець, і ён ня мог бачыць, —
 

і сьвяцільня Божая яшчэ не патухла, і Самуіл ляжаў у храме Гасподнім, дзе каўчэг Божы:
 

паклікаў Гасподзь Самуіла. І адказаў ён: вось я!
 

І пабег да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе; ідзі назад, кладзіся. І ён пайшоў і лёг.
 

Але Гасподзь другі раз паклікаў Самуіла. Ён устаў і прыйшоў да Ілія другі раз і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе, сыне мой; ідзі назад, кладзіся.
 

Самуіл яшчэ ня ведаў тады голасу Госпада, і яшчэ не адкрывалася яму слова Гасподняе.
 

І паклікаў Гасподзь Самуіла яшчэ трэці раз. Ён устаў і прыйшоў да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Тады зразумеў Ілій, што Гасподзь кліча хлопчыка.
 

І сказаў Ілій Самуілу: ідзі назад і кладзіся, і калі пакліча цябе Той, Які кліча, ты скажы: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой. І пайшоў Самуіл і лёг на месцы сваім.
 

І прыйшоў Гасподзь, і стаў, і паклікаў, як таго і другога разу: Самуіле! Самуіле! І сказаў Самуіл: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой.
 

І сказаў Гасподзь Самуілу: вось, Я ўчыню дзею ў Ізраілі, пра якую калі хто пачуе, дык у таго зазьвініць у вушах;
 

у той дзень Я ўчыню над Ізраілем усё тое, што Я казаў пра дом ягоны; Я пачну і закончу;
 

Я абвясьціў яму, што Я пакараю дом яго навекі за тую віну, што ён ведаў, як сыны ягоныя ліхадзейнічаюць, і ня цугляў іх;
 

і таму прысягаю дому Ілія, што віна дома Іліевага не загладзіцца ні ахвярамі, ні прынашэньнямі хлебнымі вавек.
 

І спаў Самуіл да раніцы, і адчыніў дзьверы дома Гасподняга; і баяўся Самуіл абвясьціць відзеж гэты Ілію.
 

Але Ілій паклікаў Самуіла і сказаў: сыне мой Самуіле! Той сказаў: вось я!
 

І сказаў Ілій: што сказана табе? не хавай ад мяне, тое і тое зробіць з табою Бог, і яшчэ болей зробіць, калі ты ўтоіш ад мяне што-колечы з усяго таго, што сказана табе.
 

І абвясьціў яму Самуіл і ня ўтоіў ад яго нічога. Тады сказаў Ілій: Ён — Гасподзь; што Яму заўгодна, тое і ўтворыць.
 

І вырас Самуіл, і Гасподзь быў зь ім; і не засталося ніводнага слова ягонага, каб ня спраўдзілася.
 

І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дана да Вірсавіі, што Самуілу выпаў гонар быць прарокам Гасподнім.
 

І прадаўжаў Гасподзь зьяўляцца ў Сіломе пасьля таго, як адкрыў Сябе Самуілу ў Сіломе праз слова Гасподняе.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.