1 царстваў 7 глава

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Подстрочник Винокурова

 
 

І прыйшлі жыхары Кірыятыярыма, і ўзялі каўчэг Госпада, і прынесьлі яго ў дом Амінадаваў, на пагорак, а Элеазара, сына ягонага, асьвяцілі, каб ён захоўваў каўчэг Госпада.
 

З таго дня, як застаўся каўчэг у Кірыятыярыме, прайшло шмат часу, гадоў дваццаць. І вярнуўся ўвесь дом Ізраілеў да Госпада.
 

І сказаў Самуіл усяму дому Ізраіля, кажучы: калі вы ўсім сэрцам сваім вяртаецеся да Госпада, дык выдаліце са свайго асяродзьдзя багоў іншаземных і Астартаў і расхінеце сэрца ваша да Госпада і служэце Яму аднаму, і Ён выратуе вас ад рукі Філістымлянаў.
 

І выдалілі сыны Ізраілевыя Ваалаў і Астартаў і пачалі служыць аднаму Госпаду.
 

І сказаў Самуіл: зьбярэце ўсіх Ізраільцянаў у Масіфу, і я памалюся за вас Госпаду.
 

І сабраліся ў Масіфу, і чэрпалі ваду, і вылівалі прад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень, кажучы: зграшылі мы прад Госпадам. І судзіў Самуіл сыноў Ізраілевых у Масіфе.
 

Калі пачулі Філістымляне, што сабраліся сыны Ізраілевыя ў Масіфу, тады пайшлі валадары Філістымскія на Ізраіля. Ізраільцяне, дачуўшыся, спалохаліся Філістымлянаў.
 

І сказалі сыны Ізраілевыя Самуілу: не пераставай заклікаць за нас Госпада Бога нашага, каб Ён выратаваў нас ад рукі Філістымлянаў.
 

І ўзяў Самуіл адно ягня ад саскоў і прынёс яго на цэласпаленьне Госпаду, і заклікаў Самуіл Госпада да Ізраіля, і пачуў яго Гасподзь.
 

І калі Самуіл прыносіў цэласпаленьне, Філістымляне прыйшлі ваяваць зь Ізраілем. Але Гасподзь загрымеў у той дзень моцным громам над Філістымлянамі і навёў на іх жах, і яны былі пакараныя перад Ізраілем.
 

І выступілі Ізраільцяне з Масіфы, і перасьледавалі Філістымлянаў, і білі іх да месца пад Вэтхорам.
 

І ўзяў Самуіл адзін камень, і паставіў паміж Масіфаю і Сэнам і назваў яго Авэн-Эзэр, сказаўшы: да гэтага месца дапамог нам Гасподзь.
 

Так упакораны былі Філістымляне і перасталі хадзіць у межы Ізраілевыя; і была рука Гасподняя на Філістымлянах ва ўсе дні Самуіла.
 

І вернуты былі Ізраілю гарады, якія ўзялі Філістымляне ў Ізраіля, ад Акарона і да Гэта, і межы іх вызваліў Ізраіль з рук Філістымлянаў, і быў мір паміж Ізраілем і Амарэямі.
 

І быў Самуіл судзьдзёю Ізраіля ва ўсе дні жыцьця свайго:
 

год у год ён хадзіў і абыходзіў Вэтыль і Галгал і Масіфу і судзіў Ізраіля ва ўсіх гэтых мясьцінах;
 

потым вяртаўся ў Раму, бо там быў дом ягоны, і там судзіў ён Ізраіля, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.