Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

1 царстваў 3 1-я царстваў 3 раздзел

1 Хлопчык Самуіл служыў Госпаду пры Іліі; слова Гасподняе было рэдкае ў тыя дні, відзежы былі ня частыя.
2 І было ў той час, калі Ілій ляжаў на сваім месцы, — і ў вачах ягоных пачало цямнець, і ён ня мог бачыць, —
3 і сьвяцільня Божая яшчэ не патухла, і Самуіл ляжаў у храме Гасподнім, дзе каўчэг Божы:
4 паклікаў Гасподзь Самуіла. І адказаў ён: вось я!
5 І пабег да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе; ідзі назад, кладзіся. І ён пайшоў і лёг.
6 Але Гасподзь другі раз паклікаў Самуіла. Ён устаў і прыйшоў да Ілія другі раз і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе, сыне мой; ідзі назад, кладзіся.
7 Самуіл яшчэ ня ведаў тады голасу Госпада, і яшчэ не адкрывалася яму слова Гасподняе.
8 І паклікаў Гасподзь Самуіла яшчэ трэці раз. Ён устаў і прыйшоў да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Тады зразумеў Ілій, што Гасподзь кліча хлопчыка.
9 І сказаў Ілій Самуілу: ідзі назад і кладзіся, і калі пакліча цябе Той, Які кліча, ты скажы: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой. І пайшоў Самуіл і лёг на месцы сваім.
10 І прыйшоў Гасподзь, і стаў, і паклікаў, як таго і другога разу: Самуіле! Самуіле! І сказаў Самуіл: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой.
11 І сказаў Гасподзь Самуілу: вось, Я ўчыню дзею ў Ізраілі, пра якую калі хто пачуе, дык у таго зазьвініць у вушах;
12 у той дзень Я ўчыню над Ізраілем усё тое, што Я казаў пра дом ягоны; Я пачну і закончу;
13 Я абвясьціў яму, што Я пакараю дом яго навекі за тую віну, што ён ведаў, як сыны ягоныя ліхадзейнічаюць, і ня цугляў іх;
14 і таму прысягаю дому Ілія, што віна дома Іліевага не загладзіцца ні ахвярамі, ні прынашэньнямі хлебнымі вавек.
15 І спаў Самуіл да раніцы, і адчыніў дзьверы дома Гасподняга; і баяўся Самуіл абвясьціць відзеж гэты Ілію.
16 Але Ілій паклікаў Самуіла і сказаў: сыне мой Самуіле! Той сказаў: вось я!
17 І сказаў Ілій: што сказана табе? не хавай ад мяне, тое і тое зробіць з табою Бог, і яшчэ болей зробіць, калі ты ўтоіш ад мяне што-колечы з усяго таго, што сказана табе.
18 І абвясьціў яму Самуіл і ня ўтоіў ад яго нічога. Тады сказаў Ілій: Ён — Гасподзь; што Яму заўгодна, тое і ўтворыць.
19 І вырас Самуіл, і Гасподзь быў зь ім; і не засталося ніводнага слова ягонага, каб ня спраўдзілася.
20 І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дана да Вірсавіі, што Самуілу выпаў гонар быць прарокам Гасподнім.
21 І прадаўжаў Гасподзь зьяўляцца ў Сіломе пасьля таго, як адкрыў Сябе Самуілу ў Сіломе праз слова Гасподняе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга царстваў, 3 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.