Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Валадароў 13 1 Валадароў 13 раздзел

1 І вось, прыйшоў чалавек Божы з Юды ў Бэтэль паводле слова ГОСПАДА, а Ерабаам стаяў пры ахвярніку, каб кадзіць.
2 І закрычаў [чалавек Божы] на ахвярнік паводле слова ГОСПАДА, і сказаў: «Ахвярнік, ахвярнік, гэта кажа ГОСПАД: “Вось, у доме Давіда народзіцца сын на імя Ёсія, і ён на табе складзе ў ахвяру сьвятароў узгоркаў, якія кадзяць пры табе, і спаліць на табе косткі чалавечыя».
3 У той дзень ён даў знак, кажучы: «Вось, будзе знак, што гэта сказаў ГОСПАД. Вось, ахвярнік распадзецца, і попел, які на ім, рассыпецца».
4 І сталася, калі валадар пачуў слова чалавека Божага, якое ён выказаў супраць ахвярніка ў Бэтэлі, выцягнуў Ерабаам руку сваю з-над ахвярніка, кажучы: «Схапіце яго!» Але здрантвела рука ягоная, якую ён выцягнуў супраць яго, і ён ня мог яе вярнуць да сябе.
5 А ахвярнік распаўся, і попел з ахвярніка рассыпаўся паводле знаку, які даў чалавек Божы паводле слова ГОСПАДА.
6 І адказаў валадар, і сказаў чалавеку Божаму: «Перапрасі аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, і памаліся за мяне, і вернецца рука мая да мяне». І перапрасіў чалавек Божы аблічча ГОСПАДА, і вярнулася рука валадара да яго, і рухалася як раней.
7 І прамовіў валадар да чалавека Божага: «Ідзі са мной у дом і паеш, і я дам табе падарунак».
8 І сказаў чалавек Божы валадару: «Калі б ты і палову дома свайго даваў мне, не пайду з табой і ня буду есьці хлеба, і ня буду піць вады ў гэтым месцы.
9 Бо гэтак загадаў мне слова ГОСПАД, кажучы: “Ня будзеш есьці хлеба і ня будзеш піць вады, і ня вернешся тым шляхам, па якім прыйшоў”».
10 І пайшоў ён іншым шляхам, і не вярнуўся тым шляхам, па якім ён прыйшоў у Бэтэль.
11 А ў Бэтэлі жыў адзін стары прарок. І прыйшлі сыны ягоныя, і расказалі яму ўсе справы, якія зрабіў у той дзень чалавек Божы ў Бэтэлі, а таксама словы, якія ён прамовіў да валадара, і расказалі гэта бацьку свайму.
12 І прамовіў да іх бацька іхні: «Якім шляхам ён пайшоў?» І сыны ягоныя паказалі яму шлях, па якім пайшоў чалавек Божы, які прыйшоў з Юды.
13 І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла». І яны асядлалі яму асла, і ён сеў на яго,
14 і паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, калі той сядзеў пад дубам, і сказаў яму: «Ці ня ты чалавек Божы, які прыйшоў з Юды?» Ён сказаў: «Я».
15 І ён сказаў яму: «Ідзі да мяне ў дом і паеш хлеба».
16 Той сказаў: «Не магу вярнуцца з табою і пайсьці да цябе, і ня буду есьці хлеба і ня буду піць вады ў гэтым месцы,
17 бо прамовіў да мяне слова ГОСПАД: “Ня будзеш есьці хлеба і ня будзеш піць там вады, і ня вернешся шляхам, па якім прыйшоў”».
18 І сказаў ён яму: «І я прарок, падобны табе. І анёл прамовіў да мяне слова ГОСПАДА, кажучы: “Вярні яго ў дом твой, і няхай ён есьць хлеб і п’е ваду”». І падмануў яго.
19 І ён вярнуўся з ім, і еў хлеб у доме ягоным, і піў ваду.
20 А калі сядзелі яны яшчэ пры стале, было слова ГОСПАДА да прарока, які вярнуў яго [з дарогі].
21 І закрычаў ён да чалавека Божага, які прыйшоў з Юды, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД. За тое, што ты ўзбунтаваўся супраць [слова] з вуснаў ГОСПАДА і не захаваў даручэньня, якое загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,
22 але вярнуўся, і еў хлеб, і піў ваду на месцы, пра якое Я прамовіў да цябе: "Ня еш [там] хлеба і ня пі вады", парэшткі твае ня ўвойдуць у магілу бацькоў тваіх”».
23 І калі той зьеў хлеб і напіўся, ён асядлаў асла для таго прарока, якога вярнуў.
24 І той пайшоў. І знайшоў яго леў на шляху, і забіў яго, і парэшткі ягоныя ляжалі, кінутыя пры дарозе, і асёл стаяў каля іх, і леў стаяў каля парэшткаў.
25 І вось, людзі, што там праходзілі, убачылі парэшткі, кінутыя пры дарозе, і льва, які стаяў каля парэшткаў. І яны пайшлі, і паведамілі ў горадзе, у якім жыў стары прарок.
26 І пачуў той прарок, які яго завярнуў з дарогі, і сказаў: «Гэта чалавек Божы, які збунтаваўся супраць [слова] з вуснаў ГОСПАДА, і аддаў яго ГОСПАД льву, і ён разьдзёр яго, і забіў яго паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў да яго».
27 І прамовіў ён да сыноў сваіх, кажучы: «Асядлайце мне асла!» І яны асядлалі.
28 І ён паехаў, і знайшоў парэшткі ягоныя, кінутыя пры дарозе, і асла, і льва, якія стаялі каля парэшткаў. І леў ня еў парэшткі і не разьдзёр асла.
29 І прарок падняў парэшткі чалавека Божага, і ўсклаў іх на асла і прывёз яго назад у горад, і прыйшоў стары прарок, каб плакаць над ім і пахаваць яго.
30 І паклаў ён парэшткі ягоныя ў магіле сваёй, і плакаў над ім: «О, браце мой!»
31 І калі пахаваў яго, сказаў сынам сваім, кажучы: «Калі я памру, пахавайце мяне ў магіле, у якой пахаваны чалавек Божы. Каля костак ягоных палажыце косткі мае.
32 Бо спаўняючыся, споўніцца слова, якое ён прамовіў паводле слова ГОСПАДА адносна ахвярніка, які ў Бэтэлі, і адносна ўсіх сьвятыняў на ўзгорках, якія ў гарадах Самарыі».
33 Пасьля ўсяго гэтага Ерабаам не зьвярнуў з ліхога шляху свайго, і паставіў са [звычайных] людзей сьвятароў для ўзгоркаў. Хто толькі хацеў, таго пасьвячала рука ягоная, і той ставаўся сьвятаром для ўзгоркаў.
34 І сталася гэта грахом для дому Ерабаама і прычынай загубы і вынішчэньня з аблічча зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Валадароў, 13 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.