Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 13 1-я Цароў 13 раздзел

1 І калі Ерабаам стаяў на ахвярніку, каб кадзіць, прыйшоў тады чалавек Божы з Юдэі ў Бэтэль па загадзе Госпада;
2 і закрычаў ён на ахвярнік па слову Госпада, кажучы: «Ахвярнік, ахвярнік, вось што кажа Госпад: “Вось, у доме Давіда народзіцца сын, на імя Осія, і ён на табе прынясе ў ахвяру святароў узгоркаў, якія кадзяць пры табе, і будуць на табе паліць людскія косці”».
3 І ў той жа дзень даў знак, кажучы: «Гэта будзе знак, пра які сказаў Госпад: гэты ахвярнік распадзецца, і попел, які на ім, развеецца».
4 І калі цар пачуў словы чалавека Божага, якія ён выкрыкнуў супраць ахвярніка ў Бэтэлі, выцягнуў ён руку сваю да ахвярніка, кажучы: «Схапіце яго!» І здранцвела рука яго, якую ён выцягнуў супраць яго, і ён не мог яе вярнуць да сябе.
5 Таксама ахвярнік распаўся, і попел з ахвярніка развеяўся паводле знака, які прадказаў чалавек Божы па загадзе Госпада.
6 І прасіў цар у чалавека Божага: «Малі аблічча Госпада, Бога твайго, і памаліся за мяне, каб вярнулася рука мая да мяне». Памаліўся чалавек Божы да аблічча Госпада, і вярнулася рука цара да яго, і стала такою, як была раней.
7 Дык прасіў цар чалавека Божага: «Хадзем са мной у дом, каб паесці, і дам табе падарункі».
8 І чалавек Божы адказаў цару: «Калі б ты і палову дома свайго даваў мне, не пайшоў бы я з табой і не еў бы хлеба, і не піў бы вады ў гэтым месцы;
9 бо так загадаў мне Госпад, кажучы: “Не еш хлеба і не пі вады, і не вяртайся тою дарогаю, па якой прыбыў”».
10 Такім чынам, пайшоў ён іншаю дарогаю, і не вярнуўся тою дарогаю, па якой ён прыйшоў у Бэтэль.
11 А ў Бэтэлі жыў адзін стары прарок; прыйшлі да яго сыны яго і расказалі яму пра ўсе справы, што зрабіў у той дзень чалавек Божы ў Бэтэлі, і словы, якія ён сказаў цару, таксама расказалі свайму бацьку.
12 І спытаўся ў іх бацька іх: «Якою дарогаю ён пайшоў?» Сыны яго паказалі яму дарогу, па якой пайшоў чалавек Божы, які прыбыў з Юды.
13 І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла». Калі яны асядлалі яму асла, ён сеў на яго,
14 і паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, калі ён сядзеў пад дубам, і сказаў яму: «Ці не ты чалавек Божы, які прыбыў з Юды?» Ён адказаў: «Я».
15 Ён сказаў яму: «Зайдзі да мяне ў дом, каб паесці хлеба».
16 Той кажа: «Не магу вярнуцца і пайсці з табою, і есці хлеб, і піць ваду ў гэтым месцы;
17 бо так мне было сказана ў слове Госпада: “Не еш хлеб і не пі там вады, і не вяртайся дарогаю, па якой прыйшоў”».
18 Сказаў ён яму: «І я прарок, падобны да цябе; і анёл сказаў мне па загадзе Госпада, кажучы: “Вярні яго з сабою ў дом свой, і хай ён есць хлеб і п’е ваду”».
19 Ён падмануў яго і павёў з сабою; такім чынам, ён еў хлеб, і піў ваду ў яго доме.
20 І калі сядзелі яны пры стале, Госпад накіраваў слова да прарока, які вярнуў яго з дарогі,
21 і сказаў ён да чалавека Божага, які прыйшоў з Юды, кажучы: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што ты не паслухаў слова Госпада і не захаваў прыказання, якое даў табе Госпад, Бог твой,
22 і вярнуўся, і еў хлеб, і піў ваду ў месцы, у якім Я забараніў табе есці хлеб і піць ваду, твой труп не будзе ўнесены ў магілу бацькоў тваіх”».
23 І, калі той з’еў хлеб і напіўся, ён асядлаў сабе асла прарока, які вярнуў яго;
24 і, калі ён паехаў, сустрэў яго леў на дарозе і забіў, і труп яго ляжаў, кінуты на дарозе; а каля яго стаяў леў.
25 І вось, праходзячы, людзі ўбачылі труп, кінуты на дарозе, і льва, што стаяў каля трупа; і яны пайшлі і паведамілі ў горадзе, у якім жыў той стары прарок.
26 Калі гэта пачуў той прарок, які яго завярнуў з дарогі, ён сказаў: «Гэта чалавек Божы, які не паслухаўся загаду Госпада, і аддаў яго Госпад ільву, і ён раздзёр яго і забіў паводле слова Госпада, якое сказаў яму Ён».
27 І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла!» Калі яны асядлалі
28 і ён паехаў, то знайшоў труп яго, кінуты на дарозе, і асла, і льва, што стаялі каля трупа; леў не еў трупа і не раздзёр асла.
29 Дык прарок падняў труп чалавека Божага, і паклаў яго на асла, і прывёз яго назад у горад старога прарока, каб паплакаць над ім і пахаваць яго.
30 І паклаў ён нябожчыка ў яго магіле, і плакаў над ім: «О мой браце!»
31 І, калі пахавалі яго, сказаў сваім сынам: «Калі я памру, пахавайце мяне ў магіле, у якой пахаваны чалавек Божы; каля касцей яго пакладзіце косці мае.
32 Бо напэўна споўніцца слова, якое сказаў Госпад адносна ахвярніка, што ў Бэтэлі, і адносна ўсіх свяцілішчаў на ўзгорках, якія ў гарадах Самарыі».
33 Пасля ўсяго гэтага Ерабаам не звярнуў з ліхой сваёй дарогі, але зноў рабіў ён святароў для ўзгоркаў з найгоршых людзей; хто толькі хацеў, таго пасвячаў у святары для ўзгоркаў.
34 З-за гэтай прычыны грашыў дом Ерабаама, і быў ён загублены і знішчаны з паверхні зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 13 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.