Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 6 1-я Цароў 6 раздзел

1 У чатырыста васьмідзесятым годзе па выхадзе ізраэльцаў з зямлі Егіпецкай, на чацвёрты год царавання Саламона над Ізраэлем, у месяцы Зіў, — гэта другі месяц, — пачаў ён будаваць дом Госпаду.
2 Дом, які цар Саламон будаваў для Госпада, меў шэсцьдзесят локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні.
3 І прысценак перад святыняй меў дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні святыні, і дзесяць локцяў шырыні перад святыняй.
4 І зрабіў ён у святыні наўскосныя вокны з кратамі,
5 і пабудаваў насупраць сцяны святыні кругавыя паверхі ў сценах дома вакол святыні і Дабіра, і зрабіў сцены кругом.
6 Меў ніжні паверх пяць локцяў шырыні, і сярэдні паверх — шэсць локцяў шырыні, і трэці паверх — сем локцяў шырыні; бо ён пабудаваў лесвіцу ў доме кругом звонку, каб бэлькі не ўваходзілі ў сцены святыні.
7 А пры пабудове дома карысталіся абчасанымі і найлепшымі камянямі; і ў святыні не было чутна ані молата, ані сякеры, ані якой-небудзь жалезнай прылады, калі яе будавалі.
8 Уваход жа на ніжні паверх быў з правага боку дома, і праз вітую лесвіцу можна было ўзысці на сярэдні паверх, і з сярэдняга — на трэці паверх.
9 І пабудаваў ён святыню, і скончыў яе; таксама абшыў ён святыню кедравымі дошкамі.
10 І пабудаваў ён да ўсяе святыні памост у пяць локцяў вышыні, і прымацаваў да святыні кедравымі бярвеннямі.
11 І прамовіў Госпад да Саламона, кажучы:
12 «Што да дома гэтага, які ты будуеш, то калі будзеш спаўняць пастановы Мае, і выконваць прыказанні Мае, і захоўваць усе настаўленні Мае, трымаючыся іх, Я споўню слова Маё табе, якое абяцаў Давіду, бацьку твайму;
13 і буду Я жыць між сыноў Ізраэля, і не пакіну народа Майго, Ізраэля».
14 Дык пабудаваў Саламон святыню, і закончыў яе.
15 І знутры абшыў сцены дома кедравымі дошкамі; ад падлогі дома аж да сценных бэлек і аж да столі ўнутры абшыў дрэвам, і падлогу дома пакрыў яловымі дошкамі.
16 І з задняга боку святыні паставіў сцяну з кедравых дошак у дваццаць локцяў вышыні ад падлогі да столі, і зрабіў у ёй унутры Дабір, гэта значыць святое з святых.
17 А сорак локцяў даўжыні мела сама святыня без святога з святых яе.
18 І кедравыя сцены ўнутры ўпрыгожвалі выразаныя плады і кветкі, якія распусціліся. Усё было абшыта кедравымі дошкамі, і каменя зусім не было відаць на сцяне.
19 А Дабір ён зрабіў у сярэдзіне дома, ва ўнутранай частцы яго, каб там паставіць каўчэг запавету Госпада.
20 Меў ён дваццаць локцяў даўжыні, і дваццаць локцяў шырыні, і дваццаць локцяў вышыні; і ён абклаў яго найчысцейшым золатам, і збудаваў кедравы ахвярнік перад Дабірам.
21 Таксама ўнутры Саламон абклаў святыню найчысцейшым золатам і нацягнуў залатыя ланцугі перад Дабірам, якое таксама абшыў золатам.
22 І нічога не было ў святыні, што б не было пакрыта золатам; але і ўвесь ахвярнік Дабіра пакрыў ён золатам.
23 І паставіў у святым з святых двух херубінаў з дрэва аліўкавага ў дзесяць локцяў вышыні.
24 Адно крыло херубіна мела пяць локцяў, і другое крыло мела таксама пяць локцяў, гэта значыць, ад канца аднаго крыла да канца другога крыла было дзесяць локцяў.
25 Другі херубін таксама меў дзесяць локцяў, абодва херубіны мелі аднолькавыя памеры і выгляд;
26 вышыня аднаго і другога херубіна была дзесяць локцяў.
27 І паставіў ён херубінаў у сярэдзіне ўнутранай часткі святыні; а крылы херубінаў былі раскінуты так, што крыло аднаго датыкалася да адной сцяны, а крыло другога датыкалася да другой сцяны; а другія крылы зыходзіліся ў сярэдзіне святыні крыло з крылом.
28 Таксама пакрыў ён херубінаў золатам.
29 І на ўсіх сценах святыні кругом выразаў розныя выявы; і на іх выразаў херубінаў, і пальмавыя дрэвы, і кветкі, што распусціліся, унутры і звонку.
30 Але і падлогу святыні пакрыў ён золатам, унутры і звонку.
31 І ўваходам у Дабір зрабіў ён дзверы з аліўкавага дрэва з пяцівугольнымі вушакамі.
32 І на дзвюх паловах дзвярэй з аліўкавага дрэва ён выразаў херубінаў, і пальмы, і кветкі, што распусціліся, і пакрыў іх золатам, золатам пакрыўшы херубінаў, і пальмы, і ўсё астатняе.
33 І ўваходам ў святыню ён зрабіў такім жа чынам чатырохвугольныя вушакі з аліўкавага дрэва,
34 і двое дзвярэй з яловага дрэва, і абедзве паловы адных дзвярэй былі падвоеныя і рухомыя.
35 І выразаў на іх херубінаў, і пальмы, і кветкі, што распусціліся, і пакрыў усё залатымі пласцінамі.
36 І аббудаваў ён унутраны панадворак трыма радамі адпаліраваных камянёў і адным радам часаных кедравых бярвенняў.
37 Дом Госпада быў заснаваны ў месяцы Зіў, у чацвёртым годзе,
38 і ў адзінаццатым годзе, у месяцы Буль, — гэта восьмы месяц, — была закончана святыня з усімі прыладамі яе і з ўсім упарадкаваннем; і будаваў ён яе сем гадоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 6 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.