Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 18 1-я Цароў 18 раздзел

1 Праз доўгі час, на трэці год, прамовіў Госпад да Іллі гэтыя словы: «Ідзі і пакажыся Ахабу, каб Я даў дождж на паверхню зямлі».
2 Такім чынам, пайшоў Ілля, каб паказацца Ахабу. А ў Самарыі быў страшэнны голад.
3 І паклікаў Ахаб Абдзію, аканома дома свайго. А Абдзія вельмі баяўся Госпада;
4 бо калі Езабэль забівала прарокаў Госпадавых, то ён узяў сто прарокаў і схаваў іх па пяцьдзесят у адной і ў другой пячоры, і карміў іх хлебам і вадой.
5 Дык сказаў Ахаб Абдзіі: «Прайдзі па зямлі па ўсіх водных крыніцах і па ўсіх лагчынах, можа, часам знойдзем дзе траву, каб зберагчы жывымі коней і мулаў, і не замарыць голадам жывёлы».
6 І падзялілі паміж сабой краіну, каб абысці яе: Ахаб пайшоў адной дарогай, і Абдзія — другой дарогай асобна.
7 І калі Абдзія быў у дарозе, выйшаў Ілля яму насустрач; ён, калі пазнаў яго, упаў на твар свой і сказаў: «Ці гэта ты, гаспадару мой, Ілля?»
8 Ён адказаў яму: «Так, я. Ідзі і скажы гаспадару твайму: “Вось, Ілля тут”».
9 І ён сказаў: «Чым я зграшыў, што ты аддаеш мяне, паслугача твайго, у рукі Ахаба, каб ён забіў мяне?
10 Жыве Госпад, Бог твой! Няма народа або царства, да якога б не паслаў гаспадар мой, каб цябе адшукаць, калі адказалі ўсе: “Няма яго тут”, — ён казаў прысягнуць кожнаму царству і кожнаму народу, што цябе нельга там знайсці.
11 І ты кажаш мне цяпер: “Ідзі і скажы гаспадару твайму: вось, Ілля тут”.
12 І, калі я адыду ад цябе, возьме цябе Дух Госпадаў у месца, якога я не ведаю, і, калі я пайду і паведамлю Ахабу, ён не знойдзе цябе, дык ён заб’е мяне. А паслугач твой баіцца Госпада ад маленства свайго.
13 Ці не было сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езабэль забівала прарокаў Госпадавых: што я тады схаваў сто чалавек з прарокаў Госпада па пяцьдзесят у кожнай пячоры і карміў іх хлебам і вадой?
14 І ты мне цяпер кажаш: “Ідзі і скажы гаспадару свайму: “Вось, Ілля тут”, каб ён забіў мяне”».
15 Але Ілля адказаў: «Жыве Госпад Магуццяў, перад абліччам Якога стаю: сёння я пакажуся яму».
16 Дык Абдзія пайшоў насустрач Ахабу і сказаў яму. І пайшоў Ахаб насустрач Іллі.
17 І, калі ўбачыў яго, сказаў: «Ці не ты той, хто трывожыць Ізраэль?»
18 І ён адказаў: «Не я трывожу Ізраэль, але ты і род бацькі твайго, бо вы пакінулі прыказанні Госпада і ты пайшоў за Баалам.
19 Аднак цяпер пашлі і збяры да мяне на гару Кармэль увесь Ізраэль, і чатырыста пяцьдзесят прарокаў Баала і чатырыста прарокаў Асэры, якія ядуць са стала Езабэлі».
20 Паслаў Ахаб па ўсіх сыноў Ізраэля, і сабраў прарокаў на гары Кармэль.
21 І звярнуўся тады Ілля да ўсяго народа і сказаў: «Дакуль будзеце кульгаць на абедзве нагі? Калі Госпад ёсць Бог, ідзіце за Ім; калі ж Баал, — ідзіце тады за ім». І народ ані слова не адказаў яму на гэта.
22 Тады Ілля зноў звярнуўся да народа: «Я адзін застаўся з прарокаў Госпада; а прарокаў Баала — чатырыста пяцьдзесят.
23 Хай дадуць нам двух быкоў, і хай яны выберуць сабе аднаго быка, і, пасекшы на часткі, пакладуць на дровы; але хай не падкладаюць агню! І я прыгатую другога быка, і пакладу яго таксама на дровы, але агню не падкладу.
24 Заклікайце да імя вашага бога, і я буду заклікаць да імя Госпада; і той бог, які выслухае і спашле агонь, Той ёсць сапраўдны Бог!» Увесь народ адказаў: «Добрае гэта слова».
25 І сказаў Ілля прарокам Баала: «Выберыце сабе аднаго быка і пачніце першыя, бо вас больш; заклікайце да імя бога вашага, і не падкладайце агню».
26 Калі ўзялі яны быка, якога даў ім, то прыгатавалі яго, і заклікалі да імя Баала ад раніцы аж да паўдня, крычучы: «Баал, выслухай нас!» І не было ані голасу, ані адказу. І скакалі кругом ахвярніка, які зрабілі.
27 І, калі быў ужо поўдзень, Ілля пачаў смяяцца з іх, кажучы: «Клічце мацней; бо гэта ж бог, і, можа, ён чым заняты, а можа, дзе выйшаў, а можа, у дарозе або спіць, хай абудзіцца!»
28 Дык моцным голасам крычалі яны і калечылі сябе, паводле свайго звычаю, нажамі і дзідамі, пакуль не палілася з іх кроў.
29 А пасля прыйшоў поўдзень і, пакуль яны прарочылі, прыйшоў час, калі звычайна ўскладваюцца ахвяры з ежы, і не чулася ніякага голасу, і ніхто не адказваў і не звяртаў увагі на малітву іх.
30 І сказаў Ілля ўсяму народу: «Падыдзіце да мяне». І, калі народ падышоў да яго, ён аднавіў ахвярнік Госпада, які быў развалены;
31 і прынёс ён дванаццаць камянёў паводле ліку пакаленняў сыноў Якуба, якому Госпад сказаў, кажучы: «Ізраэль будзе імя тваё».
32 І з тых камянёў пабудаваў ахвярнік імю Госпада, і выкапаў роў вакол ахвярніка, які змяшчаў дзве саты зерня.
33 І паклаў ён дровы, і рассек на часткі быка, і паклаў на дровы,
34 і сказаў: «Набярыце чатыры вядры вады і выліце на ахвяру і на дровы!» І зноў сказаў: «Зрабіце тое самае ў другі раз». Калі яны зрабілі гэта і ў другі раз, сказаў: «І ў трэці раз зрабіце тое самае». І зрабілі яны ў трэці раз,
35 і пацякла вада кругом ахвярніка, і роў быў запоўнены вадою.
36 І калі ўжо быў час ускладаць ахвяру з ежы, падышоў Ілля прарок і сказаў: «Госпадзе, Божа Абрагама, Ізаака і Ізраэля! Сёння пакажы, што Ты — Бог у Ізраэлі, і што я — паслугач Твой, і што паводле слова Твайго зрабіў усё гэта.
37 Выслухай мяне, Госпадзе, выслухай мяне, каб зразумеў гэты народ, што Ты, Госпадзе, — Бог, і Ты навярні зноў іх сэрца!»
38 І сышоў агонь Госпадаў, і спаліў ахвяру, і дровы, і камяні, а таксама попел і ваду, якая была ў рове, высушыў.
39 Калі ўбачыў гэта ўвесь народ, упаў на твар свой і сказаў: «Госпад — гэта Бог, Госпад — гэта Бог!»
40 І загадаў ім Ілля: «Схапіце прарокаў Баала, і хай ніводзін з іх не ўцячэ!» Калі іх схапілі, завёў іх Ілля да ручая Кісон і там пазабіваў іх,
41 і сказаў Ілля Ахабу: «Ідзі, еш і пі, бо гэта шум вялікага дажджу!»
42 І пайшоў Ахаб есці і піць. А Ілля ўзышоў на вяршыню Кармэля, і, нахіліўшыся да зямлі, схаваў твар свой між каленяў,
43 і сказаў ён паслугачу свайму: «Выйдзі і глянь на мора». Той, калі выйшаў, глянуў і сказаў: «Няма нічога». І Ілля сказаў яму: «Вяртайся сем разоў!»
44 І ў сёмы раз сказаў ён: «Вось, воблачка малое, нібы рука чалавечая, падымаецца з мора». І сказаў ён: «Ідзі і скажы Ахабу: “Запрагай і ад’язджай, каб не захапіў цябе дождж!”»
45 І неўзабаве здарылася: нябёсы пацямнелі ад хмар і ветру, і пачаўся лівень. А Ахаб сеў у калясніцу і накіраваўся ў Езрагэль.
46 Рука ж Госпадава дапамагала Іллі. І ён, падперазаўшы паясніцу сваю, пабег перад Ахабам і прыбыў у Езрагэль.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 18 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.