Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 19 1-я Цароў 19 раздзел

1 І расказаў Ахаб Езабэлі ўсё, што зрабіў Ілля і як пазабіваў ён усіх прарокаў мечам.
2 Тады Езабэль паслала да Іллі пасланца, каб сказаў: «Хай гэта зробяць мне багі і яшчэ дададуць, калі заўтра ў гэтую пару я не зраблю з тваёю душою тое, што зроблена з душою кожнага з іх».
3 Дык напалохаўся Ілля і, устаўшы, пайшоў, каб уратаваць жыццё сваё; і прыйшоў ён у Бээр-Сэбу юдэйскую, і пакінуў там свайго паслугача,
4 і сам пайшоў у пустыню на дзень дарогі, і, калі прыйшоў ён і сеў пад адзін з ядлоўцаў, то прасіў сабе смерці, і жаліўся: «Хопіць ужо мне, Госпадзе! Вазьмі душу маю; бо я не лепшы, чым бацькі мае».
5 І лёг ён, і заснуў у засені ядлоўцу; і вось анёл Госпадаў дакрануўся да яго і сказаў яму: «Устань і паеш!»
6 Глянуў ён: і вось, каля галавы яго хлеб, спечаны ў прысаку, і збан вады; дык ён паеў і папіў і зноў лёг спаць.
7 І другі раз вярнуўся анёл Госпадаў, і дакрануўся да яго, і сказаў яму: «Устань і еш, бо вялікая дарога ў цябе наперадзе».
8 Ён, калі ўстаў, паеў і папіў і, падсілкаваны тою ежай, ішоў сорак дзён і сорак начэй аж да гары Божай Гарэб.
9 І, прыбыўшы туды, заначаваў у пячоры. І вось, прамовіў да яго Госпад, і сказаў яму: «Што ты тут робіш, Ілля?»
10 А ён адказаў: «Запалаў я руплівасцю дзеля Госпада, Бога Магуццяў, бо сыны Ізраэля занядбалі запавет Твой, ахвярнікі Твае развалілі, а прарокаў Тваіх пазабівалі мечам, і застаўся я адзін, і на маё жыццё цікуюць, каб знішчыць яго».
11 І сказаў яму Госпад: «Выйдзі і стань на гары перад Госпадам». І вось, праходзіць Госпад, і моцны і вялікі вецер пераварочваў горы і разбіваў скалы перад Госпадам — у ветры няма Госпада. І пасля ветру землятрус — у землятрусе няма Госпада.
12 І па землятрусе агонь — у агні няма Госпада. І па агні — подых ціхага ветру.
13 Калі пачуў гэта Ілля, закрыў твар свой плашчом і, выйшаўшы, стаў ля ўваходу ў пячору; і, вось, голас, які кажа яму: «Ілля, што ты робіш тут?»
14 Ён адказаў: «Запалаў я руплівасцю дзеля Госпада, Бога Магуццяў, бо сыны Ізраэля занядбалі запавет Твой, развалілі ахвярнікі Твае і мечам пазабівалі прарокаў Тваіх: і застаўся я адзін, але і на маё жыццё цікуюць, каб знішчыць яго».
15 І сказаў яму Госпад: «Ідзі і вяртайся ў Дамаск праз пустыню дарогай сваёй; і, калі прыбудзеш, намасці Газаэля на цара Сірыі,
16 і Егу, сына Намсі, намасці на цара Ізраэля, а Элісея, сына Сафата, з Абэл-Мэхолы, памажаш на прарока замест сябе.
17 І станецца: хто ўхаваецца ад меча Газаэля, таго заб’е Егу, і хто ўцячэ ад меча Егу, таго заб’е Элісей.
18 І Я ў Ізраэлі пакіну сем тысяч: калені ўсіх, хто не ўкленчыў перад Баалам, і ўсе вусны, якія не цалавалі яго».
19 Дык, пайшоўшы адтуль, Ілля знайшоў Элісея, сына Сафата, які араў дванаццаццю парамі валоў, і сам быў пры дванаццатай. І, калі падышоў да яго Ілля, ён кінуў на яго плашч свой,
20 а той адразу ж, пакінуўшы валоў, пабег за Іллёй і сказаў: «Дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, каб пасля ісці за табой». І ён сказаў яму: «Ідзі і вяртайся, бо што я зрабіў табе?»
21 І ён, вярнуўшыся, узяў пару валоў і склаў іх у ахвяру, і на ярме валоў зварыў мяса і даў людзям, каб елі. І, сабраўшыся, пайшоў за Іллёй, і стаў яго слугой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 19 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.