Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 5 1-я Цароў 5 раздзел

1 Таксама Гірам, цар Тыра, паслаў да Саламона паслугачоў сваіх; бо пачуў, што яго намасцілі на цара на месца бацькі яго, паколькі Гірам увесь час быў сябрам Давіда.
2 А Саламон паслаў да Гірама, кажучы:
3 «Ты ведаеш волю Давіда, бацькі майго, і што не змог пабудаваць дом імю Госпада, Бога свайго, дзеля войнаў, што пагражалі яму, аж пакуль Госпад не паклаў іх пад ногі яго.
4 Цяпер жа Госпад, Бог мой, даў мне супакой з усіх бакоў; няма супраціўніка і няма нападзення ліхога.
5 Дзеля таго вырашыў я пабудаваць святыню імю Госпада, Бога майго, як загадаў Госпад Давіду, бацьку майму, кажучы: “Сын твой, якому Я дам пасад твой пасля цябе, ён пабудуе дом імю Майму”.
6 Дык ты загадай насекчы для мяне кедраў з Лібана, а мае паслугачы хай будуць разам з тваімі паслугачамі; я ж буду плаціць табе за паслугачоў тваіх, колькі ты загадаеш: бо ведаеш, напэўна, што ў маім народзе няма чалавека, які б умеў ссякаць дрэвы, як сідонцы».
7 Так, калі пачуў Гірам словы Саламона, дужа ўзрадваўся і сказаў: «Дабраславёны сёння Госпад, Які Давіду даў сына наймудрэйшага над гэтым шматлікім народам».
8 І паслаў Гірам да Саламона, кажучы: «Я пачуў тое, што ты мне загадаў сказаць, і я споўню кожнае жаданне тваё адносна дрэў кедравых і яловых.
9 Паслугачы мае даставяць іх з Лібана да мора, і я злучу іх у плыты, і дастаўлю морам у месца, якое ты мне вызначыш, і там размяшчу я іх, і ты забярэш іх; і ты дасі мне ўсё неабходнае, каб меў хлеб дом мой».
10 Так Гірам дастаўляў Саламону кедравыя дрэвы і кіпарысы паводле кожнага жадання яго.
11 А Саламон даваў Гіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на харчаванне дому яго і дваццаць кораў найчысцейшага алею; гэта дастаўляў Саламон Гіраму штогод.
12 Таксама даў Госпад мудрасць Саламону, як абяцаў яму; і быў мір між Гірамам і Саламонам, і яны абодва заключылі запавет.
13 І выбраў цар Саламон работнікаў з усяго Ізраэля лікам трыццаць тысяч чалавек.
14 І ён пасылаў іх у Лібан штомесяц па дзесяць тысяч на змену, так што па два месяцы яны былі ў сябе дома; і Аданірам быў загадчыкам над імі.
15 І ў Саламона было яшчэ семдзесят тысяч тых, што насілі цяжары, і восемдзесят тысяч каменябойцаў у гарах,
16 апрача трох тысяч трохсот наглядчыкаў, прызначаных Саламонам наглядаць за народам, які выконваў работу.
17 І цар загадаў, каб яны дастаўлялі камяні вялікія, камяні дарагія для падмуркаў святыні, камяні квадратныя;
18 такім чынам, абчэсвалі іх работнікі Саламонавы, работнікі Гірамавы і жыхары Гібла, дрэвы і камяні, і падрыхтоўвалі іх на пабудовы святыні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 5 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.