Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 21 1-я Цароў 21 раздзел

1 А пасля сталася гэта. Набот з Езрагэля меў вінаграднік у Езрагэлі побач з палацам Ахаба, цара Самарыі.
2 Дык Ахаб звярнуўся да Набота і сказаў: «Дай мне вінаграднік твой, а я зраблю з яго агарод, бо блізка ён і побач з домам маім. І дам табе за яго лепшы вінаграднік, або, калі табе гэта зручней, дам табе адпаведную плату срэбрам».
3 Набот адказаў яму: «Хай будзе ласкавы да мяне Госпад, каб я не аддаў табе спадчыну бацькоў маіх».
4 Такім чынам, прыйшоў Ахаб у свой дом сумны і разгневаны дзеля таго, што сказаў яму Набот з Езрагэля, кажучы: «Не дам табе спадчыны бацькоў маіх». І, лёгшы на ложак свой, адвярнуўся тварам да сцяны, і не еў хлеба.
5 І прыйшла да яго Езабэль, жонка яго, і спытала ў яго: «Што здарылася, чаму засумавала душа твая? І чаму ты не ясі хлеба?»
6 Ён адказаў ёй: «Бо гаварыў я з Наботам езрагэльцам і прасіў яго: “Дай мне вінаграднік твой, узяўшы плату; або, калі хочаш, дам табе за яго другі вінаграднік”. І ён сказаў: “Не дам табе майго вінаградніку”».
7 І сказала яму Езабэль, жонка яго: «Ты маеш вялікую ўладу і добра кіруеш царствам Ізраэля! Устань, і еж хлеб, і будзь спакойны: я дам табе вінаграднік Набота з Езрагэля».
8 Такім чынам, напісала яна ліст ад імя Ахаба і запячаткавала яго пярсцёнкам яго, і паслала старэйшынам і магнатам, якія жылі разам з Наботам у яго горадзе.
9 А змест пісьма быў такі: «Аб’явіце пост і пасадзіце Набота на чале народа,
10 і насупраць яго пасадзіце двух людзей, сыноў Бэліяла, і хай яны засведчаць: “Ты зняважыў Бога і цара”; і выведзіце яго, і ўкамянуйце, каб памёр».
11 Такім чынам, грамадзяне яго, старэйшыны і магнаты, якія жылі разам з ім у горадзе, зрабілі так, як ім загадала Езабэль і як было напісана ў лісце, які яна паслала ім.
12 Аб’явілі яны пост, і пасадзілі Набота на чале народа;
13 і прыйшлі два чалавекі, сыны Бэліяла, і селі насупраць яго, і сведчылі яны, як людзі д’ябальскія, супраць яго перад натоўпам людзей: «Набот блюзніў супраць Бога і цара». Таму вывелі яго за горад і ўкаменавалі.
14 І паслалі яны да Езабэлі, паведамляючы: «Набот укаменаваны і памёр».
15 І сталася, калі Езабэль пачула, што Набот укаменаваны і памёр, сказала яна Ахабу: «Устань і вазьмі вінаграднік Набота езрагэльца, які не захацеў згадзіцца з табою і за грошы аддаць яго табе; бо Набот ужо не жыве, але памёр».
16 Калі Ахаб пачуў, што, напэўна, Набот памёр, ён устаў і пайшоў у вінаграднік Набота езрагэльца, каб узяць яго ва ўласнасць.
17 Дык прамовіў Госпад да Іллі з Тэсбы гэтыя словы:
18 «Устань і выйдзі насустрач Ахабу, цару Ізраэля, які ў Самарыі; вось, ён у вінаградніку Набота, куды ён прыйшоў, каб узяць яго ва ўласнасць.
19 І скажаш яму вось што: “Гэта кажа Госпад: “Ты забіў, а звыш таго і абрабаваў?” І пасля гэтага дадасі: “Гэта кажа Госпад: “На тым месцы, на якім сабакі лізалі кроў Набота, будуць яны таксама лізаць тваю кроў”».
20 І сказаў Ахаб Іллі: «Ці ты знайшоў мяне, вораг мой?» А ён адказаў: «Знайшоў, бо ты запрадаўся, каб чыніць ліхое перад абліччам Госпада.
21 [І сказаў Госпад:] Вось, Я навяду на цябе ліха і адкіну будучыню тваю, і заб’ю ў Ахаба ўсіх мужчынскага роду, ці то падлетка, ці дарослага ў Ізраэлі.
22 І зраблю з домам тваім, як зрабіў з домам Ерабаама, сына Набата, і як з домам Баасы, сына Ахіі, бо ты рабіў усё, каб гнявіць Мяне, і Ізраэль уводзіў у грэх».
23 Але і адносна Езабэль сказаў Госпад, кажучы: «Езабэль з’ядуць сабакі на полі Езрагэля.
24 Хто ў Ахаба памрэ ў горадзе, таго з’ядуць сабакі; а хто памрэ на полі, таго з’ядуць паднебныя птушкі».
25 Такім чынам, не было другога такога, як Ахаб, які запрадаўся рабіць зло перад абліччам Госпада; бо намовіла яго Езабэль, жонка яго,
26 і зрабіўся ён агідным настолькі, што служыў ідалам, робячы ўсё, што рабілі амарэі, якіх знішчыў Госпад з-прад аблічча сыноў Ізраэля.
27 Такім чынам, калі Ахаб пачуў словы гэтыя, раздзёр ён адзенне сваё і апрануў на цела сваё зрэбніцу, і пасціў, і спаў у зрэбніцы, і хадзіў з паніклай галавою.
28 І зноў прамовіў Госпад да Іллі з Тэсбы, кажучы:
29 «Ці ты заўважыў, як Ахаб упакорыўся перада Мною? Дык за тое, што ён упакорыўся перада Мною, Я не навяду бяды ў яго дні, але ў дні сына яго навяду бяду на дом яго».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 21 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.