Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 22 1-я Цароў 22 раздзел

1 Такім чынам, прайшлі тры гады без вайны між Сірыяй і Ізраэлем.
2 А на трэці год Язафат, цар Юды, прыйшоў да цара Ізраэльскага,
3 і цар Ізраэля сказаў паслугачам сваім: «Ці вы не ведаеце, што Рамот у Галаадзе наш, і мы маўчым, замест таго каб забраць яго з рук цара сірыйскага?»
4 І звярнуўся ён да Язафата: «Ці ты пойдзеш са мною ваяваць за Рамот у Галаадзе?» І сказаў Язафат цару Ізраэля: «Як ты, так і я; народ мой і твой народ — гэта адно цэлае, і коннікі мае, і коннікі твае».
5 І сказаў тады Язафат цару Ізраэля: «Запытайся сёння, прашу цябе, што на гэта скажа Госпад».
6 Дык склікаў цар Ізраэля прарокаў каля чатырохсот чалавек, і спытаўся ў іх: «Ці маю я ісці ваяваць у Рамот у Галаадзе, ці не?» Яны адказалі: «Ідзі, і Госпад аддасць яго ў рукі цара».
7 І спытаўся Язафат: «Ці няма тут іншага прарока Госпадава, каб спытацца ў яго?»
8 І сказаў цар Ізраэля Язафату: «Ёсць яшчэ адзін чалавек, праз якога можам запытацца ў Госпада; але я яго ненавіджу, бо ён не прарочыць мне добрае, але ліхое: Міхей, сын Емлі». Язафат сказаў яму: «Не гавары так, цар».
9 І паклікаў цар Ізраэля аднаго еўнуха, і загадаў яму: «Паспяшайся і прывядзі Міхея, сына Емлі».
10 А цар Ізраэля і Язафат, цар Юды, сядзелі кожны на сваім пасадзе, апранутыя ў царскае адзенне, на плошчы каля ўваходу ў браму Самарыі; і перад імі прарочылі ўсе прарокі.
11 Таксама Сэдэцыя, сын Ханааны, зрабіў сабе жалезныя рогі і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Будзеш імі біць Сірыю, пакуль не знішчыш яе”».
12 І ўсе прарокі падобна прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот у Галаадзе і перамагай, і Госпад аддасць яго ў рукі цара».
13 А пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, сказаў яму, кажучы: «Вось, усе прарокі ў адзін голас прадказваюць цару добрае; дык і ты кажы, як яны, і гавары добрае».
14 Міхей сказаў яму: «Жыве Госпад, бо што скажа мне Госпад, тое і я скажу!»
15 Дык пайшоў ён да цара, і цар сказаў яму: «Міхей, ці маем мы ісці ваяваць у Рамот у Галаадзе, ці не?» Ён яму адказаў: «Ідзі і ваюй шчасліва, і Госпад аддасць яго ў рукі цара».
16 І сказаў яму цар: «Яшчэ і яшчэ раз заклінаю цябе прысягнуць, што мне ты кажаш праўду ў імя Госпада».
17 Тады ён сказаў: «Бачыў я ўвесь Ізраэль расцярушаным па гарах, як авечкі, якія не маюць пастуха. І сказаў Госпад: “Не маюць яны валадара; няхай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі”».
18 Такім чынам, сказаў тады цар Ізраэля Язафату: «Ці я табе не казаў, што ён заўсёды прарочыць мне не на дабро, а на ліха?»
19 А той працягваў далей: «Таму слухай слова Госпада. Бачыў я Госпада, Які сядзіць на Сваім пасадзе, і ўсё нябеснае войска, што стаяла каля Яго справа і злева.
20 І сказаў Госпад: “Хто падмане Ахаба, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім?” І адзін казаў так, а другі інакш.
21 І выступіў дух, і стаў перад Госпадам, і сказаў: “Я падману яго”. Сказаў яму Госпад: “Чым?”
22 А ён кажа: “Я выйду і стану духам хлуслівым у вуснах усіх яго прарокаў”. І Госпад сказаў: “Ты падманеш яго і пераможаш; ідзі і так рабі!”
23 Такім чынам, вось, Госпад даў цяпер духа хлусні ў вусны ўсіх тваіх прарокаў, якія тут знаходзяцца, і Госпад сказаў супраць цябе благое».
24 А Сэдэцыя, сын Ханааны, падышоў і ўдарыў Міхея ў сківіцу, і казаў: «Якім чынам адышоў дух Госпадаў ад мяне, каб прамаўляць да цябе?»
25 І Міхей адказаў: «Тым сам убачыш у той дзень, калі будзеш уваходзіць то ў адзін пакой, то ў іншы, каб схавацца».
26 І загадаў цар Ізраэля: «Вазьмі Міхея, і хай ён застанецца ў Амона, кіраўніка горада, і ў сына царскага Ёаса,
27 і скажы ім: так загадаў цар: “Пасадзіце гэтага чалавека ў вязніцу і карміце яго хлебам бяды і вадой гора аж да майго вяртання ў супакоі”».
28 А Міхей сказаў: «Калі ты вернешся ў супакоі, то не гаварыў Госпад праз мяне». І дадаў: «Слухайце гэта, усе народы!»
29 І пайшоў цар Ізраэля і Язафат, цар Юдэі, у Рамот у Галаадзе.
30 І казаў цар Ізраэля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бой; а ты апраніся ў твае шаты». І цар Ізраэля змяніў адзенне і пайшоў у бой.
31 А цар Сірыі загадаў трыццаці двум кіраўнікам калясніц, кажучы: «Не ваюйце ані з меншым, ані з большым, — ні з кім, акрамя аднаго толькі цара Ізраэля».
32 Дык калі кіраўнікі калясніц убачылі Язафата, то вырашылі, што ён — цар Ізраэля, і, напаўшы на яго, змагаліся супраць яго. І Язафат закрычаў;
33 і кіраўнікі калясніц зразумелі, што гэта не цар Ізраэля, і адступілі ад яго.
34 А адзін ваяр нацягнуў лук, не цэлячыся ні ў каго, і выпадкова раніў цара Ізраэля між засцежкамі і панцырам. І сказаў цар свайму каляснічаму: «Завярні і вывезі мяне з войска, бо я цяжка паранены».
35 Такім чынам, у той дзень разгарэўся бой, і цар стаяў у калясніцы сваёй супраць сірыйцаў, і памёр вечарам: а кроў ад удару сцякала ў сярэдзіну калясніцы.
36 І на захадзе сонца ва ўсім войску закрычалі: «Хай кожны вяртаецца ў горад свой і ў зямлю сваю!»
37 І памёр цар, і быў прывезены ён у Самарыю; і пахавалі цара ў Самарыі.
38 І вымылі калясніцу яго ў вадаёме ў Самарыі; і сабакі лізалі яго кроў, і блудніцы мыліся [у вадаёме] паводле слова Госпада, якое Ён гаварыў.
39 А іншыя дзеянні Ахаба, і ўсё, што ён рабіў, і дом са слановай косці, які пабудаваў, і ўсе гарады, якія пабудаваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
40 Такім чынам, супачыў Ахаб з бацькамі сваімі; і па ім цараваў сын яго Ахазія.
41 А Язафат, сын Асы, стаў царом Юды на чацвёрты год Ахаба, цара Ізраэля;
42 Язафат меў трыццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і дваццаць пяць гадоў цараваў ён у Ерузаліме. Маці яго называлася Азуба, і была дачкою Сэлаха.
43 І хадзіў ён ва ўсім дарогай бацькі свайго Асы і не сыходзіў з яе; і рабіў тое, што было справядлівым у вачах Госпада. Толькі ўзгоркі не знішчыў, бо народ яшчэ складаў ахвяры і кадзіў на ўзгорках.
44 І Язафат жыў мірна з царом Ізраэля.
45 А іншыя дзеянні Язафата і справы яго, якія ён мужна рабіў, і як ваяваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэйскіх?
46 Але і рэшткі распуснікаў, якія заставаліся ў дні бацькі яго Асы, ён знішчыў з зямлі.
47 А ў Эдоме не было тады цара, але намеснік царскі.
48 А цар Язафат пабудаваў караблі ў Тарсісе, каб плысці ў Афір па золата; і яны не паплылі, бо паразбіваліся ў Эцыён-Гебэры.
49 Тады Ахазія, сын Ахаба, сказаў Язафату: «Хай мае паслугачы пойдуць на караблі з тваімі паслугачамі». І Язафат не захацеў.
50 І Язафат супачыў з бацькамі сваімі, і быў разам з імі пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго; і па ім царом стаў сын яго Ярам.
51 А Ахазія, сын Ахаба, стаў царом у Самарыі на сямнаццаты год Язафата, цара Юды, і быў царом у Ізраэлі два гады.
52 І дапускаўся ён усяго таго, што ліхім было ў вачах Госпада, і хадзіў дарогаю бацькі свайго і дарогаю маці сваёй, і дарогаю Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль;
53 таксама служыў ён Баалу, і пакланяўся яму, і гнявіў Госпада, Бога Ізраэля, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 22 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.