Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 8 1-я Цароў 8 раздзел

1 Тады сабраў Саламон усіх старэйшын Ізраэля, — усіх князёў пакаленняў, усіх кіраўнікоў родаў сыноў Ізраэля да цара Саламона ў Ерузалім, каб перанесці каўчэг запавету Госпада з горада Давідавага, гэта значыць з Сіёна.
2 І сабраўся да цара Саламона ўвесь Ізраэль у месяцы Этанім на свята — гэта сёмы месяц.
3 І папрыходзілі ўсе старэйшыні Ізраэля, і святары ўзялі каўчэг,
4 і перанеслі каўчэг Госпада, і палатку сустрэчы і ўсе святыя рэчы, якія былі ў палатцы; і неслі іх святары і левіты.
5 А цар Саламон і ўся супольнасць Ізраэля, якая сабралася пры ім, з ім ускладала перад каўчэгам у ахвяру авечак і валоў, так многа, што ані ацаніць, ані падлічыць.
6 І ўнеслі святары каўчэг запавету Госпада на сваё месца ў Дабір святыні, у святое з святых, пад крылы херубінаў.
7 Бо херубіны раскідвалі крылы над месцам каўчэга і закрывалі каўчэг і яго жэрдкі зверху.
8 І хаця жэрдкі вытыркваліся, і канцы іх паказваліся звонку ў свяцілішчы перад Дабірам, больш не было іх бачна звонку; і яны там знаходзяцца аж да гэтага дня.
9 А ў каўчэгу не было нічога, апрача дзвюх каменных табліц, якія туды паклаў Майсей у Гарэбе, калі Госпад заключыў запавет з сынамі Ізраэля ў час іх выхаду з зямлі Егіпецкай.
10 Здарылася ж, калі святары выйшлі са свяцілішча, што воблака запоўніла дом Госпадаў,
11 і не маглі святары стаяць і спаўняць службу з-за таго воблака; бо хвала Госпадава запоўніла дом Госпадаў.
12 Тады Саламон сказаў: «Госпад сказаў, што будзе жыць у воблаку.
13 Будуючы, я пабудаваў дом на пражыванне Табе, пасад Твой наймацнейшы на векі».
14 І павярнуў цар аблічча сваё, і дабраславіў увесь сход Ізраэля; бо ўвесь сход Ізраэля стаяў.
15 І маліўся ён: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які сказаў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, тое і здзейсніў рукамі Сваімі, кажучы:
16 “Ад таго дня, у які Я вывеў народ Мой, Ізраэль, з Егіпта, з усіх пакаленняў Ізраэля не выбраў Я горада для пабудовы святыні, каб імя Маё прабывала там; але Я выбраў Давіда, каб быў ён над народам Маім, Ізраэлем”.
17 І Давід, бацька мой, захацеў збудаваць дом імю Госпада, Бога Ізраэля,
18 але сказаў Госпад Давіду, бацьку майму: “Тое, што ты задумаў у сэрцы сваім, каб збудаваць дом імю Майму, добра ты зрабіў, абдумваючы гэта;
19 аднак ты не пабудуеш дом, але сын твой, які выйдзе са сцёгнаў тваіх, ён пабудуе дом імю Майму”.
20 Здзейсніў Госпад слова Сваё, якое сказаў; і заняў я месца бацькі майго, Давіда, і сеў на пасадзе Ізраэля, як прадказаў Госпад, і пабудаваў я дом імю Госпада, Бога Ізраэля.
21 І там прыгатаваў я месца для аркі, у якой ёсць запавет Госпада, які Ён заключыў з бацькамі нашымі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай».
22 І стаў Саламон перад ахвярнікам Госпада ў прысутнасці ўсяго сабранага Ізраэля, і працягнуў рукі свае ў неба, і маліўся:
23 «О Госпадзе, Божа Ізраэля! Няма падобнага да Цябе Бога ані ў небе ўверсе, ані на зямлі ўнізе; Ты захоўваеш запавет і міласэрнасць для паслугачоў Сваіх, якія служаць Табе ўсім сэрцам сваім;
24 Ты споўніў для слугі Твайго, Давіда, бацькі майго, тое, што паабяцаў яму: Ты вуснамі Сваімі сказаў і здзейсніў рукамі Сваімі, як і сённяшні дзень пацвярджае.
25 Дык цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, споўні паслугачу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што абяцаў яму, кажучы: “Не будзе забраны ў цябе нашчадак з-прад аблічча Майго. Ён будзе сядзець на пасадзе Ізраэля, калі сыны твае будуць трымацца дарогі Маёй, каб хадзіць перада Мною, як ты хадзіў перад абліччам Маім”.
26 І зараз, Госпадзе, Божа Ізраэля, хай спраўдзяцца словы Твае, якія гаварыў Ты слузе Твайму, Давіду, бацьку майму.
27 Ці ж можна падумаць, што Бог сапраўды будзе прабываць на зямлі? Бо калі неба і нябёсы нябёсаў не могуць ахапіць Цябе, што ж тады гэты дом, які Я пабудаваў!
28 Але Ты зваж на маленне паслугача Твайго і на просьбы яго, Госпадзе, Божа мой; пачуй лямант і малітву, якою прызывае Цябе сёння паслугач Твой,
29 каб звернуты былі вочы Твае да дома гэтага ноччу і днём, да месца, пра якое Ты казаў: “Там будзе імя Маё”, каб Ты выслухаў малітву, якою ўпрошвае Цябе паслугач Твой у гэтым месцы,
30 каб Ты выслухаў просьбу паслугача Твайго і народа Твайго, Ізраэля, аб чым будуць прасіць Цябе на гэтым месцы; і ты пачуеш з месца прабывання Твайго, у нябёсах, і, калі выслухаеш, будзеш спагадны.
31 Калі хто зграшыць супраць блізкага свайго, а пасля той пакліча яго да прысягі перад Тваім ахвярнікам у гэтай святыні,
32 тады Ты выслухай з неба і правядзі суд, і рассудзі паслугачоў Тваіх, ліхога асуджаючы, каб на галаву яго спала адказнасць за яго ўчынкі, а справядлівага апраўдваючы і адплочваючы яму за яго справядлівасць.
33 Калі народ Твой, Ізраэль, будзе пабіты ворагамі сваімі за тое, што ён зграшыў адносна Цябе, і яны, навярнуўшыся і прызываючы імя Тваё, прыйдуць і будуць прасіць Цябе ў гэтым доме,
34 то Ты выслухай іх з неба і даруй грэх народа Твайго, Ізраэля, і вярні іх ізноў у зямлю, якую Ты даў бацькам іх.
35 Калі неба замкнецца і не будзе дажджу з-за грахоў іх і калі яны будуць маліцца ў гэтым месцы і прызываць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх дзеля кары,
36 тады Ты выслухай іх з неба і адпусці грахі паслугачоў Тваіх і народа Твайго, Ізраэля, і пакажы ім дарогу добрую, якой маюць ісці, і дай дождж на Тваю зямлю, якую Ты даў народу Свайму ва ўласнасць.
37 Калі на зямлі з’явяцца голад, або пошасць, або ржа, або жаўтуха, або саранча ці бяскрылая саранча, або калі вораг ударыць па ім, асаджаючы брамы яго, або калі прыйдзе якая кара ці хвароба,
38 то ўсякую малітву і просьбу кожнага чалавека з народа Твайго, Ізраэля, калі хто, устрывожаны карай у сэрцы сваім, працягне рукі свае да гэтай святыні,
39 Ты выслухай з неба, з месца прабывання Свайго, і зноў злітуйся, і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў яго, бо Ты бачыш сэрца яго, бо Ты толькі адзін ведаеш сэрцы ўсіх сыноў чалавечых,
40 каб яны баяліся Цябе ўва ўсе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
41 Таксама калі іншаземец, які не з Твайго народа Ізраэля, прыйдзе з далёкага краю дзеля імя Твайго,
42 бо паўсюль будзе чутна пра імя Тваё вялікае, і руку Тваю моцную, і плячо Тваё ўзнятае, — такім чынам, калі прыйдзе ён і будзе прасіць у гэтым месцы,
43 Ты выслухай з неба, з месца прабывання Свайго, і зрабі ўсё, пра што прасіць Цябе будзе чужынец, каб ведалі ўсе народы зямлі імя Тваё ды баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраэль, і каб ведалі, што імем Тваім называецца гэтая святыня, якую я пабудаваў.
44 Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх дарогаю, якою Ты іх пашлеш, і калі яны памоляцца да Цябе, звярнуўшыся да горада, які Ты выбраў, і да святыні, якую я пабудаваў імю Твайму,
45 Ты выслухай з неба маленні іх і просьбы іх, і ўчыні ім справядлівасць.
46 Калі ў чым яны зробяць грэх адносна Цябе, — бо няма чалавека, які б не грашыў, — і Ты прагневаешся і аддасі іх у рукі ворагаў іх, і яны, як паланёныя, будуць выведзеныя ў зямлю ворагаў далёка або блізка,
47 і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у месцы палону іх і, навярнуўшыся, будуць прасіць Цябе, у няволі сваёй кажучы: “Зграшылі мы, ліха чынілі, беззаконне рабілі”;
48 і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй у зямлі ворагаў сваіх, куды яны былі прыведзены, паланёныя, і будуць Цябе маліць, звярнуўшыся ў бок зямлі сваёй, якую даў Ты бацькам іх, і да горада, які Ты выбраў, і да святыні, якую пабудаваў я імю Твайму,
49 то Ты выслухай з неба, цвярдыні пасада Свайго, маленні іх і просьбы іх, і ўчыні суд для іх,
50 і пашкадуй народ Свой, які зграшыў перад Табой, і прабач усе правіннасці іх, якімі спракудзіліся адносна Цябе, і акажы ім міласэрнасць перад абліччам тых, якія ўзялі іх у палон, каб яны злітаваліся над імі,
51 бо гэта — народ Твой і спадчына Твая, Ты вывеў іх з зямлі Егіпецкай, з сярэдзіны жалезнай печы, —
52 каб вочы Твае былі адкрытыя на малітву паслугача Твайго і народа Твайго, Ізраэля, і Ты выслухай іх ува ўсім, пра што яны моляць Цябе.
53 Бо Ты выдзеліў іх з усіх народаў у спадчыну Сабе, як сказаў Ты праз паслугача Свайго Майсея, калі Ты, Госпадзе Божа, вывеў бацькоў нашых з Егіпта».
54 Калі Саламон скончыў усю малітву і гэтую просьбу да Госпада, ён устаў перад ахвярнікам Госпада, бо ён стаяў на зямлі, укленчыўшы на абодва калены, і рукі ўзнімаў у неба.
55 Дык устаў ён і дабраславіў, узвысіўшы голас, усю супольнасць Ізраэля, кажучы:
56 «Дабраславёны Госпад, Які даў супакой народу Свайму, Ізраэлю, усё, як прадказваў. І не загінула аніводнае слова з усяго добрага, што Ён сказаў праз Майсея, паслугача Свайго.
57 Хай будзе Госпад, Бог наш, з намі, як быў з бацькамі нашымі, Які не пакідае нас і не адкідвае,
58 але хай Ён нахіне сэрцы нашыя да Сябе, каб мы хадзілі ўсімі Яго дарогамі і выконвалі прыказанні Яго, і пастановы, і загады, якія Ён даў бацькам нашым.
59 І хай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся перад Госпадам, блізкія Госпаду, Богу нашаму, днём і ноччу, каб Ён чыніў суд над паслугачом Сваім і народам Сваім, Ізраэлем, штодзень,
60 каб ведалі ўсе народы зямлі, што Сам Госпад ёсць Бог, і няма іншага, акрамя Яго.
61 Таксама хай будзе сэрца вашае шчырым з Госпадам, Богам нашым, каб хадзілі вы паводле пастановаў Яго і захавалі прыказанні Яго, як гэта ёсць сёння».
62 Пасля гэтага цар і ўвесь Ізраэль разам з ім ускладалі ахвяры перад Госпадам.
63 І Саламон закалоў ахвяры прымірэння, якія ўсклаў Госпаду: дваццаць дзве тысячы валоў і сто дваццаць тысяч авечак. І прысвяцілі святыню Госпаду цар і ўсе сыны Ізраэля.
64 У той дзень цар асвяціў сярэднюю частку панадворка, што быў перад домам Госпада; бо ўсклаў там ахвяру цэласпалення, і ахвяру з мукі, і тлушч ахвяраў прымірэння, бо ахвярнік медны, які быў перад Госпадам, быў даволі малы і не мог памясціць ахвяру цэласпалення, і ахвяру з мукі, і тлушч ахвяраў прымірэння.
65 Саламон святкаваў у той час урачыстае свята, і ўвесь Ізраэль з ім, вялікае мноства людзей ад уваходу ў Эмат аж да ручая Егіпецкага, перад Госпадам, Богам нашым, на працягу сямі дзён.
66 І ў восьмы дзень ён адпусціў народ, яны, дабраславіўшы цара, вырушылі ў свае палаткі, з вясёлым сэрцам з-за ўсяго добрага, што зрабіў Госпад Давіду, паслугачу Свайму, і Ізраэлю, народу Свайму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 8 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.