Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 20 1-я Цароў 20 раздзел

1 А Бэнадад, цар сірыйскі, сабраў усё сваё войска, і трыццаць два цары былі з ім, таксама коні і калясніцы, і, устаўшы, ён змагаўся супраць Самарыі, і абкладваў яе.
2 І паслаў ён пасланцоў да Ахаба, цара Ізраэля, у горад
3 сказаць: «Гэта кажа Бэнадад: “Срэбра тваё, і золата тваё — маё, і жонкі твае, і сыны твае найлепшыя — мае”».
4 І цар Ізраэльскі адказаў: «Паводле слова твайго, гаспадару мой, цар, я твой, і ўсё маё— тваё».
5 І вярнуліся пасланцы, і сказалі: «Гэта кажа Бэнадад: “З-за таго, што паслаў я да цябе сказаць: срэбра тваё, і золата тваё, і жонак тваіх, і сыноў тваіх ты дасі мне,
6 напэўна, заўтра гэтай жа парою я прышлю паслугачоў маіх да цябе, і абшукаюць яны твой дом, і дамы паслугачоў тваіх, і ўсё, што каштоўнае ў вачах тваіх, возьмуць яны ў рукі свае і забяруць”».
7 І склікаў цар Ізраэльскі ўсіх старэйшын зямлі і сказаў: «Заўважце і паглядзіце, як ён наладжвае нам засаду, бо ён паслаў да мяне па жонак маіх, па сыноў, па срэбра і па золата, — і я не адмовіў яму».
8 І сказалі яму ўсе старэйшыны і ўвесь народ: «Не слухай і не згаджайся з ім».
9 Такім чынам, адказаў ён пасланцам Бэнадада: «Скажыце гаспадару майму цару: “Усё, па што ты пасылаў спачатку да мяне, паслугача твайго, я зраблю, але гэтае рэчы не магу зрабіць”». І вярнуліся пасланцы, і прынеслі яму адказ.
10 Паслаў іх зноў Бэнадад сказаць: «Хай гэта зробяць мне багі і яшчэ дададуць, калі хопіць пылу самарыйскага па жмені для ўсіх людзей, якія ідуць за мною!»
11 Цар Ізраэльскі прамовіў у адказ: «Скажыце яму: хай не хваліцца падперазаны мечам, як той, хто яго здымае».
12 Калі пачуў гэты адказ цар, які піў сам і цары з ім у палатках, і сказаў ён паслугачам сваім: «Акружыце горад!» І яны акружылі яго.
13 І вось нейкі прарок падышоў да Ахаба, цара Ізраэля, і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Ці бачыш ты ўвесь гэты вялікі натоўп? Вось, Я сёння аддам яго ў рукі твае, каб ведаў ты, што Я — Госпад”».
14 І спытаўся Ахаб: «Праз каго?» І той адказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Праз паслугачоў кіраўнікоў правінцый”». І ён спытаў: «Хто мае пачаць бой?» І той адказаў: «Ты».
15 Дык палічыў ён паслугачоў кіраўнікоў правінцый, і налічыў іх дзвесце трыццаць два; і пасля іх палічыў народ, усіх сыноў Ізраэля, і налічыў сем тысяч.
16 І выйшлі яны апоўдні, калі Бэнадад, п’яны, піў у палатках разам з трыццаццю двума царамі, якія прыйшлі яму на дапамогу.
17 Выйшлі ж найперш паслугачы кіраўнікоў правінцый. Такім чынам, паслаў Бэнадад пасланцоў, і яны паведамілі яму: «Выйшлі людзі з Самарыі».
18 І ён сказаў: «Калі прыйшлі яны з супакоем, схапіце іх жывымі; і калі ваяваць — схапіце іх жывымі».
19 І выйшлі з горада паслугачы кіраўнікоў правінцый, а рэшта войска ішла за імі,
20 і перамаглі яны тых, што ішлі супраць іх; і сірыйцы пачалі ўцякаць, а ізраэльцы гналі іх. І Бэнадад, цар Сірыі, таксама ўцёк на кані з коннікамі.
21 І выйшаў цар Ізраэльскі, і ўдарыў коней і калясніцы, і ўдарыў ён Сірыю вялікай карай.
22 І падышоў прарок да цара Ізраэля і сказаў яму: «Ідзі і будзь адважны, і ведай, і глядзі, што робіш; бо ў будучым годзе цар Сірыі пойдзе супраць цябе».
23 А паслугачы цара сірыйскага сказалі яму: «Бог гор — іх Бог, таму яны перамаглі нас; а мы нападзём на іх на раўніне, і пераможам іх.
24 Такім чынам, зрабі так: паскідай усіх цароў з іх месцаў, і пастаў на іх месца намеснікаў;
25 і набяры столькі войска, колькі загінула ў цябе, і коней, колькі раней было, і столькі калясніц, колькі ты меў раней, і будзем ваяваць супраць іх на раўніне, і ўбачыце, што мы іх пераможам». І ён паслухаў іх парады, і зрабіў гэтак.
26 Такім чынам, праз год Бэнадад сабраў сірыйцаў і пайшоў у Афэк ваяваць з Ізраэлем.
27 А сыны Ізраэля пералічылі сваіх, і, узяўшы харчы, выйшлі насупраць іх, і расклаліся лагерам насупраць іх, як два невялічкія статкі коз; а сірыйцы напоўнілі зямлю.
28 І падышоў чалавек Божы да цара Ізраэля, і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што сірыйцы сказалі: “Госпад — Бог гор, а не Бог раўнін”, — усё гэта вялікае мноства Я аддам у рукі твае, каб ведалі вы, што Я — Госпад”».
29 Сем дзён рыхтавалі баявыя страі адны супраць другіх, а ў сёмы дзень распачаўся бой; і сыны Ізраэля забілі сто тысяч сірыйскай пяхоты ў адзін дзень.
30 А той, хто заставаўся ў Афэку, уцёк у горад, і на дваццаць сем тысяч чалавек, якія там засталіся, паваліўся мур. А Бэнадад, уцякаючы, увайшоў у горад, у пакой, што знаходзіўся ўнутры іншага пакоя.
31 І сказалі яму паслугачы яго: «Вось, мы чулі, што цары дому ізраэльскага міласцівыя, дык надзеньма рыззё на клубы свае і вяроўкі на шыі свае і выйдзем да цара Ізраэля: можа, ён збавіць душу тваю».
32 Адзелі яны клубы свае ў рыззё, і налажылі вяроўкі на шыі свае, і прыйшлі да цара Ізраэльскага, і сказалі: «Паслугач твой Бэнадад кажа: “Малю цябе, хай жыве душа мая”». І той сказаў: «Калі ён яшчэ жывы, ён — брат мой».
33 Людзі тыя прынялі гэта за добры знак і, спяшаючыся, злавілі яго на слове і сказалі: «Бэнадад — брат твой». І ён загадаў ім: «Ідзіце і прывядзіце яго». Такім чынам, прыйшоў да яго Бэнадад, і ён пасадзіў яго да сябе ў калясніцу.
34 І сказаў яму Бэнадад: «Гарады, якія мой бацька забраў у бацькі твайго, я вярну; і ты зрабі сабе ў Дамаску вуліцы, як бацька мой зрабіў у Самарыі». Ахаб сказаў: «А я пасля дамовы адпушчу цябе». І заключыў ён з ім дамову, і адпусціў яго.
35 Тады адзін чалавек з сыноў прарокаў сказаў сябру свайму па слове Госпада: «Удар мяне!» Але ён не хацеў ударыць.
36 Ён сказаў яму: «За тое, што ты не захацеў паслухаць голас Госпада, вось, як толькі ты адыдзеш ад мяне, то нападзе на цябе леў!» І калі той трохі адышоў, напаў на яго леў і забіў яго.
37 А ён, напаткаўшы іншага чалавека, сказаў яму: «Удар мяне!» Ён ударыў яго і скалечыў.
38 Такім чынам, пайшоў той прарок і спаткаў цара на дарозе, і змяніў выгляд, завязаўшы хустку на вочы свае.
39 І калі цар праходзіў міма, ён паклікаў цара і сказаў: «Паслугач твой пайшоў змагацца ўрукапашную; і калі адзін чалавек уцёк, хтосьці прывёў яго да мяне, і сказаў: “Пільнуй гэтага чалавека! Калі ён прападзе, твая душа будзе за яго душу, або адважыш талент срэбра”.
40 А пакуль я, заклапочаны, круціўся тут і там, ён раптам знік». І сказаў яму цар Ізраэля: «Гэта табе прысуд, ты сам яго назваў».
41 А ён раптам зняў хустку з вачэй сваіх, і цар Ізраэля пазнаў, што гэта прарок.
42 Прарок сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што выпусціў ты са сваёй рукі чалавека, якога Я асудзіў на пагібель, душа твая будзе за яго душу, і народ твой — за народ яго”».
43 І пайшоў цар Ізраэля ў дом свой сумны і разгневаны, і прыбыў у Самарыю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 20 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.