Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 12 1-я Цароў 12 раздзел

1 І пайшоў Рабаам у Сіхэм, бо там сабраўся ўвесь Ізраэль паставіць яго царом.
2 Пачуў гэтую вестку Ерабаам, сын Набата, калі яшчэ быў уцекачом ад цара Саламона ў Егіпце, і вярнуўся Ерабаам з Егіпта.
3 І паслалі паклікаць яго. Дык прыйшоў Ерабаам і ўся супольнасць Ізраэля, і прамовілі яны да Рабаама, кажучы:
4 «Бацька твой наклаў на нас ярмо найцяжэйшае; а ты цяпер зменшы крыху вельмі жорсткую ўладу бацькі твайго і найцяжэйшае ярмо яго, якое наклаў ён на нас, і мы будзем служыць табе».
5 Ён сказаў ім: «Ідзіце і праз тры дні вярніцеся да мяне». І, калі народ адышоў,
6 цар Рабаам раіўся са старэйшынамі, якія знаходзіліся пры Саламоне, бацьку яго, калі ён яшчэ жыў, і сказаў ён: «Што вы параіце мне адказаць гэтаму народу?»
7 Яны сказалі яму: «Калі сёння паслухаеш гэты народ і будзеш служыць яму, і споўніш іх просьбу, і будзеш гаварыць да іх словы спагадныя, будуць яны табе паслугачамі ва ўсе дні».
8 Але ён адкінуў раду старэйшых, якую яны яму далі, і раіўся з маладымі, што гадаваліся разам з ім, якія былі ў яго дарадчыкамі.
9 І сказаў ён ім: «Што вы параіце мне адказаць народу гэтаму, які казаў мне: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое наклаў на нас бацька твой”»?
10 І маладыя, якія разам з ім гадаваліся, сказалі яму: «Так скажы гэтаму народу, які казаў табе, кажучы: “Бацька твой уцяжыў ярмо нашае, а ты зрабі нам палёгку”; ты скажы ім так: “Найменшы палец мой — грубейшы за сцёгны бацькі майго.
11 Дык вось, бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я яшчэ дадам да вашага ярма; бацька мой караў вас бізунамі, а я буду караць вас скарпіёнамі”».
12 Такім чынам, трэцяга дня прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рабаама, як ім сказаў цар: «Вернецеся да мяне праз тры дні».
13 І адказаў цар народу жорстка, бо не пайшоў ён за парадаю старэйшых, якую яны яму давалі,
14 і сказаў ім паводле рады маладых, кажучы: «Бацька мой уцяжарыў ваша ярмо, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас бізунамі, а я буду вас караць скарпіёнамі».
15 І не паслухаў цар народа, бо так быў настроены Госпадам, каб споўнілася слова Яго, якое Госпад сказаў праз Ахію з Сіло Ерабааму, сыну Набата.
16 Такім чынам, увесь Ізраэль, бачачы, што цар не хоча іх слухаць, у адказ сказаў яму: «Якая нам частка ў Давіда або якая спадчына ў сыне Ясэя? Ізраэлю, разыходзьцеся ў палаткі свае! Цяпер, Давід, глядзі на дом свой!» І разышоўся Ізраэль па палатках сваіх.
17 І Рабаам цараваў над тымі сынамі Ізраэля, якія жылі ў гарадах Юдэі.
18 Паслаў цар Рабаам Аданірама, які быў наглядчыкам за данінаю; і ўвесь Ізраэль укаменаваў яго, і ён памёр. А цар Рабаам паспешна сеў у калясніцу і ўцёк у Ерузалім.
19 І адышоў Ізраэль ад роду Давіда аж да цяперашняга дня.
20 Здарылася ж, калі пачуў увесь Ізраэль, што вярнуўся Ерабаам, то паслалі па яго і паклікалі яго, склікаўшы сход, і паставілі яго царом над усім Ізраэлем; і пры доме Давіда не засталося нікога, апрача аднаго пакалення Юды.
21 І вярнуўся Рабаам у Ерузалім, і сабраў увесь дом Юды і пакаленне Бэньяміна, сто восемдзесят тысяч адборных ваяроў, каб пачаць вайну з Ізраэлем і вярнуць царства Рабааму, сыну Саламона.
22 А сталася, што прамовіў Госпад да Сямэі, чалавека Божага, гэтыя словы:
23 «Скажы Рабааму, сыну Саламона, цару Юды, і ўсяму дому Юды і Бэньяміна, і рэшце народа, кажучы:
24 “Гэта кажа Госпад: “Не выходзьце і не ваюйце супраць братоў вашых, сыноў Ізраэля; хай кожны вяртаецца ў дом свой; бо ад Мяне гэта сталася”». Яны паслухаліся слова Госпадава і вярнуліся назад, як загадаў ім Госпад.
25 І пабудаваў Ерабаам Сіхэм на гары Эфраім, і абжыўся там, а потым выйшаў адтуль і пабудаваў Пэнуэль.
26 І сказаў Ерабаам у сэрцы сваім: «Цяпер царства можа вярнуцца да дому Давіда,
27 калі народ гэты будзе хадзіць ускладаць ахвяры ў святыні Госпада ў Ерузаліме, то захоча таксама сэрца народа гэтага вярнуцца да гаспадара свайго, Рабаама, цара Юды, і яны заб’юць мяне і вернуцца да Рабаама, цара Юды».
28 Таму, прыдумаўшы рашэнне, цар зрабіў двух залатых цяльцоў і сказаў народу: «Не хадзіце болей у Ерузалім! Вось багі твае, Ізраэлю, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай».
29 І паставіў аднаго ў Бэтэлі, і другога падараваў у Дане;
30 і гэта прывяло да граху: бо народ стаў хадзіць да аднаго з іх аж у Дан.
31 І паставіў ён свяцілішчы на ўзгорках і зрабіў святарамі ліхіх людзей, якія не былі левітамі.
32 І ўстанавіў ён свята ў восьмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, падобны да таго свята, якое святкавалася ў Юдзе. І сам узыходзіў на ахвярнік; зрабіў ён так у Бэтэлі, ускладаючы крывавую ахвяру цяльцам, якіх сам зрабіў; і паставіў ён у Бэтэлі святароў для ўзгоркаў, якія пабудаваў.
33 І ўзышоў ён на ахвярнік, які зрабіў у Бэтэлі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, які ў сэрцы сваім прыдумаў; і ўстанавіў свята для сыноў Ізраэля, і ўзышоў на ахвярнік, каб скласці каджэнне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 12 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.