Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

1 Цароў 7 1-я Цароў 7 раздзел

1 А свой дом будаваў Саламон трынаццаць гадоў, пакуль цалкам закончыў яго.
2 Таксама збудаваў ён дом з лесу лібанскага ў сто локцяў даўжыні, і пяцьдзесят локцяў шырыні, і трыццаць локцяў вышыні на чатырох радах кедравых слупоў, і кедравыя бярвенні былі пакладзеныя на слупы.
3 І дах быў кедравы, на вышыні, на сарака пяці плітах, што размяшчаліся на слупах, па пятнаццаць у адным радзе, —
4 і тры крайнія рады, акно ля акна тры разы.
5 Дзверы, гэта значыць, вушакі, мелі чатырохвугольны край.
6 І зрабіў ён прысенак са слупамі ў пяцьдзесят локцяў даўжыні і трыццаць локцяў шырыні, і другі прысенак перад большым прысенкам, і слупы, і агароджу перад імі.
7 Апрача гэтага, зрабіў прысенак з пасадам, дзе быў суд, і абшыў яго дошкай кедравай ад падлогі і аж да столі.
8 І дом, у якім жыў, быў у іншай зале ўнутры прысенка, і такім жа чынам зроблены. Збудаваў ён таксама дом, падобны да таго прысенка, для дачкі фараона, якую ўзяў за жонку Саламон.
9 Усё было з адборных камянёў, якія былі распілаваны па пэўным узоры і памеры, як унутры, так і звонку, — ад падмурка да столі, і звонку аж да большай залі.
10 А падмурак быў з адборных камянёў, камянёў вялікіх, у дзесяць або восем локцяў.
11 І над падмуркам — адборныя камяні, распілаваныя па памеры, і бярвенні кедравыя.
12 І большая зала мела наўкола тры рады з распілаваных камянёў і адзін рад з абчэсанага кедра; падобна як унутраная зала святыні Госпада і прысенак святыні.
13 Паслаў таксама цар Саламон узяць з Тыра Гірама,
14 сына ўдавы з пакалення Нэфталі, з бацькам яго, тырцам, медніка, які быў поўны мудрасці, і розуму, і ведаў, каб выканаць усякую работу па медзі. Калі прыбыў ён да цара Саламона, зрабіў ён усё, што той яму даручыў.
15 І адліў ён два слупы медныя: адзін у васемнаццаць локцяў вышыні і дванаццаць локцяў наўкола і таўшчынёю ў чатыры пальцы, і ўнутры — полы; і другі такі самы.
16 Адліў ён таксама дзве капітэлі з расплаўленай медзі, якія размяшчаліся наверсе, на слупах; адна капітэль мела пяць локцяў вышыні і пяць локцяў вышыні мела другая капітэль,
17 і на капітэлях, якія былі наверсе, на слупах, былі сплецены нібы на манер тканіны, ніці па ўзоры ланцужкоў, злучаных між сабою цудоўнай работаю, сем на адной капітэлі, і сем на другой капітэлі.
18 І зрабіў ён па два рады гранатавых яблыкаў кругом кожнага спляцення, каб пакрывалі капітэлі, якія былі наверсе, на слупах; такім жа чынам аздобіў і другую капітэль.
19 А капітэлі, якія былі наверсе, на слупах, у прысценку мелі выгляд лілеі ў чатыры локці велічыні.
20 Да таго ж другія капітэлі на абодвух слупах, таксама наверсе, ля поласці, што была над спляценнем. А дзвесце яблыкаў гранатавых у два рады былі вакол адной капітэлі і столькі ж вакол другой капітэлі.
21 І два слупы паставіў ён у прысценку святыні; і пастаўлены з правага боку слуп ён назваў Яхін, і пастаўлены з левага боку слуп назваў Баоз.
22 І наверсе, на тых слупах, ён размясціў выявы лілеяў; так была закончана работа над слупамі.
23 Таксама зрабіў ён з расплаўленай медзі мора, ад берага да берага дзесяць локцяў, круглае, вышыня яго пяць локцяў; і вяроўка ў трыццаць локцяў абвівала яго наўкола.
24 І ніжэй берагоў мора акружалі яго выявы пладоў, два рады літых выяў у адным ліцці з морам.
25 Гэтае мора стаяла на дванаццаці валах, з якіх тры глядзелі на поўнач, і тры — на ўсход, і тры — на захад, і тры — на поўдзень; і мора было на іх; усе зады іх хаваліся ў сярэдзіну.
26 Таўшчыня купелі мела памер далоні, і губа яе была быццам губа кветкавай чашачкі і пялёстак лілеі, якая распусцілася; мела яна дзве тысячы батаў.
27 Зрабіў ён дзесяць медных падножжаў: кожнае падножжа мела чатыры локці даўжыні, і чатыры локці шырыні, і тры локці вышыні.
28 Падножжы гэтыя былі зроблены так: мелі яны ліштвы, і да таго ж ліштвы між падпоркамі
29 На ліштвах між падпоркамі былі львы, і валы, і херубіны і над падпоркамі — таксама над і пад ільвамі, і валамі былі гірлянды каванай работы.
30 І кожнае падножжа мела чатыры медныя колы на медных восях, і чатыры ножкі ў выглядзе круглых выступаў, адлітых пад купеллю насупраць кожнай гірлянды.
31 І яго адтуліна была круглая накшталт падножжа; у адтуліне былі таксама розныя выявы, але ліштвы яго былі не круглыя, але чатырохкутныя.
32 Таксама чатыры колы былі пад ліштвамі, і восі колаў былі прымацаваныя да падножжа; вышыня аднаго кола была паўтара локця.
33 А колы былі зробленыя, як звычайна робяцца колы для калясніцы, і восі іх, і абады іх, і спіцы, і калодкі — усё было адлітае.
34 Бо і тыя чатыры круглыя выступы на кожным рагу кожнага падножжа былі адліты з самога падножжа і злучаны з ім.
35 А на вяршыні падножжа было адно закругленне ў паўлокця, і на вяршыні падножжа — яго падпоркі і яго ліштвы з яго самога.
36 Таксама на тых перакрыццях, на яго восях і над ліштвамі яго выразаў ён кругом херубінаў, і львоў, і пальмы, і гірлянды адпаведна іх пустотаў.
37 Такім вось спосабам зрабіў ён дзесяць падножжаў аднолькавага ліцця, аднолькавага памеру і выгляду.
38 Зрабіў ён таксама дзесяць купеляў медных; кожная купель змяшчала сорак батаў і мела чатыры локці; і на кожным падножжы ён размясціў па адной купелі, гэта значыць на дзесяці падножжах.
39 І паставіў ён дзесяць падножжаў: пяць у правай частцы святыні і пяць у левай; а мора памясціў у правай частцы святыні насупраць усходу на поўдні.
40 Таксама зрабіў Гірам каўшы, і курыльніцы, і чары; і скончыў Гірам усе работы, якія меў споўніць для цара Саламона ў святыні Госпада;
41 два слупы і два шары капітэляў на вяршынях слупоў, і дзве гірлянды на прыкрыццё двух шароў на вяршынях слупоў;
42 і чатырыста яблыкаў гранатавых на абедзвюх гірляндах, па два рады яблыкаў на кожнай гірляндзе, каб пакрыць шары капітэляў, якія знаходзіліся над слупамі;
43 і дзесяць падножжаў, і дзесяць купеляў на падножжах,
44 і адно мора з дванаццаццю валамі пад морам;
45 і каўшы, і курыльніцы, і чары. Усе прылады, якія Гірам зрабіў цару Саламону ў святыню Госпада, былі з медзі тонкай работы.
46 Цар адліў гэта на раўніне Ярдана, на гліністай зямлі між Сукотам і Сартанам.
47 І парасстаўляў Саламон усе прылады; а было іх так многа, што вагі медзі нельга было палічыць.
48 І зрабіў Саламон усе прылады ў доме Госпада: залаты ахвярнік і залаты стол, на які клаліся хлябы пакладныя,
49 і падсвечнікі: пяць падсвечнікаў з найчысцейшага золата з правага боку і пяць падсвечнікаў з левага боку насупраць святога з святых, і кветкі, і лямпы, зверху залатыя; і шчыпцы залатыя,
50 і ахвярныя пасудзіны, і нажы, і чары, і катлы, і курыльніцы з найчысцейшага золата; і залатыя завесы да дзвярэй да ўнутранага пакоя дома, святога з святых, і да дзвярэй святыні.
51 І скончыў ён усю работу, якую выконваў Саламон у святыні Госпада, і прынёс Саламон пасвячоныя бацькам сваім, Давідам, рэчы: срэбра, і золата, і посуд, і памясціў іх у скарбоўнях святыні Госпадавай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Цароў, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.