Библия » Беларускі пераклад Васіля Сёмухі

3-я Царстваў 6 раздзел

← 5 3Цар 6 BBS 7
1 У чатырыста васьмідзясятым годзе пасьля выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай, на чацьвёртым годзе цараваньня Саламона над Ізраілем, у месяцы Зіф, які ёсьць другі месяц, пачаў ён будаваць храм Госпаду.
2 Храм, які пабудаваў цар Саламон Госпаду, даўжынёю быў шэсьцьдзясят локцяў, шырынёю дваццаць і вышынёю трыццаць локцяў,
3 і бабінец перад храмам дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні храма, і дзесяць локцяў шырыні перад храмам.
4 І зрабіў ён у доме вокны рашотчатыя, глухія з адкосамі.
5 І зрабіў прыбудову вакол сьценаў храма, вакол храма і Сьвятога Сьвятых і зрабіў бакавыя пакоі вакол.
6 Ніжні ярус прыбудовы шырынёю быў пяць локцяў, сярэдні шырынёю шэсьць локцяў, а трэці шырынёю сем локцяў; бо вакол храма звонку зроблены былі выступы, каб прыбудова не дакраналася да сьценаў храма.
7 Калі будаваўся храм, на будоўлю ўжываліся абчасаныя камяні: ні молата, ні цесака, ні якога іншага жалезнага прыладзьдзя ня было чуваць у храме пры будаўніцтве яго.
8 Уваход у сярэдні ярус быў з правага боку храма. Па круглых лесьвіцах уваходзілі ў сярэдні ярус, а ад сярэдняга ў трэці.
9 І пабудаваў ён храм і скончыў яго, і ашаляваў храм кедровымі дошкамі.
10 І прыбудаваў да ўсяго храма бакавыя пакоі вышынёю пяць локцяў; яны прымацаваныя былі да храма кедровымі бярвеньнямі.
11 І было слова Госпада Саламону, і сказана яму:
12 вось, ты будуеш храм: калі ты будзеш трымацца статутаў Маіх і рабіць паводле пастановаў Маіх і захоўваць усе запаведзі Мае, чынячы паводле іх, дык Я спраўджу на табе слова Маё, якое Я сказаў Давіду, бацьку твайму,
13 і буду жыць сярод сыноў Ізраілевых і не пакіну народу Майго Ізраіля.
14 І пабудаваў Саламон храм і закончыў яго.
15 І ашаляваў сьцены храма ўсярэдзіне кедровымі дошкамі; ад падлогі храма да столі ўсярэдзіне ашаляваў дрэвам і накрыў падлогу храма кіпарысавымі дошкамі.
16 І зладзіў у заднім баку храма, за дваццаць локцяў ад краю, сьцяну, і ашаляваў сьцены і столь кедровымі дошкамі, і асталяваў давір для Сьвятога Сьвятых.
17 Сорак локцяў быў храм, гэта значыць, пярэдняя частка храма.
18 На кедрах усярэдзіне храма былі выразаны падабенствы гуркоў і кветак, якія распускаюцца; усё было пакрыта кедрам, каменя ня відаць было.
19 А Сьвятое Сьвятых усярэдзіне храма ён падрыхтаваў на тое, каб паставіць там каўчэг запавета Гасподняга.
20 І Сьвятое Сьвятых было даўжынёю дваццаць локцяў, шырынёю дваццаць локцяў і вышынёю дваццаць локцяў; ён абклаў яго чыстым золатам; абклаў таксама і кедровы ахвярнік.
21 І абклаў Саламон храм усярэдзіне чыстым золатам, і працягнуў залатыя ланцугі перад давірам, і абклаў яго золатам.
22 Увесь храм ён абклаў золатам, увесь храм да канца, і ўвесь ахвярнік, які перад давірам, абклаў золатам.
23 І зрабіў у давіры двух херувімаў з масьлічнага дрэва, вышынёю ў дзесяць локцяў.
24 Адно крыло херувіма было пяць локцяў і другое крыло херувіма было пяць локцяў; дзесяць локцяў было ад аднаго канца крылаў яго да другога канца крылаў яго.
25 Дзесяць локцяў і другі херувім; аднолькавай меры і аднолькавага выгляду абодва херувімы.
26 Вышыня аднаго херувіма дзесяць локцяў, а таксама і другога херувіма.
27 І паставіў ён херувімаў сярод унутранай часткі храма. А крылы ў херувімаў былі раскінутыя, і даставала крыло аднаго да адной сьцяны, а крыло другога херувіма даставала да другой сьцяны; а другія крылы іх сярод храма сыходзіліся крыло да крыла.
28 І абклаў ён херувімаў золатам.
29 І на ўсіх сьценах храма вакол зрабіў розныя выявы херувімаў і пальмавых дрэў і кветак, якія распускаюцца, усярэдзіне і звонку.
30 І падлогу ў храме абклаў золатам ва ўнутранай і пярэдняй частках.
31 Для ўваходу ў давір зрабіў дзьверы з масьлічнага дрэва, з пяцікутнымі вушакамі.
32 На двух палавінах дзьвярэй з масьлічнага дрэва ён зрабіў розных херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам; пакрыў золатам і херувімаў і пальмы.
33 І каля ўваходу ў храм зрабіў вушакі з масьлічнага дрэва чатырохкутныя
34 і двое дзьвярэй з кіпарысавага дрэва; абедзьве палавіны адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве палавіны другіх дзьвярэй былі рухомыя.
35 І выразаў на іх херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам па разьбе.
36 І пабудаваў унутраны двор з трох радоў абчасанага каменю і з раду кедровых брусоў.
37 На чацьвёртым годзе, у месяцы Зіф, заклаў ён аснову храму Госпада,
38 а на адзінаццатым годзе, у месяцы Бул, – гэта месяц восьмы, – ён закончыў храм з усімі прыналежнасьцямі яго і паводле ўсіх прадпісаньняў ягоных: будаваў яго сем гадоў.

Трэйцяя кніга Царстваў, 6 раздзел


← 5 3Цар 6 BBS 7

Обратите внимание. Номера стихов – это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте, возможно вы будете приятно удивлены.

2007-2019, сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите: bible-man@mail.ru.