Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Валадароў 2 1 Валадароў 2 раздзел

1 І наблізіліся дні паміраць Давіду, і загадаў ён сыну свайму Салямону, кажучы:
2 «Я ўзыходжу на шлях [жыхароў] усёй зямлі. Ты ж будзь цьвёрды і будзь мужны.
3 І захоўвай загады ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзі шляхамі Ягонымі, і захоўвай пастановы Ягоныя, і прыказаньні Ягоныя, і прысуды Ягоныя, і сьведчаньні Ягоныя, як напісана ў Законе Майсеевым, каб меў ты посьпех у-ва ўсім, што ты будзеш рабіць, і паўсюль, куды ты пойдзеш,
4 каб зьдзейсьніў ГОСПАД слова Сваё, якое гаварыў мне, кажучы: “Калі сыны твае будуць захоўваць шляхі свае і калі будуць хадзіць перад абліччам Маім у праўдзе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, ня будзе адкінуты нашчадак твой ад пасаду Ізраіля”.
5 І ты таксама ведаеш, што зрабіў мне Ёаў, сын Цэруі, што ён зрабіў з двума начальнікамі войска Ізраіля, з Абнэрам, сынам Нэра, і з Амасам, сынам Етэра, якіх ён забіў. Ён праліў кроў вайны ў [час] міру, і апаганіў крывёй вайны пояс на сьцёгнах сваіх і сандалы на нагах сваіх.
6 Учыні з ім паводле мудрасьці тваёй, і не дазволь зыйсьці сівізне ягонай у адхлань у супакоі.
7 А сынам Барзілая з Гілеаду зьявіш міласэрнасьць, і няхай яны ядуць за сталом тваім, бо яны прыйшлі з дапамогаю, калі я ўцякаў перад Абсаломам, братам тваім.
8 І вось, пры табе Шымэй, сын Гера, Бэн’ямінец з Бахурыму, які праклінаў мяне ліхім праклёнам у дзень, калі я ішоў у Маханаім, але ён сустрэў мяне каля Ярдану, і я прысягнуў яму на ГОСПАДА, кажучы: “Не заб’ю цябе мячом”.
9 Але ты не даруеш яму, бо ты чалавек мудры, і ведаеш, што яму зрабіць, і зьвядзеш сівізну ягоную ў крыві ў адхлань».
10 І супачыў Давід з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда.
11 Сорак гадоў валадарыў Давід над Ізраілем: у Хеўроне валадарыў сем гадоў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады.
12 І сеў Салямон на пасадзе Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае вельмі ўмацавалася.
13 І прыйшоў Адонія, сын Хагіты, да Батшэвы, маці Салямона, і яна сказала: «Ці з мірам прыходзіш?» Ён адказаў: «З мірам».
14 І сказаў: «[Маю] слова маё да цябе». Яна сказала: «Гавары».
15 І ён сказаў: «Ты ведаеш, што валадараньне было [прызначана] мне, і ўвесь Ізраіль зьвяртаў аблічча сваё на мяне, каб я валадарыў, але валадарства адыйшло ад мяне, і яно ў брата майго, бо ГОСПАДАМ яно [дадзена] яму.
16 А цяпер адну просьбу прашу ў цябе; не адварочвайся ад аблічча майго». Яна сказала яму: «Гавары».
17 І ён сказаў: «Прашу, каб ты сказала валадару Салямону, бо ён не адвернецца ад аблічча твайго, каб за жонку даў мне ён Абішаг Шунамянку».
18 І Батшэва сказала: «Добра, я пагавару адносна цябе з валадаром».
19 І прыйшла Батшэва да валадара Салямона, каб пагаварыць з ім пра Адонію. І валадар устаў на спатканьне з ёй, і пакланіўся ёй, і сеў зноў на пасад свой. І паставіў ён пасад для маці валадара, і яна села праваруч яго.
20 І яна сказала: «Маю да цябе адну малую просьбу, не адвярніся ад аблічча майго». І сказаў ёй валадар: «Прасі, маці мая, бо я не адвярнуся ад аблічча твайго».
21 І яна сказала: «Дай Абішаг Шунамянку за жонку Адоніі, брату твайму».
22 І адказаў валадар Салямон, і сказаў маці сваёй: «Чаму ты просіш Абішаг Шунамянку для Адоніі? Прасі таксама валадарства яму! Бо ён — старэйшы брат мой, мае пры сабе Абіятара сьвятара і Ёава, сына Цэруі».
23 І прысягнуў валадар Салямон на ГОСПАДА, кажучы: «Няхай гэта зробіць мне Бог, і гэта дадасьць, калі ня супраць душы сваёй сказаў Адонія слова гэтае.
24 І цяпер, як жывы ГОСПАД, Які моцна паставіў мяне і пасадзіў на пасад Давіда, бацькі майго, і Які, як прадказваў, пабудаваў мне дом, сёньня Адонія будзе забіты!»
25 І паслаў валадар Салямон Бэнаю, сына Егаяды, і ён забіў [Адонію], і той памёр.
26 А Абіятару сьвятару сказаў валадар: «Ідзі ў Анатот на поле тваё, бо ты — чалавек, [варты] сьмерці; але сёньня я не заб’ю цябе, бо ты насіў Каўчэг Госпада ГОСПАДА перад абліччам Давіда, бацькі майго, і ты перанёс усе цяжкасьці, якія пераносіў бацька мой».
27 І выгнаў Салямон Абіятара, каб ня быў ён сьвятаром ГОСПАДА, і споўнілася слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў пра дом Гэлія ў Шыло.
28 І дайшла вестка [пра гэта] да Ёава, бо Ёаў прыхіліўся да Адоніі, хоць да Абсалома не схіляўся. І ўцёк Ёаў у Намёт ГОСПАДА, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
29 І паведамілі валадару Салямону, што Ёаў уцёк у Намёт ГОСПАДА і вось, ён пры ахвярніку. І паслаў Салямон Бэнаю, сына Егаяды, кажучы: «Ідзі і забі яго!»
30 І ўвайшоў Бэная ў Намёт ГОСПАДА, і сказаў [Ёаву]: «Гэта кажа валадар: "Выходзь!"» А той сказаў: «Ня выйду, але тут памру». І Бэная пераказаў слова гэтае валадару, кажучы: «Гэтак прамовіў Ёаў і гэтак адказаў».
31 І сказаў яму валадар: «Зрабі, як ён сказаў, і забі яго, і пахавай яго, і ачысьці мяне і дом бацькі майго ад нявіннай крыві, якую выліў Ёаў.
32 І зьверне ГОСПАД кроў ягоную на галаву ягоную, бо ён забіў двух мужоў праведных і лепшых за яго, і забіў іх мячом, і ня ведаў [пра гэта] бацька мой Давід; [ён забіў] Абнэра, сына Нэра, начальніка войска Ізраіля, і Амасу, сына Етэра, начальніка войска Юды.
33 І зьвернецца кроў іхняя на галаву Ёава і на галаву насеньня ягонага вечна. А для Давіда і насеньня ягонага, і для дому ягонага, і для пасаду ягонага няхай будзе супакой ад ГОСПАДА вечна».
34 І пайшоў Бэная, сын Егаяды, і ўдарыў [Ёава], і забіў яго. І быў ён пахаваны ў доме сваім у пустыні.
35 І паставіў валадар Бэнаю, сына Егаяды, начальнікам над войскам замест яго, а Цадока сьвятара паставіў валадар на месца Абіятара.
36 І паслаў валадар, і паклікаў Шымэя, і сказаў яму: «Пабудуй сабе дом у Ерусаліме, і жыві там, і не выходзь адтуль нікуды.
37 У дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш ручай Кедрон, ведай, што сьмерцю памрэш. Кроў твая будзе на галаве тваёй».
38 І сказаў Шымэй валадару: «Добрае слова, якое прамовіў гаспадар мой, валадар. Так і зробіць слуга твой». І жыў Шымэй у Ерусаліме шмат дзён.
39 І сталася, што праз тры гады двое слугаў Шымэя ўцяклі да Ахіша, сына Маахі, валадара Гату. І паведамілі Шымэю, кажучы: «Вось, слугі твае ў Гаце».
40 І ўстаў Шымэй, і сеў на асла свайго, і пайшоў у Гат да Ахіша шукаць слугаў сваіх, і пайшоў Шымэй, і прывёў слугаў сваіх з Гату.
41 І паведамілі Салямону, што Шымэй хадзіў у Гат з Ерусаліму і вярнуўся.
42 І паслаў валадар, і паклікаў Шымэя, і сказаў яму: «Ці не запрысяг я табе на ГОСПАДА і ці не засьведчыў табе, кажучы: “У дзень, калі ты зыйдзеш адсюль і пойдзеш туды ці сюды, ведай, што сьмерцю памрэш”? І ты казаў мне: “Добрае слова, якое я пачуў”.
43 Дык чаму не захаваў ты прысягі перад ГОСПАДАМ і загаду, які я табе даў?»
44 І сказаў валадар Шымэю: «Ты ведаеш усё гэтае зло, і ведае сэрца тваё, якое зло ты зрабіў бацьку майму Давіду. І зьверне ГОСПАД ліхоту тваю на галаву тваю.
45 А валадар Салямон будзе дабраслаўлёны, і пасад Давіда будзе трываць перад абліччам ГОСПАДА вечна».
46 І валадар загадаў Бэнаі, сыну Егаяды, і ён выйшаў, і ўдарыў яго, і ён памёр. І ўмацавалася валадарства ў руцэ Салямона.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Валадароў, 2 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.