Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

2 Летапісаў 31 2-я Летапісаў 31 раздзел

1 І калі ўсё гэта скончылася, выйшаў увесь Ізраіль, які знаходзіўся [там], у гарады Юды, і пабілі слупы, і пасеклі астартаў, і разбурылі ўзвышшы і ахвярнікі ў-ва ўсім Юдзе і Бэн’яміне, у Эфраіме і Манасе, аж да канца. І вярнуліся ўсе сыны Ізраіля кожны да ўласнасьці сваёй, у горад свой.
2 І прызначыў Эзэкія чэргі сьвятароў і лявітаў паводле чэргаў іхніх, кожнага паводле служэньня ягонага, сьвятароў і лявітаў для цэласпаленьняў і для ахвяраў мірных, каб паслугавалі, славілі і хвалілі ў брамах табараў ГОСПАДА.
3 А частку валадара з маёмасьці ягонай [ён прызначыў] на цэласпаленьні, на цэласпаленьні раніцаю і ўвечары, і на цэласпаленьні ў суботы і ў маладзікі, і на ўрачыстыя сьвяты, як напісана ў Законе ГОСПАДА.
4 І сказаў народу, які жыў у Ерусаліме, каб давалі частку для сьвятароў і лявітаў, каб яны ўмацаваліся ў Законе ГОСПАДА.
5 І калі пашырылася слова гэтае, прынесьлі сыны Ізраіля пяршыны збожжа, і віна, і алею, і мёду, і ўсіх пладоў палявых; і прынесьлі яны шмат дзесяцінаў з усяго.
6 І сыны Ізраіля і Юды, якія жылі ў гарадах Юды, таксама прынесьлі дзесяціну валоў і авечак, і дзесяціну рэчаў сьвятых, пасьвячоных ГОСПАДУ, Богу іхняму, і налажылі купы купаў.
7 У трэці месяц пачалі класьці гэтыя купы, а ў сёмым месяцы скончылі.
8 І прыйшлі Эзэкія і князі, і ўбачылі купы гэтыя, і дабраславілі ГОСПАДА і народ Ягоны, Ізраіля.
9 І пытаўся Эзэкія сьвятароў і лявітаў пра купы гэтыя.
10 І сказаў яму Азарыя, найвышэйшы сьвятар з дому Цадока, і сказаў: «Ад таго часу, калі пачалі прыносіць дары ў Дом ГОСПАДА, мы елі і насыціліся, і засталося мноства, бо дабраславіў ГОСПАД народ Свой; і тое, што засталося — гэтае мноства вялікае».
11 І сказаў Эзэкія, каб падрыхтавалі каморы ў Доме ГОСПАДА, і падрыхтавалі [іх].
12 І верна перанесьлі [туды] дары, і дзесяціны, і рэчы сьвятыя; і над імі загадчыкам быў Кананія лявіт і Шымэй, брат ягоны, другім.
13 А Ехіэль, Азазія, Нахат, Асагэль, Ерымот, Ёзавад, Эліэль, Ісмахія, Махат і Бэная [былі] наглядчыкамі пад рукою Кананіі і Шымэя, брата ягонага, паводле загаду валадара Эзэкіі і Азарыі, начальніка над Домам Божым.
14 І Карэ, сын Імны, лявіт, прыдзьвернік з усходняга боку, [быў] над дарамі дабраахвотнымі для Бога, каб выдаваць [братам] дары ГОСПАДАВЫ і сьвятое сьвятых.
15 І пад рукой ягонай [былі] Эдэн, Мін’ямін, Ешуа, Шэмая, Амарыя і Шэханія ў гарадах сьвятарскіх, каб верна раздаваць [належнае] братам сваім паводле чаргі, як вялікаму, так і малому,
16 акрамя сьпісу іхняга, мужчын ад трох гадоў і вышэй, усім, хто ўваходзіць у Дом ГОСПАДА, на [выкананьне] слова дзень пры дні, на служэньне сваё паводле абавязкаў сваіх паводле чэргаў сваіх,
17 і ўнесеным у сьпіс сьвятарам, паводле дому бацькоў іхніх, і лявітам ад дваццаці гадоў і вышэй паводле абавязкаў іхніх і паводле чэргаў іхніх,
18 і ўнесеным у сьпіс з усімі дзецьмі іхнімі, жонкамі іхнімі, і сынамі іхнімі, і дочкамі іхнімі, з усёй царквой — усёй грамадзе, бо яны верна пасьвяціліся на сьвятое [служэньне].
19 А для сыноў Аарона, сьвятароў, [якія мелі] палі на пашах гарадоў іхніх, у-ва ўсіх гарадах [ён прызначыў] мужоў, якія названыя па імёнах, каб даваць часткі ўсім мужчынам сярод сьвятароў і ўсім лявітам, унесеным у сьпіс.
20 І зрабіў гэтак Эзэкія ў-ва ўсім Юдзе, і рабіў ён тое, што добрае, слушнае і праўдзівае перад абліччам ГОСПАДА, Бога свайго.
21 І ў-ва ўсёй працы, якую ён пачынаў, і ў служэнні Дому Божага, і ў [выкананьні] Закону і прыказаньняў, каб шукаць Бога свайго, ён рабіў з усяго сэрца свайго, і меў посьпех.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Летапісаў, 31 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.