Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

2 Летапісаў 33 2-я Летапісаў 33 раздзел

1 Дваццаць гадоў было Манасе, калі ён пачаў валадарыць, і пяцьдзясят гадоў ён валадарыў у Ерусаліме.
2 І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА паводле ўсіх брыдотаў тых народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
3 І ён ізноў пабудаваў узвышшы, якія панішчыў Эзэкія, бацька ягоны, і паставіў ахвярнікі Баалам, і зрабіў Астартаў, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў ім.
4 І пабудаваў ён ахвярнік у Доме ГОСПАДА, пра які сказаў ГОСПАД: «У Ерусаліме будзе імя Маё на вякі»;
5 і пабудаваў ён ахвярнік усяму войску нябеснаму на абодвух панадворках Дому ГОСПАДА.
6 І ён праводзіў сыноў сваіх праз агонь у даліне Бэн-Гінном, і гадаў, і чараваў, і варажыў, і паставіў тых, якія выклікаюць мёртвых, і тых, якія выклікаюць духаў, і павялічваў учынкі ліхія ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго.
7 І паставіў ён выяву ідала, якую зрабіў, у Доме Божым, пра які казаў Бог Давіду і Салямону, сыну ягонаму: «У Доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я абраў з усіх каленаў Ізраіля, Я палажу імя Маё на вякі;
8 і не дазволю, каб выступіла нага Ізраіля з зямлі гэтай, якую Я прызначыў бацькам вашым, калі толькі яны будуць захоўваць выкананьне ўсяго, што Я загадаў ім, увесь Закон, і пастановы, і суды, [дадзеныя] рукой Майсея».
9 І зьвёў Манаса Юду і жыхароў Ерусаліму, каб рабілі горш за народы, якіх ГОСПАД выгубіў перад абліччам сыноў Ізраіля!
10 І прамаўляў ГОСПАД да Манасы і народу ягонага, яле яны не зважалі.
11 І прывёў ГОСПАД на іх начальнікаў войска валадара Асірыі; і яны схапілі Манасу гакамі, і закулі яго ў кайданы мядзяныя, і павялі яго ў Бабілон.
12 І калі ён быў уцісканы, ён умольваў аблічча ГОСПАДА, Бога свайго, і скарыўся вельмі перад абліччам Бога бацькоў сваіх.
13 І маліўся ён да Яго, і Ён даўся ўпрасіць, і пачуў маленьне ягонае, і вярнуў яго ў Ерусалім на валадарства ягонае. І даведаўся Манаса, што ГОСПАД, Ён [ёсьць] Бог.
14 І пасьля гэтага ён пабудаваў мур вонкавы ў горадзе Давіда, на заходнім баку Гіхону ў даліне і пры ўваходзе ў браму Рыбную, і атачыў Афэл, і вельмі высока падняў яго. І паставіў начальнікаў войска ў-ва ўсіх гарадах умацаваных Юды.
15 І выкінуў багоў чужых і выяву [ідала] з Дому ГОСПАДА, і ўсе ахвярнікі, якія пабудаваў на версе Дому ГОСПАДА і ў Ерусаліме, выкінуў іх навонкі, за горад.
16 І пабудаваў ён ахвярнік ГОСПАДА, і ахвяраваў на ім ахвяры мірныя і ўдзячныя, і сказаў да Юды, каб яны служылі ГОСПАДУ, Богу Ізраіля.
17 Але народ яшчэ складаў ахвяры на ўзвышшах, толькі [ўжо] ГОСПАДУ, Богу свайму.
18 А іншыя дзеяньні Манасы, і малітва ягоная да Бога свайго, і словы відушчых, якія прамаўлялі да яго ў імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля, вось, яны ў летапісе валадароў Ізраіля.
19 А малітва ягоная, і як [Бог] быў упрошаны ім, і ўвесь грэх ягоны, і нявернасьць ягоная, і месцы, на якіх ён пабудаваў узвышшы і паставіў Астартаў і балваноў перад скарэньнем сваім, вось, яны запісаныя ў Летапісе Хазая.
20 І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў доме ягоным. І пачаў валадарыць Амон, сын ягоны, пасьля яго.
21 Дваццаць два гады было Амону, калі пачаў валадарыць, і ён валадарыў два гады ў Ерусаліме.
22 І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, як рабіў Манаса, бацька ягоны, і ўсім балванам, якія зрабіў Манаса, бацька ягоны, ён складаў ахвяры і служыў ім.
23 І ён не скарыўся перад абліччам ГОСПАДА, як скарыўся Манаса, бацька ягоны, але ён, Амон, памножыў правіны [свае].
24 І змовіліся супраць яго слугі ягоныя, і забілі яго ў доме ягоным.
25 Але народ зямлі забіў усіх тых, якія змовіліся супраць валадара Амона; і народ зямлі паставіў Ёсію, сына ягонага, за валадара пасьля яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Летапісаў, 33 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.