Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

2 Летапісаў 21 2-я Летапісаў 21 раздзел

1 І супачыў Язафат з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Егарам, сын ягоны, пасьля яго.
2 І [былі] ў яго браты, сыны Язафата: Азарыя, Ехіэль, Захарыя, Азарыя, Міхаэль і Шэфатыя; усе яны — сыны Язафата, валадара Ізраіля.
3 І даў ім бацька іхні вялікія дары, срэбра і золата, і каштоўныя рэчы, і гарады ўмацаваныя ў Юдзе. А валадараньне аддаў Егараму, бо ён першародны.
4 І стаў Егарам на валадарства бацькі свайго, і ўмацаваўся, і забіў усіх братоў сваіх мячом, і таксама [некаторых] з князёў Ізраіля.
5 Трыццаць два гады было Егараму, калі ён пачаў валадарыць, і восем гадоў ён валадарыў у Ерусаліме.
6 І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, як рабіў дом Ахава, бо дачка Ахава была жонкаю ягонай, і рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА.
7 Але не хацеў ГОСПАД выгубіць дом Давіда дзеля запавету, які Ён заключаў з Давідам, і дзеля таго, што Ён абяцаў даць сьветач яму і сынам ягоным на ўсе дні.
8 У дні ягоныя выйшаў Эдом з-пад рукі Юды, і яны паставілі над сабою валадара.
9 І пайшоў Егарам з князямі сваімі, і ўсе калясьніцы ягоныя з ім, і сталася, што ён устаў уначы, і разьбіў Эдомцаў, якія атачалі яго, і начальнікаў калясьніцаў [іхніх].
10 Але выйшаў Эдом з-пад рукі Юды аж да дня гэтага. У той час выйшла таксама Лібна з-пад рукі ягонай, бо ён пакінуў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.
11 Таксама ён рабіў узгоркі ў гарах Юды, і зрабіў распусьнікамі жыхароў Ерусаліму, і зьвёў Юду.
12 І прыйшоў да яго ліст ад Ільлі прарока, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго: “За тое, што ты не хадзіў шляхамі Язафата, бацькі твайго, ані шляхамі Асы, валадара Юды,
13 а пайшоў шляхам валадароў Ізраіля і зрабіў распусьнікамі Юду і жыхароў Ерусаліму, як рабіў распусьнікамі [Ізраіля] дом Ахава; і братоў тваіх, дом бацькі твайго, якія былі лепшыя за цябе, ты забіў;
14 вось, ударыць ГОСПАД плягай вялікай народ твой, і сыноў тваіх, і жонак тваіх, і ўсю маёмасьць тваю.
15 А ты захварэеш моцна на хваробу нутра, аж будзе выходзіць [з цябе] нутро тваё з прычыны хваробы дзень пры дні”».
16 І ўзбудзіў ГОСПАД на Егарама дух Філістынцаў і Арабаў, якія былі пад рукою Кушанаў,
17 і яны пайшлі на Юду, і ўвайшлі ў яго, і захапілі ўсю маёмасьць, што была ў доме валадара, а таксама сыноў ягоных, і жонак ягоных; і не засталося ў яго сына, акрамя Егаахаза, найменшага з сыноў ягоных.
18 І пасьля ўсяго гэтага ўдарыў ГОСПАД нутро ягонае хваробаю невылечнаю.
19 І сталася так дзень пры дні, а пад канец другога году выйшла нутро ягонае з прычыны хваробы ягонай, і ён памёр у ліхой немачы; і народ ягоны не рабіў для яго [пахкіх паленьняў], як рабілі паленьне для бацькоў ягоных.
20 Трыццаць два [гады] было яму, калі пачаў валадарыць, і ён валадарыў у Ерусаліме восем гадоў, і адыйшоў, і [ніхто] не шкадаваў. Пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не ў магілах валадарскіх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Летапісаў, 21 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.