Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

2 Летапісаў 32 2-я Летапісаў 32 раздзел

1 Пасьля падзеяў гэтых і праўды гэтай, прыйшоў Сэнахерыў, валадар Асірыі, і ўвайшоў у Юду, і паставіў [намёты] супраць гарадоў умацаваных, і гаварыў, што здабудзе іх для сябе.
2 І ўбачыў Эзэкія, што прыйшоў Сэнахерыў, і аблічча ягонае, каб ваяваць супраць Ерусаліму.
3 І радзіўся ён з князямі сваімі і з волатамі сваімі, каб спыніць ваду крыніцаў, якія звонку гораду; і яны дапамаглі яму.
4 І сабралася шмат народу, і яны спынілі ўсе крыніцы і ручай, які цячэ пасярод зямлі, кажучы: «Навошта, прыйшоўшы, валадары Асірыі маюць знайсьці шмат вады?»
5 І ўмацаваўся [Эзэкія], і адбудаваў увесь разбураны мур, і падняў яго да вежаў, і другі мур звонку, і ўмацаваў Міло ў горадзе Давіда, і зрабіў шмат зброі і шчытоў.
6 І паставіў начальнікаў вайсковых над народам, і сабраў іх да сябе на плошчы каля брамы гораду, і прамовіў да сэрца іхняга, кажучы:
7 «Будзьце цвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся аблічча валадара Асірыі і аблічча ўсяго мноства, якое з ім, бо [Той, Хто] з намі, большы, чым [тыя, хто] з ім.
8 З ім рамяно цялеснае, а з намі ГОСПАД, Бог наш, каб дапамагаць нам і ваяваць у войнах нашых». І абаперся народ на словы Эзэкіі, валадара Юды.
9 Пасьля гэтага Сэнахерыў, валадар Асірыі, паслаў слугаў сваіх у Ерусалім, а сам ён быў пад Ляхішам, і ўся сіла ягоная з ім, да Эзэкіі, валадара Юды, і да ўсяго Юды, які ў Ерусаліме, кажучы:
10 «Гэта кажа Сэнахерыў, валадар Асірыі. На што вы спадзеяцёся і сядзіце ў аблозе ў Ерусаліме?
11 Няхай не падманвае вас Эзэкія, каб аддаць вас на сьмерць ад голаду і смагі, кажучы: “ГОСПАД, Бог наш, выратуе нас ад рукі валадара Асірыі”.
12 Ці ня ён, Эзэкія, прыбраў узгоркі Ягоныя і ахвярнікі Ягоныя і сказаў Юдзе і Ерусаліму, кажучы: “Перад адным ахвярнікам будзеце пакланяцца і на ім будзеце кадзіць”?
13 Ці ж вы ня ведаеце, што зрабіў я і бацькі мае ўсім народам земляў гэтых? Ці сапраўды маглі богі народаў земляў гэтых выратаваць зямлю іхнюю ад рукі маёй?
14 Хто з усіх багоў народаў гэтых, якіх зрабілі закляцьцем бацькі мае, змог выратаваць народ свой ад рукі маёй? Як жа зможа Бог ваш выратаваць вас ад рукі маёй?
15 І цяпер, няхай не падманвае вас Эзэкія і не ашуквае вас такім чынам, і ня верце яму, бо ня мог ніводзін бог ніводнага народу і валадарства выратаваць народ свой ад рукі маёй і ад рукі бацькоў маіх. Таксама Бог ваш ня выратуе вас ад рукі маёй».
16 І яшчэ прамаўлялі слугі ягоныя супраць ГОСПАДА Бога і супраць Эзэкіі, слугі Ягонага.
17 І лісты пісаў [Сэнахерыў], каб зьневажаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і гаварыў суп- раць Яго, кажучы: «Як богі народаў земляў гэтых ня выратавалі народаў сваіх ад рукі маёй, так Бог Эзэкіі ня выратуе народ Свой ад рукі маёй».
18 І крычалі яны голасам вялікім па-юдэйску да народу Ерусаліму, які [быў] на мурах, каб настрашыць яго, і напалохаць яго, і здабыць горад.
19 І гаварылі яны пра Бога Ерусаліму, як пра багоў народаў зямлі, выраб рук чалавечых.
20 І маліўся пра гэта валадар Эзэкія і Ісая, сын Амоса, і крычалі да неба.
21 І паслаў ГОСПАД анёла, і ён зьнішчыў мужных ваяроў, і правадыра, і табар валадара Асірыі. І ён вярнуўся з сорамам аблічча ў зямлю сваю. І ён прыйшоў у дом бога свайго, і тыя, што выйшлі з нутра ягонага, забілі там яго мячом.
22 І выратаваў ГОСПАД Эзэкію і жыхароў Ерусаліму ад рукі Сэнахерыва, валадара Асірыі, і ад рукі ўсіх; і вёў іх паўсюль.
23 І шмат [людзей] прыносіла дары ГОСПАДУ ў Ерусалім і каштоўныя рэчы Эзэкіі, валадару Юды. І ён пасьля гэтага ўзьвялічыўся ў вачах усіх народаў.
24 У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І маліўся ён да ГОСПАДА; і Ён адказаў яму, і даў яму знак.
25 Але не вярнуў Эзэкія [падзяку] паводле таго, што было зроблена яму, бо сэрца ягонае ўзганарылася. І быў гнеў [Божы] на яго, і на Юду, і на Ерусалім.
26 І ўпакорыў Эзэкія ганарыстасьць сэрца свайго, ён і жыхары Ерусаліму, і не прыйшоў на іх гнеў ГОСПАДА ў дні Эзэкіі.
27 І было ў Эзэкіі багацьця і славы вельмі шмат; і ён зрабіў сабе скарбніцу на срэбра і золата, і на камяні каштоўныя, і на пахошчы, і на шчыты, і на ўсялякія рэчы каштоўныя,
28 і сьвірны на ўраджай збожжа, віна і алею, і хлявы для ўсякай скаціны, і загародкі для чародаў.
29 І пабудаваў ён сабе гарады, і статкаў авечак і валоў [меў ён] мноства, бо даў яму Бог маёмасьць вельмі вялікую.
30 І ён, Эзэкія, спыніў верхні выхад водаў Гіхону і правёў іх уніз да заходняга боку гораду Давіда. І меў посьпех Эзэкія ў-ва ўсіх справах сваіх.
31 І толькі пры пасланцах князёў Бабілону, якіх яны паслалі да яго, каб даведацца пра цуд, які адбыўся ў зямлі [ягонай], Бог пакінуў яго, каб выспрабаваць яго, каб даведацца ўсё, што ў сэрцы ягоным.
32 А іншыя дзеяньні Эзэкіі, і дабрадзейства ягонае, вось, яны запісаныя ў відзежах Ісаі, сына Амоса, прарока, у Кнізе валадароў Юды і Ізраілю.
33 І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго вышэй магілаў сыноў Давіда, і ўшанавалі яго пасьля сьмерці ягонай увесь Юда і жыхары Ерусаліму. І пачаў валадарыць Манаса, сын ягоны, пасьля яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Летапісаў, 32 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.