Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

2 царстваў 5 2-я царстваў 5 раздзел

1 І прыйшлі ўсе плямёны Ізраілевыя да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы — косьці твае і плоць твая;
2 яшчэ ўчора і заўчора, калі Саўл цараваў над намі, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля; і сказаў Гасподзь табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыром Ізраіля.
3 І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраіля да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі цар Давід запавет у Хэўроне прад Госпадам; і памазалі Давіда ў цара над Ізраілем.
4 Трыццаць гадоў было Давіду, калі ён зацараваў; цараваў сорак гадоў.
5 У Хэўроне цараваў над Юдаю сем гадоў і шэсьць месяцаў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і Юдам.
6 І пайшоў цар і людзі ягоныя на Ерусалім супроць Евусэяў, жыхароў той краіны; але яны казалі Давіду: ты ня ўзыйдзеш сюды; цябе адгоняць сьляпыя і кульгавыя, — гэта азначала: ня ўвойдзе сюды Давід.
7 Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта — горад Давідаў.
8 І сказаў Давід у той дзень: кожны, забіваючы Евусэяў, хай пабівае дзідаю і кульгавых і сьляпых, якія ненавідзяць душу Давідавую. Таму і гаворыцца: сьляпы і кульгавы ня ўвойдзе ў дом Гасподні.
9 І асяліўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давідавым, і адбудаваў вакол ад Міла і ўсярэдзіне.
10 І меў посьпех Давід і ўзьвялічваўся, і Гасподзь Бог Саваоф быў зь ім.
11 І прыслаў Хірам, цар Тырскі, паслоў да Давіда і кедровыя дрэвы і цесьляроў і муляроў, і яны збудавалі дом Давіду.
12 І зразумеў Давід, што Гасподзь сьцвердзіў яго царом над Ізраілем і што ўзвысіў царства ягонае дзеля народу Свайго Ізраіля.
13 І ўзяў Давід яшчэ наложніц і жонак зь Ерусаліма, пасьля таго, як прыйшоў з Хэўрона.
14 І нарадзіліся яшчэ ў Давіда сыны і дочкі. І вось імёны народжаных ім у Ерусаліме: Самус і Соваў, і Натан і Саламон,
15 і Эвэар і Элісуа, Нафэк і Яфія,
16 і Элісама і Элідае і Эліфалэт.
17 Калі Філістымляне дачуліся, што Давіда памазалі на царства над Ізраілем, дык падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід і пайшоў у крэпасьць.
18 А Філістымляне прыйшлі і атабарыліся ў даліне Рэфаім.
19 І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў? ці аддасі іх мне ў рукі? І сказаў Гасподзь Давіду: ідзі, бо Я аддам Філістымлянаў у рукі твае.
20 І пайшоў Давід у Ваал-Пэрацым і пабіў іх там, і сказаў Давід: Гасподзь разьнёс ворагаў маіх перад мною, як разносіцца вада. Таму і мясьціне той дадзена імя Ваал-Пэрацым.
21 І пакінулі там Філістымляне балваноў сваіх, а Давід зь людзьмі сваімі ўзяў іх.
22 І прыйшлі зноў Філістымляне, і разьмясьціліся ў даліне Рэфаім.
23 І спытаўся Давід у Госпада. І Ён адказваў яму: ня выходзь насустрач ім, а зайдзі ім з тылу і йдзі да іх з боку тутавага гаю;
24 і калі пачуеш шум, як бы калі хто ідзе па вершалінах тутавых дрэў, дык рушай, бо тады пойдзе Гасподзь перад табою, каб пабіць войска Філістымскае.
25 І зрабіў Давід, як загадаў яму Гасподзь, і пабіў Філістымлянаў ад Гаваі да Газэра.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга царстваў, 5 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.