Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Эздры 9 Эздры 9 раздзел

1 Пасьля заканчэньня гэтага, падышлі да мяне начальнікі і сказалі: народ Ізраілеў і сьвятары і лявіты не аддзяліліся ад народаў іншапляменных зь мярзотамі іхнімі, ад Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Евусэяў, Аманіцян, Маавіцян, Егіпцян і Амарэяў,
2 бо ўзялі дачок іхніх за сябе і за сыноў сваіх і зьмяшалася семя сьвятое з народамі іншапляменнымі, і прытым рука самых знакамітых і галоўных была ў гэтым беззаконьні першаю.
3 Пачуўшы гэта слова, я падраў споднюю і верхнюю вопратку маю і рваў валасы на галаве маёй і на барадзе маёй, і сядзеў засмучаны.
4 Тады сабраліся да мяне ўсе, якія збаяліся слоў Бога Ізраілевага з прычыны злачынства перасяленцаў, і я сядзеў у смутку да вячаровай ахвяры.
5 А ў час вечаровай ахвяры я ўстаў зь месца бедаваньня майго, і ў разадранай сподняй і верхняй вопратцы ўпаў на калені мае і працягнуў рукі мае да Госпада Бога майго
6 і сказаў: Божа мой! саромеюся і баюся падняць твар мой да Цябе, Божа мой, бо беззаконьні нашыя сталі вышэй галавы, і віна нашая ўзрасла да нябёсаў.
7 Зь дзён бацькоў нашых мы ў вялікай віне да сёньня, і за беззаконьні нашыя аддадзеныя былі мы, цары нашыя, сьвятары нашыя, у рукі цароў іншаземных, пад меч, у палон і на разрабаваньне і на пасаромленьне, як гэта і цяпер.
8 І вось, празь невялікі час, даравана нам памілаваньне ад Госпада Бога нашага, і Ён пакінуў у нас некалькі ацалелых і даў нам умацавацца на месцы сьвятыні Ягонай, і прасьвятліў вочы нашыя Бог наш, і даў нам ажыць крыху ў рабстве нашым.
9 Мы — рабы, але і ў рабстве нашым не пакінуў нас Бог наш. І схіліў Ён да нас міласьць цароў Персідскіх, каб яны далі нам ажыць, пабудаваць дом Бога нашага і аднавіць яго з руінаў ягоных, і далі нам аслону ў Юдэі і ў Ерусаліме.
10 І цяпер, што скажам мы, Божа наш, пасьля гэтага? Бо мы адступіліся ад запаведзяў Тваіх,
11 якія наказаў Ты праз рабоў Тваіх прарокаў, кажучы: зямля, у якую ідзяце вы, каб авалодаць ёю, зямля нячыстая, яна апаганена нячыстатою іншапляменных народаў, іх мярзотамі, якімі яны напоўнілі яе ад краю да краю ў паганьбеньнях сваіх.
12 Дык вось, дачок вашых не выдавайце за сыноў іхніх, і дачок іхніх не бярэце за сыноў вашых, і ня шукайце міру іхняга і дабра іхняга вавек, каб умацавацца вам і карміцца дабротамі зямлі той і перадаць яе ў спадчыну сынам вашым навечна.
13 І пасьля ўсяго, што спасьцігла нас за благія ўчынкі нашыя і за вялікую віну нашую — бо Ты, Божа наш, пашкадаваў нас не па меры беззаконьня нашага і даў нам такое збавеньне.
14 Няўжо мы зноў будзем парушаць запаведзі Твае і ўступаць у радство з гэтымі агіднымі народамі? Ці не прагневаешся Ты на нас нават да вынішчэньня нас, так што ня будзе ацалелых і ня будзе выратаваньня?
15 Госпадзе Божа Ізраілеў! праведны Ты. Бо мы ацалелі да гэтага дня; і вось мы ў беззаконьнях нашых перад абліччам Тваім, хоць пасьля гэтага не належала б нам стаяць перад абліччам Тваім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Эздры, 9 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.