Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Данііла 9 Данііла 9 раздзел

1 У першы год Дарыя, сына Асуравага, з роду Мідыйскага, які пастаўлены быў царом над царствам Халдэйскім,
2 у першы год яго цараваньня я, Данііл, зразумеў па кнігах лічбу гадоў, пра якую было слова Гасподняе да Ераміі прарока, што семдзесят гадоў споўняцца над руінамі Ерусаліма.
3 І зьвярнуў я сваё аблічча да Госпада Бога з малітваю і маленьнем, у посьце і ў вярэце і ў попеле,
4 і маліўся я Госпаду Богу майму і спавядаўся і сказаў: «малю Цябе, Госпадзе Божа вялікі і дзівосны, Ахавальнік запавету і міласьці да тых, якія любяць Цябе і захоўваюць Твае запаведзі!
5 Грашылі мы, учынялі беззаконьне, рабілі несправядліва, упарціліся і адступалі ад запаведзяў Тваіх і ад пастановаў Тваіх
6 і ня прыслухаліся да рабоў Тваіх прарокаў, якія Тваім імем гаварылі царам нашым і вяльможам нашым, і бацькам нашым і ўсяму народу краіны.
7 У Цябе, Госпадзе, праўда, а ў нас сорам на тварах, як сёньня ў кожнага Юдэя, і ў жыхароў Ерусаліма і ва ўсяго Ізраіля, і ў блізкіх і ў далёкіх, па ўсіх краях, куды Ты іх выгнаў за паняверства іхняе, зь якім яны адступіліся ад Цябе.
8 Госпадзе! сорам на твары нам, царам нашым, князям нашым і нашым бацькам, бо мы зграшылі перад Табою!
9 А Госпаду Богу нашаму — міласэрнасьць і дараваньне, бо мы бунтаваліся супроць Яго,
10 і ня слухаліся голасу Госпада Бога нашага, каб хадзіць паводле законаў Яго, якія Ён даў нам праз Сваіх рабоў, прарокаў.
11 І ўвесь Ізраіль пераступіў праз закон Твой і адвярнуўся, каб ня слухацца голасу Твайго; і за тое выліліся на нас праклён і прысяга, якія напісаны ў законе Майсея, раба Божага; бо мы зграшылі перад Ім.
12 І Ён стрымаў Сваё слова, якое сказаў на нас і на судзьдзяў нашых, што судзілі нас, каб навесьці на нас вялікае ліха, якога ня бывала пад небам і якое сталася ў Ерусаліме.
13 Як напісана ў законе Майсеевым, так усё гэта ліха спадобіла нас; але мы не ўпрасілі Госпада Бога нашага, каб вярнуцца нам ад правінаў нашых і паразумнець у ісьціне Тваёй.
14 Бачыў Гасподзь ліха і навёў яго на нас, бо справядлівы Гасподзь Бог наш ва ўсіх чынах Сваіх, якія робіць, але мы ня слухалі голасу Ягонага.
15 А цяпер, Госпадзе Божа наш, Які вывеў народ Свой зь зямлі Егіпецкай моцнаю рукою і явіў славу Сваю, як сёньня! зграшылі мы, рабілі несправядліва.
16 Госпадзе! па ўсёй праўдзе Тваёй хай адвернецца гнеў твой і абурэньне Тваё ад Твайго горада Ерусаліма, ад сьвятой гары Тваёй; бо за грахі нашыя і правіны бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у паганьбеньні ва ўсіх, хто нас атачае.
17 І сёньня пачуй, Божа наш, малітву раба Твайго і маленьне яго і паглядзі прасьветлым абліччам Тваім на спустошаную сьвятыню Тваю, дзеля Цябе, Госпадзе!
18 Прыхілі, Божа мой, вуха Тваё і паслухай, расплюшчы вочы Свае і паглядзі на спусташэньні нашыя і на горад, дзе названа імя Тваё; бо мы кладзем свае маленьні перад Табою, спадзяючыся не на справядлівасьць нашую, а на Тваю вялікую міласэрнасьць.
19 Госпадзе, выслухай! Госпадзе, даруй! Госпадзе, уважы і зьдзейсьні, не спазьніся дзеля Цябе Самога, Божа мой, бо Тваё імя названа над горадам Тваім і над народам Тваім!»
20 І калі я яшчэ гаварыў і маліўся і спавядаўся ў грахах маіх і грахах народу майго, Ізраіля, і клаў маленьне маё перад Госпадам Богам маім за сьвятую гару майго Бога,
21 калі я яшчэ гаварыў на малітве, а муж Гаўрыіл, якога бачыў я раней ва ўяве, хутка прыляцеўшы, дакрануўся да мяне ў часіну вячэрняй ахвяры
22 і настаўляў на розум мяне, гаварыў са мною і сказаў: «Данііле! цяпер я прыйшоў, каб умудрыць цябе ў разуменьні.
23 На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў абвясьціць яго табе, бо ты — муж жаданьняў; дык вось, пранікні ў слова і ўразумей уяву.
24 Семдзесят тыдняў вызначана твайму народу і сьвятому гораду твайму, каб пакрыта было злачынства, мера грахоў перапоўнілася і спакутавана віна, і каб прыведзена была вечная праўда і спраўдзіліся ўява і прарок і каб памазаны быў Сьвяты Сьвятых.
25 Дык ведай і разумей: ад часу, як выйдзе загад, каб адбудаваць Ерусалім, да Хрыста Ўладара сем тыдняў і шэсьцьдзясят два тыдні; і вернецца народ і адбудуюцца вуліцы і муры, але ў цяжкія часіны.
26 І як скончацца шэсьцьдзясят два тыдні, аддадзены будзе на сьмерць Хрыстос, і ня будзе; а горад і сьвятыню разбурыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец яго будзе як ад паводкі, і да канца вайны будуць спусташэньні.
27 І зацьвердзіць запавет многім адзін тыдзень, а за паўтыдня спыніцца ахвяра і прынашэньне, і на крыле сьвятыні будзе гідота запусьценьня, пакуль канчатковая вызначаная пагібель не спадобіць спусташальніка».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Данііла, 9 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.