1 Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, гэта хаціна, разваліцца, то маем ад Бога дом нерукатворны, але вечны ў небе.
2 Таму мы цяпер уздыхаем, прагнучы апрануцца ў наша прыстанішча, якое ёсць у небе,
3 каб толькі, і адзетыя, мы не апынуліся голымі.
4 Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца, каб тое, што смяротнае, ахоплена было жыццём.
5 На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.
6 Дзеля таго мы заўсёды радуемся, хоць ведаем, што, пакуль жывем у целе, мы далёкія ад Госпада,
7 бо жывем вераю, а не бачаннем.
8 Мы, аднак, радуемся ды маем добрую волю лепш быць далёкімі ад цела і апынуцца перад Госпадам.
9 І таму імкнемся падабацца Яму, ці мы з Ім, ці далёка ад Яго.
10 Бо ўсе мы мусім з’явіцца перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму плату за тое, што зрабіў ён у целе, — ці добрае, ці ліхое.
11 Дык, ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам мы адкрытыя. Спадзяюся, што і для сумленняў вашых мы адкрытыя.
12 Кажам вам гэта не каб зноў сябе прадставіць вам, але каб даць вам магчымасць пахваліцца намі, каб мелі вы [што сказаць] перад тымі, што хваляцца абліччам, а не сэрцам.
13 Бо калі мы не вылучаемся розумам, дык для Бога; а калі цвярозыя, дык дзеля вас.
14 Бо любоў Хрыста прынукае нас, якія разумеюць, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
15 І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, Хто за іх памёр і ўваскрос.
16 Таму і мы ад гэтага часу не ведаем нікога паводле цела; і калі мы Хрыста спазналі паводле цела, дык ужо ад цяпер не ведаем.
17 Бо хто ў Хрысце, той новае стварэнне; старое мінула, вось, [усё] сталася новае.
18 Усё ж ад Бога, Які пагадзіў нас з Сабою праз [Ісуса] Хрыста і даў нам служэнне прымірэння,
19 бо, вось, Бог у Хрысце пагадзіў свет з Сабою, не ўлічваючы ім злачынстваў іх, ды ўсклаў на нас слова прымірэння.
20 Дык мы замест Хрыста пасланы, як бы Сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім, пагадзіцеся з Богам!
21 Бо Ён Таго, Хто не ведаў граху, учыніў за нас грахом, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.