Гаґея 1 глава

Кніга прарокі Гаґея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Другога году караля Дара, шостага месяца, першага дня месяца, было слова СПАДАРОВА Гаґеям прарокам Зэрувавелю Шэалфіеленку, вайводзе Юдэі, а Ігошуі Егосадачонку, найвышшаму сьвятару, кажучы:
 
У другі год царавання Дарыя, у першы дзень шостага месяца, Госпад прамовіў праз прарока Агея да Зарабабэля, сына Салаціэля, кіраўніка Юды, і да першасвятара Ешуа, сына Ёсэдэка, кажучы:

«Гэтак кажа СПАДАР войскаў, кажучы: "Гэты люд кажа: ’Ня прышла пара, пара, каб станавіць дом СПАДАРОЎ’"».
 
«Вось што кажа Госпад Магуццяў, прамаўляючы: “Народ гэты кажа: не прыйшоў яшчэ час будаваць дом Госпадаў”».

Тады было слова СПАДАРОВА Гаґеям прарокам, кажучы:
 
І прамовіў Госпад праз прарока Агея, кажучы:

«Ці пара вам жыць у шаляваных дамох, а гэты дом спустошаны?»
 
«Ці ж вам час жыць у дамах упрыгожаных, калі гэты дом у руінах?

Затым цяпер гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Зьвярніце сэрца сваё да дарогаў сваіх.
 
Ды цяпер вось што кажа Госпад Магуццяў: “Разважце ў сэрцах вашых шляхі вашы:

Вы сееце шмат, але зьбіраеце мала; ясьце, але вам ня досыць; п’іце, але не праганяеце смагі; адзяіцеся, але вам ня цёпла; хто зарабляе плату, зарабляе да дзіравага капшука».
 
вы сееце многа і збіраеце мала; ясцё і не насычаецеся; п’яце і не п’янееце; апранаецеся і не саграваецеся; і той, хто працуе, каб зарабіць, кідае плату ў дзіравы мяшэчак!”

Гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Зьвярніце сэрца сваё да дарогаў сваіх.
 
Вось што кажа Госпад Магуццяў: “Разважце ў сэрцах вашых шляхі вашы.

Узыйдзіце на гару, і вазіце дзерва, і станавіце дом; і Я буду прыяць яму, і ўслаўлюся, — кажа СПАДАР. —
 
Узыдзіце на гару, загатуйце дрэва і пабудуйце дом, і ён будзе Мне мілы, і ў ім буду праслаўлены, — кажа Госпад.

Глядзіце, каб было шмат, а гля, мала; і як прыносіце двору, Я разьвею тое. Чаму? — агалашае СПАДАР войскаў: — За дом Мой, што спустошаны, а вы бяжыце кажны да дому свайго.
 
Спадзяваліся вы многа, і вось, атрымалася мала, і ўнеслі ў дом, і Я рассеяў гэта. А з якой прычыны? — кажа Госпад Магуццяў, — дзеля Майго дома, што ляжыць у развалінах, і вы кожны спяшаецеся ў дом свой.

Затым неба над вамі заставалася без расы, і зямля заставалася бяз плоду.
 
Таму, вось, нябёсы замкнуты над вамі, каб не спускалі расы, і зямлі забаронена, каб не давала пладоў сваіх.

І Я прыгукаў сухмень на зямлю а на горы а на збожжа а на вінны сок а на аліву а на тое, што выдаець зямля, а на людзёў а на статак а на ўсю гарапашнасьць рук».
 
І Я выклікаў засуху на зямлю, і на горы, і на пшаніцу, і на віно, і на аліўкавы алей, ды на ўсё, што родзіць зямля, і на людзей, і на жывёлу, і на ўсякую працу ручную”».

І паслухалі Зэрувавель Шэалфіеленак а Ігошуа Егосадачонак, найвышшы сьвятар, і ўся астача люду голасу СПАДАРА, Бога свайго, і слоў Гаґея прарокі, бо СПАДАР, Бог іхны, паслаў яго, і люд баяўся СПАДАРА.
 
І Зарабабэль, сын Салаціэля, і першасвятар Ешуа, сын Ёсэдэка, і ўвесь астатак народа пачулі голас Госпада, Бога свайго, і словы прарока Агея, так як Госпад, Бог іх, паслаў яго да іх; і народ праняўся страхам перад Госпадам.

І сказаў Гаґей, пасланец СПАДАРОЎ, з паручэньня СПАДАРОВАГА да люду, кажучы: «Я з вамі», — агалашае СПАДАР.
 
І Агей, пасланец Госпадаў, прамовіў паводле прыказання Госпада, кажучы народу: «“Я з вамі”, — кажа Госпад».

І ўзрушыў СПАДАР дух Зэрувавеля Шэалфіеленка, вайводы Юдэі, а дух Ігошуі Егосадачонка, найвышшага сьвятара, а дух усяго засталага люду, і яны прышлі, і рабілі работу ў доме СПАДАРА войскаў, Бога свайго,
 
Ды ўзбудзіў Госпад дух Зарабабэля, сына Салаціэля, кіраўніка Юды, і дух першасвятара Ешуа, сына Ёсэдэка, і дух усяго астатку народа; і прыйшлі яны, і ўзяліся за будаўніцтва дома Госпада Магуццяў, Бога свайго.

Дваццаць чацьвертага дня шостага месяца, другога году караля Дара.
 
Дваццаць чацвёртага дня шостага месяца, у другі год цара Дарыя.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.