2 Самуйлава 1 глава

Другая кніга Самуйлава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было па сьмерці Саўлы, што Давід зьвярнуўся ад паразы Амалічан і прабыў у Цыклазе два дні.
 
Сталася ж па смерці Саўла, што Давід вярнуўся па перамозе над Амалекам і спыніўся на два дні ў Сікэлазе.

І сталася напазаўтрае, што, вось, прыходзе чалавек із табару ад Саўлы, і адзежа ягоная разьдзертая, і пыл на галаве ў яго, і, як ён прышоў да Давіда, паў на зямлю й пакланіўся.
 
А на трэці дзень з’явіўся нейкі чалавек з лагера Саўла ў падзёртым адзенні і з пасыпанай пылам галавой; і ён, калі падышоў да Давіда, упаў на твар свой і пакланіўся да зямлі.

І сказаў яму Давід: «Скуль ты прышоў?» І сказаў яму: «Я ўцёк із табару Ізраельскага».
 
І Давід запытаўся ў яго: «Адкуль ты прыйшоў?» Ён адказаў яму: «Я ўцёк з лагера ізраэльскага».

І сказаў яму Давід: «Што зьдзеялася? скажы ж імне». І тый сказаў, што люд уцёк ізь бітвы, і таксама шмат пала зь люду а памерла, і таксама Саўла а Ёнафан, сын ягоны, памерлі.
 
І сказаў яму Давід: «Што ж сталася? Скажы мне». Ён кажа: «Людзі паўцякалі з месца бою, і многія з народа, упаўшы, загінулі; таксама Саўл і сын яго Ёнатан загінулі».

І сказаў Давід дзяцюку, што наказаў яму: «Як ты ведаеш, што памер Саўла а Ёнафан, сын ягоны».
 
І спытаўся Давід у юнака, які яму расказваў: «Адкуль ты ведаеш, што памёр Саўл і сын яго, Ёнатан?»

І сказаў дзяцюк, каторы наказаў яму: «Я лучыў, лучыў на гару Ґілвоаскую, і вось, Саўла налёг на сваю дзіду, і вось, адны цялежкі а коньнікі даганялі яго.
 
І юнак, які прынёс яму гэтыя весткі, сказаў: «Я выпадкова ўзышоў на гару Гэльбоэ, і Саўл ляжаў на сваёй дзідзе. А ўжо коннікі і калясніцы даганялі яго,

Тады ён азірнуўся назад, і абачыў мяне, і гукнуў мяне.
 
і ён, аглянуўшыся і ўбачыўшы мяне, паклікаў мяне. Калі я яму адказаў: “Вось я”,

І я сказаў: "Во я!" Ён сказаў імне: "Хто ты?" І я сказаў яму: "Я Амалічанін".
 
ён спытаўся ў мяне: “Хто ты?” І я сказаў яму: “Я з амалекцаў”.

Тады ён сказаў імне: "Стань ля мяне й забі мяне, бо сьмяротная туга абняла мяне, душа мая ўсе яшчэ ў імне".
 
І ён сказаў мне: “Падыдзі да мяне і забі мяне, бо туга смяротная ахапіла мяне, але душа мая ўсё яшчэ ўва мне”.

І я стаў ля яго, і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жыць просьле свайго паду; і ўзяў я карону, што была на галаве ў яго, і бружлет, што быў на руццэ ў яго, і прынёс іх спадару майму сюды».
 
І я, падышоўшы да яго, забіў яго; бо ведаў, што не зможа ён жыць па сваім падзенні. І ўзяў я вянец з галавы яго, і бранзалет з рукі яго, і прынёс іх сюды, да цябе, гаспадара майго».

Тады схапіў Давід адзецьці свае й разьдзер іх, таксама й усі людзі, што былі зь ім.
 
Давід, схапіўшыся за шаты свае, раздзёр іх, і ўсе людзі, якія былі з ім;

І мелі жалобу, і плакалі, і поставалі аж да вечара па Саўлу а сыну ягоным Ёнафану а па людзе СПАДАРОВЫМ, а па доме Ізраельскім, што палі яны ад мяча.
 
і галасілі яны, і плакалі, і пасцілі аж да вечара дзеля Саўла, і дзеля Ёнатана, сына яго, і дзеля народа Госпада, і дзеля дому Ізраэля, бо яны загінулі ад меча.

І сказаў Давід дзяцюку, што наказаў яму: «Скуль ты?» І сказаў: «Я — сын прыходнага, Амалічаніна».
 
І сказаў Давід юнаку, які аб гэтым паведаміў яму: «Адкуль ты?» Ён адказаў: «Я — сын чалавека, прыбыльца з Амалека».

Тады Давід сказаў яму: «Як не баяўся ты падняць руку, каб зьнішчыць памазанца СПАДАРОВАГА?»
 
І сказаў яму Давід: «Як ты адважыўся падняць руку сваю, каб забіць намашчэнца Госпадава?»

І гукнуў Давід аднаго зь дзяцюкоў, і сказаў яму: «Дабліжся й нападзі на яго». І паразіў яго, і ён памер.
 
Дык Давід, паклікаўшы аднаго з юнакоў, загадаў: «Падыдзі і забі яго». І той ударыў яго, і ён памёр.

І сказаў яму Давід: «Кроў твая на галаве тваёй, бо вусны твае сьветчылі на цябе, кажучы: "Я забіў памазанца СПАДАРОВАГА"».
 
І сказаў яму Давід: «Кроў твая — на галаву тваю; бо сказанае табою сведчыла супраць цябе, калі ты казаў: “Я забіў намашчэнца Госпадавага”».

І галасіў Давід гэткім галашэньням па Саўлу а па Ёнафану, сыну ягоным,
 
А Давід аплакваў Саўла і сына яго Ёнатана гэтым жалобным галашэннем,

І сказаў наўчыць сыноў Юдзіных Луку. Вось, ён напісаны ў кнізе Яшара:
 
і загадаў, каб навучылі сыноў Юды гімну луку, як і было запісана ў Кнізе Справядлівага, і сказаў ён:

«Краса твая, о Ізраелю, ранена на вышынях тваіх! як палі дужыя!
 
«Слаўныя твае, Ізраэлю, загінулі на гарах тваіх, як жа маглі загінуць такія мужныя?!

Не наказуйце ў Ґафе, не агалашайце на вуліцах Ашкелону, каб не радаваліся дачкі Пілісцкія, каб не весяліліся надта дачкі неабрэзаных.
 
Не расказвайце гэтага ў Геце і не абвяшчайце аб гэтым на вуліцах Аскалона, каб часам не ўзвесяліліся з-за гэтага дочкі філістынскія, каб не радаваліся дочкі неабрэзаных.

Горы Ґілвоаскія! хай не падзець на вас раса ані дождж, і хай ня будзе палёў з пладамі; бо там ськінены шчыт дужых, шчыт Саўлаў, бы ня быў ён памазаны алеям.
 
Горы Гэльбоэ! Хай не спадзе на вас ані раса, ані дождж і хай не будзе ў вас палёў урадлівых, бо там апаганены шчыт мужных, шчыт Саўла, быццам не быў ён памазаны алеем.

Бяз крыві раненых, бяз туку дужых не адступаў назад лук Ёнафаноў, і меч Саўлаў не зварачаўся пустым.
 
Без крыві забітых, без тлушчу мужных лук Ёнатана ніколі не вяртаўся назад, і меч Саўла не вяртаўся дарма.

Саўла а Ёнафан, любячыя й прыемныя ў жыцьцю сваім, і ў сьмерці сваёй не разлучыліся; быстрэйшыя за арлы, дужшыя за лявы.
 
Саўла і Ёнатана, што любілі адзін аднаго і жылі ў згодзе, смерць таксама не разлучыла іх, хутчэйшых за арлоў і дужэйшых за львоў.

Дачкі Ізраельскія! Плачча па Саўлу, каторы адзяваў вас у шкарлат із прыборамі і ўскладаў залатыя прыборы на адзежы вашыя.
 
Дочкі ізраэльскія, плачце дзеля Саўла, які апранаў вас у раскошныя пурпуровыя шаты, які даваў залатыя аздабленні для ўпрыгожвання вашага.

Як палі дужыя сярод вайны! Ёнафан на вышынях тваіх забіты.
 
Як жа маглі загінуць у баі такія мужныя! Ёнатан забіты на ўзгорках тваіх.

Немарасьць імне па табе, браце мой Ёнафане: ты быў надта прыемны імне; над любоў жаноцкую была імне любоў твая.
 
О, як шкадую цябе, брат мой Ёнатан: ты быў мне вельмі дарагі; любоў твая была для мяне даражэй за любоў жаночую.

Як палі дужыя, і загінулі зброі ваенныя!»
 
Як палеглі героі і загінула зброя баявая!»



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.