2 Самуйлава 1 глава

Другая кніга Самуйлава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І было па сьмерці Саўлы, што Давід зьвярнуўся ад паразы Амалічан і прабыў у Цыклазе два дні.
 
Пасьля сьмерці Саўла, калі Давід вярнуўся ад разгрому Амалікіцянаў і прабыў у Сэкелагу два дні,

І сталася напазаўтрае, што, вось, прыходзе чалавек із табару ад Саўлы, і адзежа ягоная разьдзертая, і пыл на галаве ў яго, і, як ён прышоў да Давіда, паў на зямлю й пакланіўся.
 
вось, на трэці дзень прыходзіць чалавек з табара Саўлавага: вопратка на ім падраная і пыл на галаве ягонай. Прыйшоўшы да Давіда, ён упаў на зямлю і пакланіўся.

І сказаў яму Давід: «Скуль ты прышоў?» І сказаў яму: «Я ўцёк із табару Ізраельскага».
 
І сказаў яму Давід: адкуль ты прыйшоў? І сказаў той: я ўцёк з табара Ізраільскага.

І сказаў яму Давід: «Што зьдзеялася? скажы ж імне». І тый сказаў, што люд уцёк ізь бітвы, і таксама шмат пала зь люду а памерла, і таксама Саўла а Ёнафан, сын ягоны, памерлі.
 
І сказаў яму Давід: што адбылося? раскажы мне. І той сказаў: люд пабег зь бітвы, і мноства зь люду ўпала і памерла, і памерлі і Саўл і сын ягоны Ёнатан.

І сказаў Давід дзяцюку, што наказаў яму: «Як ты ведаеш, што памер Саўла а Ёнафан, сын ягоны».
 
І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: як ты ведаеш, што Саўл і сын яго Ёнатан памерлі?

І сказаў дзяцюк, каторы наказаў яму: «Я лучыў, лучыў на гару Ґілвоаскую, і вось, Саўла налёг на сваю дзіду, і вось, адны цялежкі а коньнікі даганялі яго.
 
і сказаў хлопчык, які расказваў яму: я выпадкова прыйшоў на гару Гэлвуйскую, і вось, Саўл упаў на сваю дзіду, а калясьніцы і верхаўцы даганялі яго.

Тады ён азірнуўся назад, і абачыў мяне, і гукнуў мяне.
 
Тады ён азірнуўся назад і, угледзеўшы мяне, паклікаў мяне.

І я сказаў: "Во я!" Ён сказаў імне: "Хто ты?" І я сказаў яму: "Я Амалічанін".
 
І я сказаў: вось я. Ён сказаў мне: хто ты? І я сказаў яму: я — Амалікіцянін.

Тады ён сказаў імне: "Стань ля мяне й забі мяне, бо сьмяротная туга абняла мяне, душа мая ўсе яшчэ ў імне".
 
Тады ён сказаў мне: падыдзі да мяне і забі мяне, бо скруха сьмяротная агарнула мяне, душа мая ўсё яшчэ ўва мне.

І я стаў ля яго, і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жыць просьле свайго паду; і ўзяў я карону, што была на галаве ў яго, і бружлет, што быў на руццэ ў яго, і прынёс іх спадару майму сюды».
 
І я падышоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жывы пасьля свайго падзеньня; і ўзяў я вянок, які быў на галаве ў яго, і запясьце, якое было на руцэ ў яго, і прынёс іх гаспадару майму сюды.

Тады схапіў Давід адзецьці свае й разьдзер іх, таксама й усі людзі, што былі зь ім.
 
Тады схапіў Давід вопратку сваю і падраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі зь ім,

І мелі жалобу, і плакалі, і поставалі аж да вечара па Саўлу а сыну ягоным Ёнафану а па людзе СПАДАРОВЫМ, а па доме Ізраельскім, што палі яны ад мяча.
 
і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Ёнатана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, што загінулі яны ад меча.

І сказаў Давід дзяцюку, што наказаў яму: «Скуль ты?» І сказаў: «Я — сын прыходнага, Амалічаніна».
 
І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: адкуль ты? і сказаў той: я — сын прыхадня Амалікіцяніна.

Тады Давід сказаў яму: «Як не баяўся ты падняць руку, каб зьнішчыць памазанца СПАДАРОВАГА?»
 
Тады Давід сказаў яму: як не пабаяўся ты падняць руку, каб забіць памазанца Гасподняга?

І гукнуў Давід аднаго зь дзяцюкоў, і сказаў яму: «Дабліжся й нападзі на яго». І паразіў яго, і ён памер.
 
І паклікаў Давід аднаго хлопчыка і сказаў яму: падыдзі, забі яго. І той забіў яго, і ён памёр.

І сказаў яму Давід: «Кроў твая на галаве тваёй, бо вусны твае сьветчылі на цябе, кажучы: "Я забіў памазанца СПАДАРОВАГА"».
 
І сказаў яму Давід: кроў твая на галаве тваёй, бо твае вусны сьведчылі на цябе, калі ты казаў: я забіў памазанца Гасподняга.

І галасіў Давід гэткім галашэньням па Саўлу а па Ёнафану, сыну ягоным,
 
І аплакаў Давід Саўла і сына ягонага Ёнатана гэтаю плачнаю песьняю

І сказаў наўчыць сыноў Юдзіных Луку. Вось, ён напісаны ў кнізе Яшара:
 
і загадаў навучыць сыноў Юдавых луку, як напісана ў кнізе праведнага, і сказаў:

«Краса твая, о Ізраелю, ранена на вышынях тваіх! як палі дужыя!
 
краса твая, о Ізраіле, разьбітая на вышынях тваіх! як загінулі моцныя!

Не наказуйце ў Ґафе, не агалашайце на вуліцах Ашкелону, каб не радаваліся дачкі Пілісцкія, каб не весяліліся надта дачкі неабрэзаных.
 
Не расказвайце ў Гэце, не абвяшчайце на вуліцах Аскалона, каб ня радаваліся дочкі Філістымлянаў, каб не весяліліся дочкі неабрэзаных.

Горы Ґілвоаскія! хай не падзець на вас раса ані дождж, і хай ня будзе палёў з пладамі; бо там ськінены шчыт дужых, шчыт Саўлаў, бы ня быў ён памазаны алеям.
 
Горы Гэлвуйскія! ні раса, ні дождж на вас, хай ня будзе на вас палёў з пладамі, бо там павалены шчыт моцных, шчыт Саўла, як бы ня быў ён памазаны алеем.

Бяз крыві раненых, бяз туку дужых не адступаў назад лук Ёнафаноў, і меч Саўлаў не зварачаўся пустым.
 
Бяз крыві параненых, бяз тлушчу моцных лук Ёнатана не вяртаўся назад, і меч Саўлаў не вяртаўся марна.

Саўла а Ёнафан, любячыя й прыемныя ў жыцьцю сваім, і ў сьмерці сваёй не разлучыліся; быстрэйшыя за арлы, дужшыя за лявы.
 
Саўл і Ёнатан, любасныя і згодныя ў жыцьці сваім, не разлучыліся і ў сьмерці сваёй; імклівейшыя за арлоў, дужэйшыя за львоў яны былі.

Дачкі Ізраельскія! Плачча па Саўлу, каторы адзяваў вас у шкарлат із прыборамі і ўскладаў залатыя прыборы на адзежы вашыя.
 
Дочкі Ізраільскія! плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру з акрасамі і здабываў на вопратку вашую залатыя аздобы.

Як палі дужыя сярод вайны! Ёнафан на вышынях тваіх забіты.
 
Як загінулі моцныя ў бітве! Забіты Ёнатан на вышынях тваіх.

Немарасьць імне па табе, браце мой Ёнафане: ты быў надта прыемны імне; над любоў жаноцкую была імне любоў твая.
 
Смуткую па табе, браце мой Ёнатане; ты быў вельмі дарагі мне; любоў твая была мне вышэйшая за любоў жаночую.

Як палі дужыя, і загінулі зброі ваенныя!»
 
Як загінулі моцныя, загінула зброя баявая!



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.