Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Нээміі 8 Нээміі 8 раздзел

1 І сабраўся народ, як адзін чалавек, на плошчы, якая перад Брамай Воднаю, і сказалі Эзры кніжніку, каб прынёс кнігу Закону Майсея, якую ГОСПАД загадаў [выконваць] Ізраілю.
2 І прынёс Эзра сьвятар Закон перад аблічча царквы, [што складалася] з мужчынаў і жанчынаў, і ўсіх, якія разумелі чытанае, у першы дзень сёмага месяца;
3 і чытаў з яго на плошчы, якая перад Брамай Воднаю, ад сьвітанку аж да паўдня перад мужчынамі, жанчынамі і ўсімі, якія разумелі; і вушы ўсяго народу [былі зьвернуты] да кнігі Закону.
4 І стаяў кніжнік Эзра на ўзвышэньні драўляным, якое зрабілі дзеля гэтага; і стаялі каля яго: праваруч яго — Матытыя, Шэмая, Аная, Урыя, Хількія і Маасэя, а леваруч яго — Пэдая, Мішаэль, Малкія, Хашум, Хашбадана, Захарыя і Мэшулям.
5 І разгарнуў Эзра кнігу на вачах усяго народу, бо ён стаяў па-над усім народам; і калі ён разгарнуў яе, устаў увесь народ.
6 І дабраславіў Эзра ГОСПАДА, Бога вялікага. І ўвесь народ адказаў: «Амэн, амэн», падымаючы рукі свае; і пакланіліся, і схіліліся перад ГОСПАДАМ абліччамі да зямлі.
7 І Ешуа, Бані, Шэрэвія, Ямін, Аккуў, Шабэтай, Годыя, Маасэя, Кэліта, Азарыя, Ёзавад, Ханан, Пэлая і лявіты тлумачылі народу Закон, а народ [стаяў] на месцы сваім.
8 І чыталі з кнігі Закону Божага, і выразна тлумачылі значэньне, і яны разумелі чытанае.
9 І Нээмія, ён жа Тыршата, і Эзра, сьвятар і кніжнік, і лявіты, якія навучалі народ, сказалі ўсяму народу: «Дзень гэты пасьвячоны ГОСПАДУ, Богу вашаму, ня будзьце ў жалобе і ня плачце», бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону.
10 І сказаў ім [Нээмія]: «Ідзіце, ешце тлустае і піце салодкае, і пасылайце часткі [страваў] тым, якія не прыгатавалі сабе; бо дзень гэты пасьвячоны Госпаду, Богу вашаму. І не сумуйце, бо радасьць ГОСПАДА — гэта апора ваша».
11 І лявіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: «Супакойцеся, бо дзень гэты сьвяты, і не сумуйце».
12 І пайшоў увесь народ есьці і піць, і пасылаць часткі [страваў], і сьвяткаваць з радасьцю вялікай, бо зразумелі словы, якія паведамілі ім.
13 І на другі дзень сабраліся галовы [дамоў] бацькоў народу, сьвятары і лявіты да Эзры кніжніка, каб разважаць словы Закону.
14 І знайшлі напісанае ў Законе, які ГОСПАД загадаў праз рукі Майсея, каб жылі сыны Ізраіля ў буданах у сьвята, якое ў сёмым месяцы.
15 І таму абвясьцілі і паведамілі ў-ва ўсіх гарадах і ў Ерусаліме, кажучы: «Ідзіце ў горы і прынясіце галінкі аліўкавыя і галінкі сасновыя, і галінкі міртавыя, і галінкі пальмавыя, і галінкі дрэваў лісьцястых, і зрабіце буданы згодна з тым, што напісана».
16 І пайшоў народ, і прынесьлі, і зрабілі сабе буданы, кожны на даху сваім, і на панадворках сваіх, і на панадворках Дому Божага, і на плошчы Брамы Воднай, і на плошчы Брамы Эфраіма.
17 І зрабіла буданы ўся царква тых, якія вярнуліся з палону, і жылі ў буданах. Бо не рабілі так сыны Ізраіля ад дзён Егошуа, сына Нуна, аж да дня гэтага. І была радасьць вельмі вялікая.
18 І чыталі з кнігі Закону Божага дзень у дзень, ад першага дня аж да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а ў восьмы дзень [сабралі] ўрачысты сход паводле пастановы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Нээміі, 8 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.