Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

1 летапісаў 15 1-я летапісаў 15 раздзел

1 І пабудаваў ён сабе дамы ў горадзе Давідавым, і падрыхтаваў месца для каўчэга Божага, і ўладзіў для яго скінію.
2 Тады сказаў Давід: ніхто не павінен насіць каўчэга Божага, акрамя лявітаў, бо іх выбраў Гасподзь на тое, каб насіць каўчэг Божы і служыць яму вавекі.
3 І сабраў Давід усіх Ізраільцян у Ерусалім, каб унесьці каўчэг Божы на месца яго, якое ён дзеля яго падрыхтаваў.
4 І склікаў Давід сыноў Ааронавых і лявітаў:
5 з сыноў Каатавых, Урпыіла правадыра і братоў ягоных — сто дваццаць чалавек;
6 з сыноў Мэрарыных, Асаю правадыра і братоў ягоных — дзьвесьце дваццаць чалавек;
7 з сыноў Гірсонавых, Ёіля правадыра і братоў ягоных — сто трыццаць чалавек;
8 з сыноў Элісафанавых, Шэмаю правадыра і братоў ягоных — дзьвесьце;
9 з сыноў Хэўронавых, Эліела правадыра і братоў ягоных — восемдзясят;
10 з сыноў Узіілавых, Амінадава правадыра і братоў ягоных — сто дванаццаць.
11 І паклікаў Давід сьвятароў: Садока і Авіятара, і лявітаў: Урыіла, Асаю, Ёіля, Шэмаю, Эліела і Амінадава,
12 і сказаў ім: вы, начальнікі родаў лявіцкіх, асьвяцецеся самі і браты вашыя, і прынясеце каўчэг Госпада Бога Ізраілевага на месца, якое я падрыхтаваў для яго,
13 бо як раней ня вы гэта рабілі, дык Гасподзь Бог наш пабіў нас за тое, што мы не парупіліся за Яго, як было трэба.
14 І асьвяціліся сьвятары і лявіты дзеля таго, каб несьці каўчэг Госпада Бога Ізраілевага.
15 І панесьлі сыны лявітаў каўчэг Божы, як наказваў Майсей паводле слова Госпада, на плячах, на жэрдзях.
16 І загадаў Давід начальнікам лявітаў паставіць братоў сваіх сьпевакоў з музычнымі інструментамі, з псалтырамі і цытрамі і кімваламі, каб яны гучна ўзьвяшчалі голас радаваньня.
17 І паставілі лявіты Эмана, сына Ёілевага, і з братоў ягоных, Асафа, сына Вэрэхііна, а з сыноў Мэрарыных, братоў іхніх, Этана, сына Кушаі;
18 і зь імі братоў іхніх другарадных: Захара, Бэна, Яазііла, Шэмірамота, Ехііла, Унія, Эліява, Ванэю, Маасэя, Мататыю, Эліфлэуя, Мікнэя і Авэд-Эдома і Еэла, брамнікаў.
19 Эман, Асаф і Этан ігралі гучна на медных кімвалах,
20 а Захар, Азііл, Шэмірамот, Ехііл, Уній, Эліяў, Маасэя і Ванэя — на псалтырах, тонкім голасам.
21 А Мататыя, Эліфлуй, Мікнэй, Авэд-Эдом, Еэл і Азазія — на цытрах, каб рабіць пачатак.
22 А Хэнанія, начальнік лявітаў, быў начальнік сьпеваў, бо быў умельскі ў іх.
23 Вэрэхія і Элкана былі брамнікамі каля каўчэга.
24 Шэванія, Ёсафат, Натанаіл, Амасай, Захар, Ванэя і Эліезэр, сьвятары, трубілі трубамі перад каўчэгам Божым. Авэд-Эдом і Ехія былі брамнікамі каля каўчэга.
25 Так Давід і старэйшыны Ізраілевыя і тысячнікі пайшлі перанесьці каўчэг запавету Гасподняга з дома Авэд-Эдомавага з радасьцю.
26 І калі Бог памагаў лявітам, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, тады закалолі ў ахвяру сем цялят і сем бараноў.
27 Давід быў апрануты ў вісонную вопратку, а таксама і ўсе лявіты, якія несьлі каўчэг, і сьпевакі, і Хананія начальнік музыкантаў і сьпевакоў. А на Давідзе быў яшчэ ільняны эфод.
28 Так увесь Ізраіль уносіў каўчэг запавета Гасподняга з воклічамі, пад гукі рога і труб і кімвалаў, граючы на псалтырах і цытрах.
29 Калі каўчэг запавета Гасподняга ўваходзіў у горад Давідаў, Мэлхола, дачка Саўлава, глядзела ў акно і, убачыўшы цара Давіда, які скакаў і весяліўся, зьнікчэмніла яго ў сэрцы сваім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга летапісаў, 15 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.