Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Судзьдзяў 13 Судзьдзяў 13 раздзел

1 Сыны Ізраілевыя і далей рабілі ліхое перад вачыма Госпада, і аддаў іх Гасподзь у рукі Філістымлянам на сорак гадоў.
2 Тым часам быў чалавек з Цоры, ад племя Данавага, імем Маной; жонка ў яго была няплодная і не радзіла.
3 І зьявіўся анёл Гасподні жонцы і сказаў ёй: вось, ты няплодная і ня родзіш; але зачнеш і народзіш сына;
4 але глядзі, ня пі віна і сікеру і ня еж нічога нячыстага;
5 бо вось, ты зачнеш і народзіш сына, і брытва не кранецца галавы ягонай, бо ад самага чэрава дзіця гэтае будзе назарэем Божым, і ён пачне ратаваць Ізраіля ад рукі Філістымлянаў.
6 Жонка прыйшла і сказала мужу свайму: чалавек Божы прыходзіў да мяне, у якога выгляд, як у анёла Божага, вельмі пачцівы; я ня спыталася ў яго, адкуль ён, і ён не сказаў мне імя свайго;
7 ён сказаў мне: «вось, ты зачнеш і народзіш сына; дык ня пі віна і сікеру і ня еж нічога нячыстага, бо дзіця ад самага чэрава да сьмерці сваёй будзе назарэй Божы».
8 Маной памаліўся Госпаду і сказаў: Госпадзе! няхай прыйдзе зноў да нас чалавек Божы, якога пасылаў Ты, і навучыць нас, што нам рабіць зь дзіцём, якое мае нарадзіцца.
9 І пачуў Бог голас Маноя, і анёл Божы зноў прыйшоў да жонкі, калі яна была ў полі, і Маноя, мужа яе, ня было зь ёю.
10 Жонка адразу пабегла і паведаміла мужу свайму і сказала яму: вось, зьявіўся мне чалавек, які прыходзіў тады.
11 Маной устаў і пайшоў з жонкаю сваёю, і прыйшоў да таго чалавека і сказаў яму: ці той ты чалавек, які гаварыў з гэтаю жанчынаю? Анёл сказаў: я.
12 І сказаў Маной: дык вось, калі спраўдзіцца слова тваё, як нам абыходзіцца зь дзіцём гэтым і што рабіць зь ім?
13 Анёл Гасподні сказаў Маною: хай ён асьцерагаецца ўсяго, пра што я сказаў жонцы;
14 хай ня есьць нічога, што родзіць вінаградная лаза; хай ня п’е віна і сікеру і ня есьць нічога нячыстага і пільнуецца ўсяго, што я загадаў ёй.
15 І сказаў Маной анёлу Гасподняму: дазволь цябе затрымаць, пакуль мы не прыгатуем табе казьляня.
16 Анёл Гасподні сказаў Маною: хоць бы ты і ўтрымаў мяне, але я ня буду есьці хлеба твайго; а калі хочаш учыніць цэласпаленьне Госпаду, дык учыні яго. А Маной жа ня ведаў, што гэта анёл Гасподні.
17 І сказаў Маной анёлу Гасподняму: якое тваё імя? каб мы цябе ўславілі, калі спраўдзіцца слова тваё.
18 Анёл Гасподні сказаў яму: што ты пытаеш пра імя маё? яно цудоўнае.
19 І ўзяў Маной казьляня і хлебнае прынашэньне і ўчыніў Госпаду на камені. І зрабіў Ён цуд, які бачылі Маной і жонка ягоная.
20 Калі полымя пачало падымацца ад ахвярніка да неба, анёл Гасподні падняўся ў полымі ахвярніка. Убачыўшы гэта, Маной і жонка ўпалі тварам на зямлю.
21 І нябачны зрабіўся анёл Гасподні Маною і жонцы ягонай. Тады Маной даведаўся, што гэта анёл Гасподні.
22 І сказаў Маной жонцы сваёй: мабыць, мы памрэм, бо бачылі мы Бога.
23 Жонка яго сказала яму: калі б Гасподзь хацеў сьмерці нашай, дык ня прыняў бы з рук нашых цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня, і не паказаў бы нам усяго таго, і цяпер не адкрыў бы нам гэтага.
24 І нарадзіла жонка сына і дала яму імя: Самсон. І расло дзіця, і дабраслаўляў яго Гасподзь.
25 І пачаў Дух Гасподні дзейнічаць у ім у табары Данавым, паміж Цораю і Эстаолам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Судзьдзяў, 13 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.