Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 13 Суддзяў 13 раздзел

1 І сыны Ізраэля зноў пачалі рабіць ліха перад абліччам Госпада, Які аддаў іх на сорак гадоў у рукі філістынцаў.
2 У Цоры быў нейкі чалавек з пакалення Дана на імя Маноах, які меў бясплодную жонку.
3 З’явіўся Анёл Госпадаў той жанчыне і сказаў ёй: «Вось, ты бясплодная і бяздзетная, але пачнеш і народзіш сына.
4 Дык сцеражыся, каб не піць ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага не есці,
5 бо пачнеш і народзіш сына, галавы якога не дакранецца лязо: ён будзе назірам Божым ад улоння маці і ён пачне выратоўваць Ізраэль з рук філістынцаў».
6 Калі яна прыйшла да мужа, яна сказала яму: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, меў аблічча ён Анёла Госпадавага, што наводзіць вялікі жах. Не пытала я яго, адкуль ён, і не назваў ён мне свайго імя.
7 І ён сказаў мне: “Неўзабаве пачнеш і народзіш сына. Сцеражыся, каб не піць віна і сікеры, і нічога нячыстага не есці, бо хлопец будзе назірам Божым ад улоння маці аж да дня смерці сваёй”».
8 Дык маліўся Маноах Госпаду і казаў: «Прашу Цябе, Госпадзе, хай чалавек Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе зноў і навучыць нас, што мы павінны рабіць з юнаком, які мае нарадзіцца».
9 І выслухаў Госпад просьбу Маноаха, і з’явіўся зноў Анёл Божы жанчыне, якая сядзела ў полі. А мужа яе, Маноаха, не было разам з ёю.
10 Дык яна паспяшалася, і прыбегла да мужа свайго, і паведаміла яму, кажучы: «Вось, з’явіўся мне чалавек, які ў той дзень прыйшоў да мяне».
11 Ён устаў, і пайшоў за жонкай сваёй, і, падышоўшы да чалавека таго, сказаў яму: «Ці ты той, хто размаўляў з жонкай маёй?» А ён адказаў: «Я».
12 Кажа яму Маноах: «Калі споўніцца слова тваё, як нам сябе паводзіць з хлопцам і што маем рабіць?»
13 І сказаў Маноаху Анёл Госпадаў: «Хай усяго таго, аб чым я сказаў жонцы тваёй, яна сцеражэцца;
14 хай не есць нічога, што з вінаграду паходзіць, хай не п’е ані віна, ані сікеры, хай нічога не есць нячыстага, і хай тое, што я загадаў, выконвае».
15 І сказаў Маноах Анёлу Госпадаву: «Дазволь затрымаць цябе, пакуль прыгатуем для цябе казляня з казінага статка».
16 Анёл Госпадаў адказаў яму: «Калі ты мяне затрымаеш, я не буду есці хлеба твайго; а калі хочаш прыгатаваць цэласпаленне, ахвяруй яго Госпаду». І Маноах не ведаў, што гэта Анёл Госпадаў.
17 І сказаў ён яму: «Якое імя тваё, каб, калі слова тваё споўніцца, мы ўшанавалі цябе?»
18 Анёл адказаў яму: «Навошта ты пытаешся пра імя маё? Яно таемнае».
19 Дык прынёс Маноах казляня з казінага статка і ахвяру з ежы і паклаў на скале, ахвяруючы Госпаду, Які творыць цуды; і глядзелі на гэта Маноах і жонка яго.
20 І калі полымя паднялося з ахвярніка ў неба, таксама Анёл Госпадаў падняўся ў полымі. Калі гэта ўбачылі Маноах і жонка яго, упалі з паклонам на зямлю;
21 і ўжо болей не з’яўляўся ім Анёл Госпадаў. Тады зразумеў Маноах, што гэта Анёл Госпадаў,
22 і сказаў жонцы сваёй: «Смерцю мы памром, бо мы бачылі Бога».
23 Адказала яму жонка: «Калі б Госпад хацеў нас забіць, то не прыняў бы з рук нашых цэласпалення і ахвяры з ежы, і не даў бы бачыць нам усяго гэтага, і не сказаў бы нам такіх слоў».
24 Пасля нарадзіла яна сына і назвала яго імем Самсон. І хлопец рос, і дабраслаўляў яго Госпад.
25 І Дух Госпадаў пачаў сыходзіць на яго ў лагеры Дана між Цораю і Эстаолам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 13 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.