Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 21 Суддзяў 21 раздзел

1 Таксама ў Міцпе сыны Ізраэля прысягалі і казалі: «Ніхто з нас не выдасць замуж сваёй дачкі сынам Бэньяміна».
2 І пайшоў народ у Бэтэль, і ў прысутнасці Бога прабылі аж да вечара, галосячы ўголас, і, пачаўшы плакаць, з вялікім лямантам казалі:
3 «Чаму, Госпадзе, Божа Ізраэля, здарылася ў Тваім народзе такое ліха, што сёння не стала ў Ізраэля аднаго калена?»
4 І назаўтра, устаўшы на світанні, паставілі ахвярнік, і ўчынілі на ім ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння,
5 і казалі: «Хто з усіх пакаленняў Ізраэля не прыбыў у войска Госпада?» Бо звязаліся яны вялікаю прысягаю, каб забіць тых, хто адсутнічаў, калі яны былі ў Міцпе.
6 І сыны Ізраэля, пранятыя жалем дзеля брата свайго Бэньяміна, пачалі гаварыць: «Не стала сёння аднаго пакалення ў Ізраэля.
7 Адкуль возьмуць яны жонак? Бо ўсе мы разам прысяглі перад Госпадам, што не дамо ім за жонак дачок нашых».
8 Таму сказалі яны: «Якое з усіх пакаленняў Ізраэля не прыбыло да Госпада ў Міцпу?» І вось, знайшліся жыхары Явіса ў Галаадзе, якія не былі ў войску гэтым,
9 і ў той час, калі яны былі ў Сіло, ніхто з іх там не знаходзіўся.
10 Такім чынам, яны паслалі дзесяць тысяч наймужнейшых ваяроў і загадалі ім: «Ідзіце і забіце жыхароў Явіса Галаадскага вастрыём меча, і жанчын, і дзяцей іх.
11 І вось што вы павінны зрабіць: усіх мужчын і жанчын, якія пазналі мужа, забіце, дзяўчат жа захавайце».
12 І знайшлі яны сярод жыхароў Явіса чатырыста дзяўчат, якія не пазналі мужа, і прывялі іх у лагер у Сіло ў зямлю Ханаан.
13 І яны паслалі пасланцоў да сыноў Бэньяміна, якія былі на скале Рэмон, і загадалі ім, каб аб’явілі ім мір.
14 І вярнуліся сыны Бэньяміна ў той жа час, і далі ім жонак з дачок Явіса Галаадскага, іншых жа яны не знайшлі, каб аддаць такім чынам.
15 І ўвесь Ізраэль моцна сумаваў і раскайваўся адносна забойства аднаго з пакаленняў Ізраэля.
16 І сказалі старэйшыны: «Што зробім з астатнімі, якія не атрымалі жонак? Усе жанчыны ў Бэньяміна загінулі, і ў нас ёсць вялікі клопат, а гэта трэба прадугледзець з вялікай стараннасцю,
17 каб не прапала адно пакаленне ў Ізраэля.
18 Дачок сваіх не можам ім даць, звязаныя гэтай прысягаю: “Пракляты, хто аддасць дачку сваю за жонку Бэньяміну!”»
19 І зрабілі нараду і вырашылі: «Вось, кожны год бывае свята Госпадава ў Сіло, што на поўнач ад горада Бэтэль, а на ўсход ад дарогі, што ідзе з Бэтэля ў Сіхэм, і на поўдзень ад горада Лебны».
20 І загадалі яны сынам Бэньяміна, і сказалі: «Ідзіце і схавайцеся ў вінаградніках;
21 і калі ўбачыце дзяўчат з Сіло, што выйшлі, каб вадзіць карагоды згодна звычаю, выходзьце хутка з вінаграднікаў і хапайце іх, кожны сабе жонку, і вядзіце ў зямлю Бэньяміна.
22 Калі ж бацькі іх і браты прыйдуць да нас жаліцца, мы скажам ім: “Пашкадуйце нас і іх, бо не здабыў ніхто з іх жонку на вайне, а вы таксама калі б ім далі — зграшылі б”».
23 І сыны Бэньяміна зрабілі так, як ім было загадана, і ўзялі жонак па ліку сваім, з тых, якія вадзілі карагоды; і вярнуліся яны ў сваю спадчыну, і адбудавалі сабе гарады, і жылі ў іх.
24 Таксама сыны Ізраэля ў той час вярнуліся адтуль кожны да свайго пакалення і да роду свайго, і пайшлі кожны ў спадчыну сваю.
25 У тыя дні не было цара ў Ізраэлі, але кожны, што яму здавалася слушным, тое і рабіў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 21 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.