Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 4 Суддзяў 4 раздзел

1 Па смерці Эгуда сыны Ізраэля зноў пачалі рабіць ліха перад абліччам Госпада,
2 і аддаў іх Госпад у рукі Явіна, цара Ханаана, які цараваў у Асоры. І кіраўніком войска ён меў Сісару, сам ён жыў у Гарасэт-Гагаіме.
3 І прызывалі сыны Ізраэля Госпада, бо Явін меў дзевяцьсот баявых калясніц з сярпамі і дваццаць гадоў бязлітасна ўціскаў ізраэльцаў.
4 А ў гэты час судзіла Ізраэль Дэбора, прарочыца, жонка Лапідота.
5 І яна спраўляла суд пад пальмаю Дэборы, між Рамаю і Бэтэлем, на гары Эфраім; і прыходзілі да яе сыны Ізраэля на суд.
6 Яна паслала паклікаць Барака, сына Абінаама, з Кадэса Нэфталімава і сказаць яму: «Вось што загадаў табе Госпад, Бог Ізраэля: “Ідзі і вядзі войска на гару Табор, і вазьмі з сабою дзесяць тысяч ваяроў з сыноў Нэфталі і з сыноў Забулона.
7 А я прывяду да цябе да ручая Кісон кіраўніка войска Явіна Сісару і яго калясніцы, і ўсё мноства яго, і аддам яго ў рукі твае”».
8 І адказаў ёй Барак: «Калі ты пойдзеш са мною, я пайду; а калі не пажадаеш ісці са мной, я не пайду».
9 Яна сказала яму: «Хаця я пайду з табою, але на гэтай дарозе ты не здабудзеш славы, бо ў рукі жанчыны аддасць Госпад Сісару». Дык прыгатавалася Дэбора і разам з Баракам вырушыла ў Кадэс.
10 Барак, сабраўшы сыноў Забулона і Нэфталі ў Кадэсе, вырушыў з дзесяццю тысячамі ваяроў, маючы ў таварыстве сваім Дэбору.
11 А Хабэр кінэй, аддзяліўся ад іншых кінэяў, братоў сваіх, сыноў Хабаба, цесця Майсея, і стаў лагерам каля дуба ў Саананіме каля Кадэса.
12 І даведаўся Сісара, што Барак, сын Абінаама, вырушыў на гару Табор,
13 і сабраў Сісара дзевяцьсот баявых калясніц з сярпамі, і ўсе свае дружыны, якія меў, ад Гарасэт-Гагаіма да ручая Кісон.
14 І сказала Дэбора Бараку: «Устань, бо ў гэты дзень аддасць Госпад у рукі твае Сісару. Сам Госпад пойдзе перад табою». Такім чынам, сышоў Барак з гары Табор, і разам з ім дзесяць тысяч ваяроў.
15 І Госпад навёў жах на Сісару, і на ўсе калясніцы яго, і на ўсё мноства войска яго перад вастрыём меча Барака, так што сам Сісара, выскачыўшы з калясніцы, уцякаў пешшу.
16 Барак жа гнаў уцякаючыя калясніцы і войска аж да Гарасэт-Гагаіма, і ўсё мноства войска Сісары загінула.
17 А Сісара ўцякаў пешшу і прыбег да палаткі Ягэлі, жонкі Хабэра кінэя; бо быў мір між Явінам, царом Асора, і домам Хабэра кінэя.
18 Такім чынам, Ягэль, выйшаўшы насустрач Сісару, сказала яму: «Увайдзі да мяне, гаспадар мой; увайдзі, не бойся». Ён увайшоў у палатку яе, і яна накрыла яго кілімам.
19 Ён папрасіў яе: «Дай мне, прашу, крыху вады, бо вельмі смягну». Яна адкрыла бурдзюк з малаком і дала яму напіцца, а потым зноў накрыла яго.
20 І Сісара папрасіў яе: «Пастой каля ўваходу ў палатку, і, калі хто прыйдзе і будзе пытацца ў цябе: “Ці ёсць тут хто?” — ты адкажы: “Нікога няма”».
21 Тады Ягэль, жонка Хабэра, узяла калок ад палаткі, узяўшы разам молат; і ўвайшла таемна і ціха да яго, і ўсклала на скронь галавы яго калок, і, ударыўшы яго молатам, убіла калок у галаву аж да зямлі; а ён аслабеў і памёр, злучыўшы сон са смерцю.
22 А тут Барак, гонячыся за Сісарам, прыйшоў; і Ягэль выйшла да яго і сказала яму: «Хадзем, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш». Ён, калі ўвайшоў да яе, убачыў Сісару, што ляжаў нежывы і з калком, убітым у скронь яго.
23 Такім чынам, у той дзень прынізіў Бог Явіна, цара Ханаана, перад сынамі Ізраэля,
24 якія мацнелі штодзень і цвёрдай рукой уціскалі Явіна, цара Ханаана, пакуль не знішчылі яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 4 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.