Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 8 Суддзяў 8 раздзел

1 І сказалі Гедэону сыны Эфраіма: «Што гэта такое, што нас не захацеў ты браць ваяваць супраць мадыянцаў?» — і моцна з ім спрачаліся, ледзь не ўступаючы ў бойку.
2 Ён ім адказаў: «Ці мог я зрабіць штосьці такое, што вы зрабілі? Ці не лепшы вінаград у Эфраіма, чым у Абіязэра вінаград?
3 У вашыя рукі аддаў Бог князёў мадыянскіх Арэба і Зэба. Што болей мог я зрабіць у параўнанні з вамі?» Калі ён гэта сказаў, супакоіўся дух іх, што абураўся супраць яго.
4 І калі Гедэон прыбыў да Ярдана, перайшоў яго з трымастамі ваярамі, што з ім былі, і ледзь маглі ісці, стомленыя пераследаваннем ворагаў.
5 І сказаў Гедэон жыхарам Сукота: «Дайце, прашу, людзям маім хлеба, бо яны вельмі стаміліся, а я пераследую Зэбаха і Салману, цароў мадыянскіх».
6 Князі Сукота адказалі: «Ці ўжо рукі Зэбаха і Салманы ў тваіх руках, каб мы далі хлеба твайму войску?»
7 Ён ім кажа: «Такім чынам, калі выдасць Госпад Зэбаха і Салману ў рукі мае, я буду малаціць целы вашыя з цернем пустынным і чылімам».
8 І пайшоў адтуль і прыйшоў у Пэнуэль, і падобна прасіў жыхароў тае мясцовасці. І тыя яму адказалі, як адказалі жыхары Сукота.
9 Такім чынам, і ім ён сказаў: «Калі вярнуся ў супакоі, разбуру гэтую вежу».
10 А Зэбах і Салмана адпачывалі ў Каркары з усім сваім войскам, каля пятнаццаці тысяч ваяроў, якія засталіся з усіх дружынаў усходніх народаў, а тых, што загінулі, было сто дваццаць тысяч чалавек, што валодалі мечам.
11 А Гедэон пайшоў шляхам тых, што заставаліся ў палатках на ўсходнім баку Нобэ і Егбаі, і напаў на лагер ворагаў, якія былі бесклапотнымі і не падазравалі нічога дрэннага.
12 І Зэбах і Салмана ўцяклі, а Гедэон іх пераследаваў і схапіў абодвух цароў Мадыяна, Зэбаха і Салману, а ўсё войска іх разбіў.
13 І, вяртаючыся з вайны праз узыходжанне ў Гарэс, Гедэон, сын Ёаса,
14 схапіў юнака з жыхароў Сукота, і выпытаў у яго імёны князёў і старэйшын Сукота, а ён напісаў яму [імёны] сямідзесяці сямі чалавек.
15 І прыйшоў ён да жыхароў Сукота, і сказаў ім: «Вось Зэбах і Салмана, дзеля якіх вы ўпікалі мне, кажучы: “Ці ж рукі Зэбаха і Салманы ўжо ў тваіх руках, каб мы давалі хлеб ваярам тваім, якія зняможаны?”»
16 Такім чынам, схапіў ён старэйшын горада, і церні пустынныя, і чылім і змалаціў з імі жыхароў Сукота.
17 Таксама вежу Пэнуэля разбурыў, забіўшы жыхароў горада.
18 І сказаў Зэбаху і Салмане: «Што гэта за людзі былі, якіх вы забілі ў Таборы?» Яны адказалі: «Яны былі падобныя да цябе, і кожны з іх меў выгляд сына царскага».
19 Ён ім сказаў: «Гэта былі браты мае, сыны маці маёй. Жыве Госпад, калі б вы іх захавалі, то і я вас не забіў бы!»
20 І даў загад Етэру, першароднаму свайму: «Устань і забі іх!» Ён не выцягнуў меча; бо баяўся, бо быў яшчэ малы.
21 І сказалі Зэбах і Салмана: «Ты сам устань і забі нас, бо адпаведна ўзросту чалавека сіла яго». Падняўся Гедэон, і забіў Зэбаха і Салману, і забраў паўмесяцы, якімі былі ўпрыгожаны шыі іх вярблюдаў.
22 І сказалі ізраэльцы Гедэону: «Валадар над намі ты, і сын твой, і сын сына твайго, бо вызваліў ты нас з рук мадыянцаў».
23 Кажа ён ім: «Не буду валадарыць я над вамі, і не будзе валадарыць над вамі мой сын, але будзе валадарыць Госпад».
24 І сказаў ім: «Адну толькі маю просьбу да вас: дайце мне кожны па кольцу з вашай здабычы». Бо звычайна залатыя кольцы насілі ізмаэльцы.
25 Яны адказалі: «Вельмі ахвотна дамо». І, расклаўшы плашч на зямлі, кожны са сваёй здабычы паклаў на ім залатое кольца.
26 І вага патрабаваных кольцаў была тысяча семсот сікляў золата, не ўлічваючы паўмесяцаў, завушніц і пурпуровых шатаў, якія звычайна насілі цары мадыянскія, таксама не ўлічваючы хамутоў вярблюдаў.
27 І з іх зрабіў Гедэон эфод і паставіў яго на радзіме сваёй, у Эфры. І ўвесь Ізраэль чужаложыў там, і сталася гэта для Гедэона і яго сям’і загубай.
28 Зняважыліся ж мадыянцы перад сынамі Ізраэля і не змаглі падняць болей галавы, а зямля сорак гадоў супачывала, калі жыў Гедэон.
29 А Ерабаал, сын Ёаса, пайшоў і жыў у сваім доме;
30 і Гедэон меў семдзесят сыноў, што выйшлі са сцёгнаў яго, бо меў многа жонак.
31 Таксама адна з наложніц яго, якая пражывала ў Сіхэме, нарадзіла яму сына, якому сам ён даў імя Абімэлех.
32 І Гедэон, сын Ёаса, памёр у добрай старасці, і пахаваны быў у магіле Ёаса, бацькі свайго, у Эфры сыноў Абіязэра.
33 А па смерці Гедэона зноў сыны Ізраэля адвярнуліся ад Госпада і паганіліся з Баалам, і паставілі Баал-Бэрыта за бога сабе.
34 І забыліся сыны Ізраэля на Госпада, Бога свайго, Які вызваліў іх з рукі ўсіх ворагаў іх навакол.
35 І не былі яны міласэрнымі з сям’ёй Ерабаала Гедэона, нягледзячы на ўсё дабро, што зрабіў ён для Ізраэля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 8 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.