Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 20 Суддзяў 20 раздзел

1 І выйшлі ўсе сыны Ізраэля, і, як адзін чалавек, сабраліся аднолькава ад Дана да Бээр-Сэбы і з зямлі Галаад да Госпада ў Міцпу.
2 І сабраліся ўсе народы з усіх канцоў Ізраэля і ўсе пакаленні Ізраэля на сход народа Божага: чатырыста тысяч найлепшых ваяроў.
3 І не ўтаілася ад сыноў Бэньяміна, што сабраліся сыны Ізраэля ў Міцпе. І пыталі сыны Ізраэля ў левіта, як такое злачынства адбылося,
4 а ён адказаў: «Прыбыў я са сваёй жонкаю да Габы, што належыць Бэньяміну, і туды накіраваўся.
5 І вось, мужчыны таго горада ноччу абкружылі дом, у якім я начаваў, хочучы мяне забіць, а жонку маю нечуваным гвалтаваннем замучылі: урэшце яна памерла.
6 Яе, прывезеную, я пасёк на кавалкі і паслаў часткі ва ўсе межы пасялення Ізраэля, бо яны ўчынілі ганебнае і агіднае ў Ізраэлі.
7 Прысутныя тут сыны Ізраэля, вырашыце, што вы павінны зрабіць».
8 І выступіў увесь народ, як адзін чалавек, і адказаў: «Не пойдзем мы ў палатку сваю, і ніхто не ўвойдзе ў дом,
9 але супольна выступім супраць Габы паводле жэрабя:
10 з кожнага пакалення Ізраэля выберам дзесяць чалавек са ста, і сто — з тысячы, і тысячу — з дзесяці тысяч, каб яны рупіліся пра харчы для войска, для тых, хто пойдзе, каб аддаць Габе пакалення Бэньяміна адпаведна злачынству, па заслугах».
11 І сышоўся ўвесь Ізраэль супраць таго горада, усе разам, як адзін чалавек, з адною думкаю і з адным рашэннем,
12 і паслалі яны пасланцоў да ўсіх сыноў Бэньяміна, каб тыя сказалі: «Якое злачынства было знойдзена ў вас!
13 Выдайце тых людзей, сыноў Бэліяла з Габы, якія ўчынілі ганьбу, каб былі яны пакараныя смерцю: хай зло будзе вынішчана ў Ізраэлі». Сыны Бэньяміна не хацелі слухаць прыказанне братоў сваіх, сыноў Ізраэля,
14 але яны сабраліся з усіх гарадоў, што былі іх па жэрабі, у Габу, каб дапамагаць ім і ваяваць супраць усяго народа Ізраэля.
15 І ў той дзень налічана было з гарадоў Бэньяміна тых, хто выняў меч, дваццаць шэсць тысяч, апрача жыхароў Габы, якіх было налічана семсот наймужнейшых ваяроў.
16 Ва ўсім гэтым народзе было семсот чалавек адборных, якія карысталіся левай рукой замест правай і кідалі з прашчы камяні так дакладна, што патраплялі нават у волас.
17 Таксама ваяроў Ізраэля без сыноў Бэньяміна налічвалася чатырыста тысяч тых, хто выняў меч, і здольных да бою.
18 Яны паўсталі, і пайшлі ў Бэтэль, і параіліся з Богам, і сказалі: «А хто пойдзе з нас першым у бой супраць сыноў Бэньяміна ў нашым войску?» Госпад ім адказаў: «Юда пойдзе першы».
19 І зараз жа на світанні вырушылі сыны Ізраэля ў дарогу і сталі лагерам насупраць Габы;
20 і адтуль выйшаўшы на бой супраць сыноў Бэньяміна, яны выстраілі баявы строй супраць горада.
21 І ў той дзень сыны Бэньяміна выйшлі з Габы, і забілі з сыноў Ізраэля дваццаць дзве тысячы ваяроў.
22 Зноў сыны Ізраэля набраліся мужнасці і ў тым самым месцы, дзе раней ваявалі, выстраілі строй,
23 а раней пайшлі [у Бэтэль] і плакалі перад абліччам Госпада аж да ночы, і шукалі ў Яго парады, кажучы: «Ці маем мы далей ваяваць з сынамі Бэньяміна, братамі нашымі, ці не?» Госпад ім адказаў: «Ваюйце супраць іх».
24 І калі на другі дзень сыны Ізраэля пайшлі на бой супраць сыноў Бэньяміна,
25 сыны Бэньяміна выйшлі з Габы і, зноў сутыкнуўшыся з імі, у гэты раз забілі васемнаццаць тысяч ізраэльцаў, што вынялі меч.
26 Дзеля таго ўсе сыны Ізраэля, увесь народ, пайшлі ў Бэтэль і, седзячы, плакалі перад Госпадам, і пасцілі ў той дзень аж да вечара, і прыносілі ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння,
27 і пыталіся ў Яго аб сваім становішчы. У той час быў там каўчэг запавету Госпада,
28 служыў перад Госпадам Пінхас, сын Элеязэра, сына Аарона. Такім чынам, раіліся яны з Госпадам і казалі: «Ці павінны мы яшчэ ісці ваяваць супраць сыноў Бэньяміна, братоў нашых, ці павінны мы скарыцца?» Госпад ім адказаў: «Ідзіце ваяваць, бо Я заўтра аддам іх у рукі вашы».
29 Тады сыны Ізраэля паставілі кругом горада засады;
30 і на трэці дзень вывелі яны войска супраць сыноў Бэньяміна, падобна як у першы і другі раз.
31 Але і сыны Бэньяміна мужна напалі з горада і супраціўнікаў, што беглі, пераследавалі даволі доўга, так што ранілі іх, як у першы і другі дзень, і забівалі ўцекачоў на дзвюх дарогах, з якіх адна ідзе ў Бэтэль, а другая — у Габу, і па палях, і забілі каля трыццаці ваяроў;
32 бо думалі сыны Бэньяміна, што, як звычайна, будуць забіваць іх. Ізраэльцы, умела прыкідваючыся, што ўцякаюць, вырашылі адцягнуць іх ад горада і адвесці іх на тыя дарогі.
33 Такім чынам, усе сыны Ізраэля, устаўшы са сваіх месцаў, выстраілі строй у месцы, якое завецца Баал-Тамар. Засады, што былі вакол горада, пачалі паступова выходзіць са сховаў і выступаць ад заходняй часткі горада.
34 Але і іншыя дзесяць тысяч чалавек ад усяго Ізраэля выклікалі жыхароў горада на бой. І пачаўся жорсткі бой супраць сыноў Бэньяміна, і яны не разумелі, што з усіх бакоў ідзе на іх пагібель.
35 І пабіў іх Госпад перад абліччам сыноў Ізраэля, і забілі іх у той дзень дваццаць пяць тысяч сто чалавек, усіх ваяроў і тых, хто выняў меч.
36 Калі ж сыны Бэньяміна ўбачылі, што яны слабейшыя, пачалі ўцякаць. Сыны Ізраэля, бачачы гэта, далі ім прастору для ўцёкаў, каб яны прыйшлі да прыгатаванай засады, якую зрабілі яны каля горада.
37 У той час выступілі тыя, што хаваліся ў засадзе, і напалі на Габу, і, уварваўшыся ў горад, пазабівалі вастрыём меча ўсіх, што былі ў горадзе.
38 А сыны Ізраэля далі знак тым, каго памясцілі ў засадзе, каб пасля яны захапілі горад і падпалілі яго, каб, калі дым вырушыць угору, паказаў, што горад захоплены.
39 Такім чынам, сыны Ізраэля пачалі ўцякаць у самы час бою, і сыны Бэньяміна, думаючы, што яны перамаглі іх, як у папярэднім баі, забілі з іх войска каля трыццаці ваяроў.
40 Калі ж слуп дыму пачаў падымацца ад горада і Бэньямін, таксама азірнуўшыся назад, заўважыў, што полымя ад горада падымаецца ў неба,
41 і калі людзі Ізраэля павярнуліся, людзі Бэньяміна ўстурбаваліся, бо ўбачылі, што яны ахоплены ліхам.
42 І пачалі ўцякаць, і пайшлі дарогай у бок пустыні, але і там супраціўнікі іх таксама пераследавалі іх. Таксама і тыя, што запалілі горад, нападалі на іх.
43 І так сталася, што з абодвух бакоў забівалі іх ворагі і не было для іх ніякага супакою. Забівалі іх аж да ўсходняй часткі горада Габы.
44 Былі ж тыя, каго страціў Бэньямін, васемнаццаць тысяч чалавек, усе ваяры найдужэйшыя.
45 Хто застаўся, той уцёк у пустыню і накіраваўся да скалы пад назваю Рэмон. І, паколькі яны ўсё больш разбрыдаліся, яны іх пераследавалі і забілі на дарогах пяць тысяч чалавек. І калі яны настойліва пераследавалі іх да Гадаама, яны забілі таксама другія дзве тысячы чалавек.
46 І здарылася так, што ўсіх бэньямінцаў палегла ў той дзень у розных месцах дваццаць пяць тысяч ваяроў, што былі цалкам падрыхтаваны да бою.
47 Такім чынам, шэсцьсот чалавек засталіся з усёй колькасці Бэньяміна, якія змаглі ўратавацца і ўцячы ў пустыню, і сядзелі яны на скале Рэмон чатыры месяцы.
48 А сыны Ізраэля вярнуліся і забілі мечам усіх астатніх жыхароў горада, пачынаючы ад мужчын і аж да жывёлы, а ўсе гарады і ваколіцы паглынула ненаеднае полымя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 20 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.