Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 18 Суддзяў 18 раздзел

1 У той час не было цара ў Ізраэлі, і пакаленне Дана шукала сабе зямлю ва ўласнасць, каб жыць на ёй, бо аж да гэтага дня яно не атрымала зямлю сярод іншых пакаленняў.
2 Такім чынам, выправілі сыны Дана са свайго пакалення і сваёй сям’і пяць чалавек, людзей наймужнейшых, з Сараа і Эстаола, каб выведалі зямлю і пільна разгледзелі яе, і сказалі ім: «Ідзіце і выведайце гэтую зямлю». Калі прыйшлі яны на гару Эфраім, аж да дома Міхі, яны там заначавалі.
3 Калі яны былі блізка да дома Міхі, пазналі яны голас юнака левіта і, сышоўшы там з дарогі, спыталіся ў яго: «Хто цябе сюды прывёў? Што ты тут робіш? З якой прычыны захацеў ты сюды прыйсці?»
4 Ён адказаў ім: «Гэта і гэта зрабіў для мяне Міха і за плату наняў мяне, каб я быў яму святаром».
5 І прасілі яны яго, каб параіўся ён з Богам, каб яны маглі ведаць, ці ідуць яны спрыяльнай дарогай і ці будзе справа мець поспех.
6 Ён адказаў ім: «Ідзіце ў супакоі. Госпаду даспадобы дарога ваша і шлях, якім вы накіроўваецеся».
7 Такім чынам, пайшлі тыя пяць чалавек, і прыбылі ў Лаіс, дзе ўбачылі народ, што жыве ў ім без якога-небудзь страху па звычаі сідонцаў, бесклапотны і спакойны, бо не было нікога, хто нападаў бы на іх зямлю; і з вялікімі багаццямі, і далёка ад сідонцаў, і не мелі ніякіх адносін з Сірыяй.
8 І, вярнуўшыся да сваіх братоў у Цору і Эстаол, адказалі яны на пытанне, што зроблена імі:
9 «Устаньце і пойдзем супраць іх. Бо мы бачылі зямлю вельмі багатую і ўраджайную, і вы адмовіцеся ад яе? Не марудзьце; пойдзем і здабудзем яе.
10 Пойдзем да людзей бесклапотных у зямлю найпрасторнейшую. Дасць нам Бог месца, дзе няма ніякай нястачы ні ў чым, што ёсць на зямлі».
11 Дык вырушылі адтуль з пакалення Дана з Цоры і Эстаола, шэсцьсот чалавек, узброеных да бою.
12 Яны пайшлі і сталі лагерам у Карыят-Ярыме ў Юдэі. І тое месца з таго часу ўзяло імя Лагер Дана, і знаходзіцца ззаду ад Карыят-Ярыма.
13 Адсюль пайшлі яны на гару Эфраім. І калі прыйшлі яны аж да дома Міхі,
14 пяць чалавек, якія раней пасланыя былі для выведвання зямлі Лаіс, сказалі братам сваім: «Ці ведаеце, што ў дамах гэтых ёсць эфод, і тэрафім, і выразаны балван, і балван, выліты з металу? Выведайце, што вам падабаецца, каб зрабіць гэта».
15 І калі яны крыху павярнулі, увайшлі яны ў дом юнака левіта, у дом Міхі, і прывіталі яго мірнымі словамі.
16 Шэсцьсот жа чалавек, так як былі ўзброеныя, стаялі перад брамай.
17 А тыя, што ўвайшлі ў дом юнака, узялі выразанага балвана, эфод, тэрафіма і літога з металу балвана. Святар стаяў перад брамай і шэсцьсот ваяроў поруч.
18 І вось, тыя, што ўвайшлі ў дом Міхі, узялі выразаную статую, эфод, тэрафіма і літога з металу балвана. Сказаў ім святар: «Што вы робіце?»
19 Яны яму адказалі: «Маўчы і палажы палец на вусны свае і хадзі з намі, каб мелі мы цябе і за бацьку, і за святара. Як табе лепей: быць святаром у доме аднаго чалавека ці быць святаром у адным пакаленні і родзе ў Ізраэлі?»
20 І ўзрадаваўся святар, і ўзяў эфод і тэрафіма, а таксама выразанага балвана, і пайшоў з народам.
21 Калі яны пайшлі далей, а перад сабою пусцілі ісці дзяцей, і жывёлу, і ўсё, што было ў іх каштоўнага,
22 і, калі яны былі ўжо далёка ад дома Міхі, мужчыны, якія жылі ў ваколіцах каля дома Міхі, сабраліся і дагналі сыноў Дана,
23 і ззаду за імі паднялі крык. Калі яны азірнуліся, сказалі яны Міху: «Што табе? Чаму вы збегліся?»
24 Ён адказаў: «Багоў маіх, якіх я зрабіў сабе, вы забралі, і святара, і ўсё, што маю, і яшчэ кажаце: “Што табе?”»
25 І сказалі яму сыны Дана: «Сцеражыся, каб больш не гаварыць з намі, і каб людзі са злосці не кінуліся на цябе, і каб ты з усім домам тваім не загінуў».
26 І, так пачаўшы шлях, пайшлі яны далей. А Міха, бачачы, што яны мацнейшыя за яго, вярнуўся ў свой дом.
27 А тыя шэсцьсот чалавек узялі тое, што зрабіў Міха, і святара яго, і прыбылі ў Лаіс, да народа спакойнага і бесклапотнага, і пабілі яго мечам, а горад аддалі агню,
28 бо зусім ніхто не мог ім дапамагчы, таму што яны далёка жылі ад Сідона, а да таго не мелі ніякіх адносін і спраў з Сірыяй. Горад жа быў у даліне Бэт-Рэхоб; і яны, адбудаваўшы яго нанова, пасяліліся ў ім,
29 назваўшы горад гэты Дан, ад імя Дана, бацькі свайго, народжанага Ізраэлем; раней гэты горад называўся Лаіс.
30 І яны паставілі сабе выразанага балвана, а Ёнатан, сын Гэрсама, сына Майсея, а таксама сыны яго былі святарамі ў пакаленні Дана аж да дня страты гэтае зямлі;
31 і балван Міхі заставаўся ў іх увесь час, калі дом Божы быў у Сіло.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 18 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.