Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Суддзяў 7 Суддзяў 7 раздзел

1 Дык Ерабаал, або Гедэон, устаўшы пасля ночы, ды ўвесь народ з ім прыйшлі лагерам да крыніцы, якая завецца Харад. Лагер жа мадыянцаў быў на паўночным баку ўзгорка Марэг у даліне.
2 І сказаў Госпад Гедэону: «Залішне народу пры табе, каб у яго рукі выдаў Я мадыянцаў; бо Ізраэль можа прысвоіць сабе славу, кажучы: “Сваімі сіламі вызвалены я”.
3 Скажы народу і аб’яві ўсім, хто слухае: “Хто баіцца і палахлівы, хай той вернецца”». І сышлі яны з гары Галаад, і вярнулася з народу дваццаць дзве тысячы, а засталося толькі дзесяць тысяч.
4 І сказаў зноў Госпад Гедэону: «Яшчэ лішне народу; завядзі яго да вады, і там Я яго выпрабую; і аб кім табе скажу, каб ішоў з табою, той няхай пойдзе, а каму ісці забараню, той няхай вернецца».
5 І калі ён павёў народ да вады, сказаў Госпад Гедэону: «Хто языком будзе хлябтаць ваду, як звычайна сабакі хлебчуць, тых пастаў асобна; а хто ўкленчыўшы будзе піць ваду, таго пастаў на другі бок».
6 Такім чынам, тых, якія пілі ваду, падносячы яе да вуснаў рукой, было трыста чалавек; а ўсё астатняе мноства піло ўкленчыўшы.
7 І кажа Госпад Гедэону: «Трыма сотнямі людзей, якія пілі ваду, Я вызвалю вас і аддам мадыянцаў у руку тваю; а ўсё астатняе мноства хай вернецца ў свае дамы».
8 І ўзялі яны згодна сваёй колькасці ежу і трубы, а ўсяму астатняму мноству загадаў ён вярнуцца ў свае палаткі, а тых трыста чалавек затрымаў пры сабе. Лагер жа мадыянцаў быў пад ім у даліне.
9 Той жа ноччу Госпад сказаў яму: «Устань і ідзі ў лагер, бо Я аддаю яго ў твае рукі.
10 Калі ж баішся ісці адзін, хай ідзе з табою Фара, паслугач твой.
11 І калі ты пачуеш, што яны гавораць, тады ўмацуюцца рукі твае, і ты пойдзеш у лагер ворагаў». Такім чынам, спусціўся ён і паслугач яго Фара ў тую частку лагера, дзе была ўзброеная варта.
12 А мадыянцы, і Амалек, і ўсе ўсходнія народы размясціліся ў даліне, шматлікія, як саранча. Таксама вярблюдаў было без ліку, як пяску, што ляжыць на берагах мора.
13 Калі туды прыйшоў Гедэон, хтосьці расказваў сон суразмоўніку свайму і гаварыў: «Я, вось, бачыў сон, і здавалася мне, што ячны хлеб, спечаны ў прыску, прыкаціўся і спусціўся да лагера мадыянцаў, і, калі дакаціўся да палаткі, ударыў яе, і перавярнуў яе, і цалкам зраўняў з зямлёю».
14 І адказаў той, каму расказваў: «Гэта не што іншае, як меч Гедэона, сына Ёаса, ізраэльца; аддаў Бог у рукі яго мадыянцаў і ўвесь лагер іх».
15 І калі Гедэон пачуў аповед пра сон і яго тлумачэнне, пакланіўся Богу і, вярнуўшыся ў лагер, загадаў: «Устаньце, бо Госпад аддаў у рукі вашыя лагер мадыянцаў».
16 І падзяліў ён трыста чалавек на тры часткі, і даў у рукі іх трубы і пустыя збаны з паходнямі ўсярэдзіне, і сказаў ім:
17 «Глядзіце на мяне і рабіце тое ж самае, што я; я дайду да крайняй часткі лагера, і што я буду рабіць, тое і вы рабіце.
18 Калі затрубіць труба, што ў руцэ маёй і ўсіх тых, хто са мною, вы таксама трубіце кругом лагера і крычыце: “За Госпада і за Гедэона!”»
19 І дайшоў Гедэон і сто мужчын, якія былі з ім, да крайняй часткі лагера ў пачатку сярэдняй начной варты, калі толькі паставілі вартаўнікоў, і затрубілі яны ў трубы, і разбілі збаны.
20 І калі затрубілі ў трубы тры дружыны і разбілі збаны, узялі ў левую руку паходні, а ў правую — трубы, каб імі трубіць, і крычалі: «За Госпада і за Гедэона!»
21 І кожны — на сваім месцы вакол лагера ворагаў. Такім чынам, увесь лагер быў напалоханы і кінуўся ўцякаць з лямантам і крыкамі.
22 І працягвалі тыя трыста чалавек трубіць у трубы. І напусціў Госпад меч на ўвесь лагер, і забівалі яны адзін аднаго, уцякаючы да Бэтсэты, Сарэды і берага Абэл-Мэхолы ў Тэбаце.
23 Сабраліся ж ізраэльцы з пакаленняў Нэфталі і Асэра і з усяго пакалення Манасы і гналіся за мадыянцамі.
24 Гедэон паслаў пасланцоў на ўсе горы Эфраіма, абвяшчаючы: «Выступайце супраць мадыянцаў і займіце воды да Бэтбэры і Ярдана». І сабраліся ўсе сыны Эфраіма, і заступілі броды на Ярдане аж да Бэтбэры.
25 І захапілі яны двух князёў мадыянскіх: Арэба і Зэба, і забілі Арэба на скале Арэб, а Зэба — у давільні Зэб; і гналіся далей за мадыянцамі, а галовы Арэба і Зэба прынеслі Гедэону за раку Ярдан.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Суддзяў, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.