1 А сыны Ізраэля чынілі зло перад абліччам Госпада, і Госпад аддаў іх на сем гадоў у рукі мадыянцаў.
2 І моцна прыціскалі іх мадыянцы. Дык сыны Ізраэля зрабілі сабе сховішчы і пячоры ў гарах і найбяспечнейшыя месцы.
3 І калі ізраэльцы сеялі збожжа, то прыходзілі мадыянцы, і Амалек, і іншыя ўсходнія народы, і хадзілі сярод іх,
4 і ставілі палаткі побач з імі, як быццам былі яны на пашы, і нішчылі ўсё аж да Газы, не пакідаючы для Ізраэля ніякіх сродкаў для жыцця: ані авец, ані валоў, ані аслоў.
5 Бо самі яны прыходзілі разам з усімі сваімі статкамі, і з палаткамі сваімі, і, як саранча, запаўнялі ўсё незлічоным мноствам людзей і вярблюдаў
6 І быў вельмі прыніжаны Ізраэль мадыянцамі. І пачалі Ізраэльцы клікаць Госпада і прасіць
7 аб дапамозе супраць мадыянцаў.
8 Госпад паслаў ім прарока, які сказаў: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я вывеў вас з Егіпта, і вывеў вас з дому няволі,
9 і вызваліў вас з рук егіпцян і ўсіх ворагаў, якія чынілі вам шкоду: і выгнаў іх перад вамі, і аддаў вам зямлю іх”.
10 І Я сказаў: “Я — Госпад, Бог ваш, не пакланяйцеся багам амарэяў, на зямлі якіх пражываеце. А вы не захацелі слухаць голас Мой”».
11 І з’явіўся Анёл Госпадаў, і сеў пад дубам, што быў у Эфры, які належаў Ёасу, бацьку роду Абіязэра. І калі Гедэон, сын яго, малаціў і ачышчаў у давільні збожжа, каб яго схаваць ад мадыянцаў,
12 з’явіўся яму анёл Госпадаў і сказаў: «Госпад з табою, наймужнейшы з людзей!»
13 І Гедэон сказаў яму: «Прабач, гаспадар мой, калі Госпад з намі, чаму прыйшло да нас усё гэта? Дзе цуды Яго, аб якіх расказвалі нам бацькі нашыя, калі казалі: “З Егіпта вывеў нас Госпад”. Цяпер жа пакінуў нас Госпад і аддаў у рукі мадыянцаў».
14 І Госпад глянуў на яго і сказаў: «Ідзі з гэтай сілаю сваёй і вызвалі Ізраэль ад рук мадыянцаў: ведай, што Я пасылаю цябе».
15 Гедэон у адказ сказаў: «Скажы, гаспадар мой, якім чынам вызвалю я Ізраэль? Вось, род мой — найбяднейшы ў пакаленні Манасы, а я апошні ў сям’і бацькі майго».
16 І Госпад адказаў яму: «Я буду з табою, і ты паб’еш мадыянцаў як аднаго чалавека».
17 Адказаў ён Госпаду: «Калі знайшоў я ласку ў Цябе, дай мне знак, што гэта Ты гаворыш са мною.
18 Не адыходзь адсюль, пакуль я не вярнуся і не прынясу ахвяру, каб скласці яе Табе». А Госпад на гэта адказаў: «Я пачакаю твайго прыходу».
19 Такім чынам, Гедэон пайшоў і падрыхтаваў казляня, і праснакоў з эфы мукі, і мяса палажыў у кош, а мясную поліўку — у гаршчок, і прынёс гэта ўсё пад дуб, і ахвяраваў Яму.
20 І сказаў яму анёл Божы: «Вазьмі мяса і хлебныя праснакі і палажы іх на скале той, а поліўкі выліеш зверху». І калі ён зрабіў так,
21 анёл Госпадаў працягнуў канец палкі, якую трымаў у руцэ, і дакрануўся ёю да мяса і хлебных праснакоў; і выйшаў агонь са скалы, і спаліў мяса і хлебныя праснакі; анёл жа Госпадаў знік з вачэй яго.
22 І Гедэон, зразумеўшы, што гэта быў анёл Госпадаў, сказаў: «О Госпадзе, Ты — гаспадар мой, бо я ўбачыў анёла Госпадава твар у твар!»
23 І сказаў яму Госпад: «Супакой табе: не бойся, не памрэш!»
24 Такім чынам, паставіў там Гедэон ахвярнік Госпаду і назваў яго: «Ягвэ-Шалом — Супакой Госпада». Аж па сённяшні дзень ахвярнік гэты ёсць у Эфры, у сыноў Абіязэра.
25 У тую ноч сказаў Госпад Гедэону: «Вазьмі быка бацькі свайго і другога быка, сямігадовага, і разбуры ахвярнік Баала, уласнасць бацькі свайго, і ссячы святы гай, што каля ахвярніка,
26 і пастаў ахвярнік Госпаду, Богу твайму, на вяршыні гэтае скалы, на якой раней учыніў ты ахвярапрынашэнне: і вазьмі таксама другога быка, і ўскладзі цэласпаленне на вогнішчы з дрэў, якія ссячэш у святым гаі».
27 Такім чынам, узяў Гедэон дзесяць чалавек з паслугачоў сваіх, і зрабіў, як загадаў яму Госпад. Але баяўся ён роду бацькі свайго і жыхароў таго горада і не хацеў гэтага рабіць днём, але ўсё выканаў ноччу.
28 І калі раніцай падняліся людзі таго горада, то ўбачылі разбураны ахвярнік Баала, і ссечаны святы гай, і другога бычка, ускладзенага на ахвярнік, што быў тады пабудаваны.
29 І казалі яны адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І калі шукалі яны таго, хто зрабіў гэта, сказалі: «Гедэон, сын Ёаса, зрабіў усё гэта».
30 І сказалі Ёасу: «Выведзі сюды сына свайго, і няхай ён памрэ, бо разбурыў ахвярнік Баала і ссек святы гай».
31 А Ёас адказаў ім: «Няўжо вы будзеце мсціўцамі за Баала, каб змагацца за яго? Хто праціўнік Баала, будзе пакараны да раніцы смерцю; калі ён бог, хай сам адпомсціць за сябе таму, хто разбурыў ахвярнік яго».
32 З таго дня Гедэон быў названы Ерабаал, бо гаварыў Ёас: «Хай Баал помсціць за сябе таму, хто разбурыў ахвярнік яго».
33 Такім чынам, усе мадыянцы, Амалек і ўсходнія народы, сабраліся разам і пераправіліся праз Ярдан, і сталі лагерам у даліне Езрагэль.
34 І Дух Госпада ахапіў Гедэона, і ён затрубіў у рог, і сабраў пры сабе род Абіязэра, каб пайшоў ён за ім.
35 І паслаў ён вестуноў да ўсяго пакалення Манасы, які і сам пайшоў за ім, а таксама паслаў пасланцоў да пакалення Асэра, Забулона і Нэфталі, якія пайшлі, каб з ім злучыцца.
36 І сказаў Гедэон Богу: «Калі хочаш выратаваць Ізраэль праз мяне, як Ты казаў,
37 то я рассцялю на таку стрыжаную воўну і, калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі будзе суха, буду ведаць, што рукою маёй, як Ты сказаў, Ты вызваліш Ізраэль».
38 І так сталася. Устаўшы раніцай і сціснуўшы воўну, ён напоўніў поўную чашу расою.
39 І зноў сказаў Гедэон Богу: «Не гнявіся на мяне, калі я яшчэ раз паспрабую атрымаць знак на воўне. Прашу, каб раніцай была сухой толькі сама воўна, а на ўсёй зямлі хай будзе раса».
40 І ўчыніў Бог ноччу тое, што ён прасіў: толькі сама воўна засталася сухой, а па ўсёй зямлі была раса.
Кніга Суддзяў, 6 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.